Блізкім палітзняволенага Дзяніса Івашына паступаюць пагрозы і просьбы не расказваць пра яго. Інакш абяцаюць арганізаваць «інфармацыйна-камунікацыйную блакаду»: пазбавіць званкоў, лістоў і спатканняў, у тым ліку, з абаронцам. Аднаго доўгатэрміновага і некалькіх кароткатэрміновых Дзяніса ўжо пазбавілі.
«Мы абсалютна сур’ёзна ставімся да такіх пагрозаў, тым больш, што пра падобныя ўльтыматумы кажуць і іншыя сваякі палітвязьняў. <…> Але ў такіх умовах пагаджацца на запалохваньне — значыцца даваць ім у рукі інструмант для далейшага шантажу й ціску. Таму хай не спадзяюцца, калі мелі такі намер».
22 красавіка Дзяніс Івашын мае чарговы раз тэлефанаваць родным.
«Бліжэйшыя дні пакажуць, ці сапраўды адміністрацыя ПК-15 пасылала нам такія ўльтыматыўныя сыгналі, ці гэта проста „добразычліўцы“ стараюцца нам „дапамагчы“. Мы дамаўляліся зь Дзянісам на штотыднёвыя лісты, тэлефанаваньні паводле графіку і пастаянныя сустрэчы з адвакатам. Наяўнасьць усяго гэтага сьведчыць пра тое, што зь ім усё ў парадку. Адсутнасьць хаця б аднаго з гэтых пунктаў будзе сьведчыць пра тое, што супрацоўнікам калёніі ёсьць што хаваць, што яны катуюць Дзяніса і нават зьбіраюцца яго забіць», — лічыць яго жонка Вольга.
Івашын — гродзенскі журналіст-расследавальнік. Асуджаны на 13 гадоў 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч.1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконныя збіранне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці».
Чытайце таксама: Вольга Івашына аб шлюбе праз краты: «Ён шкадуе, што шмат працаваў, а я перастала на тое злавацца»