Ксяндзу Дзянісу Бразінскаму могуць дадаць год пазбаўлення волі - так просіць пракуратура. У судзе Іўеўскага раёна 10 сакавіка 2023 года яго асудзілі да сямі гадоў калоніі. Прычынай стала аварыя, вінаватым якой стаў ксёндз — ён пакінуў паміраючага пасажыра на месцы ДТЗ. Выпадку прысвяціла сюжэт у праграме АТН «Это другое» Ксенія Лебедзева.
Што вядома пра Бразінскага?
- нарадзіўся ў Смаргоні,
- у 17 гадоў пачаў вучыцца ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі,
- з 2016 года служыў у Магілёве, у Фарным касцёле ў Лідзе, у Гродзенскім кафедральным саборы, у Іўі, у Архікафедральным касцёле ў Мінску.
- ксяндза асудзілі па трох артыкулах КК: арт. 317 ч. 4 «Парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе ў стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека»; арт. 159 ч. 3 «Свядомае пакіданне ў небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця і здароўя стан»; арт. 214 ч. 1 «Угон».
Версія суда
Згодна з рашэннем суда, у красавіку 2022 года Дзяніс ноччу, будучы п’яным, скраў аўтамабіль «Volkswagen Jetta». На пасажырскім сядзенні з непрышпіленым рамянём бяспекі быў пасажыр. На дарозе Лубеняты-Галімшчына-Вігушкі з хуткасцю 114 км/г Бразінскі не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет, дзе аўтамабіль неаднаразова перакуліўся.

У пасажыра былі цяжкія цялесныя пашкоджанні. Бразінскі не аказаў яму дапамогі, не паведаміў аб тым, што здарылася, у хуткую, уцёк з месца здзяйснення ДТЗ. Пасажыр памёр.
Акрамя пазбаўлення волі, Бразінскаму на восем гадоў забаранілі займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартам. Таксама ён заплаціць штраф 300 базавых велічынь (11 100 рублёў). На карысць бацькі і брата загінулага ён таксама выплаціць 50 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Віну ксёндз не прызнаў.
Што сказала Лебедзева?
Ксенія Лебедзева некалькі разоў сказала слова «забойства» ў кантэксце таго, што здарылася, хоць гэта зусім іншы артыкул КК. Таксама ўспамінала запаведзь «Не забі». Паводле яе слоў, Бразінскі быў вядомы як «аматар паганяць падшафэ». «Чаму не аштрафавалі раней — пакуль пытанне адкрытае», — задалася пытаннем вядучая.
Паводле яе інфармацыі, увечары 6 красавіка ксёндз Дзяніс Бразінскі адзначаў свой перавод у Мінск. Ён запрасіў некалькі знаёмых. Сярод іх быў і 30-гадовы Міхаіл Точка. Бразільскі ўзяў ключы ад чужога аўтамабіля, каб праехацца. На пасажырскае крэсла сеў Міхаіл. Каля гадзіны ночы здарылася аварыя. Пра яе паведамілі каля шасці раніцы.

Брат Міхаіла Точка Аляксандр распавёў, што на судзе Дзяніс казаў, што пасля аварыі выйшаў з машыны і паслухаў Міхаіла — той не дыхаў і не адгукнуўся.
«А ў цябе ёсць адукацыя медыцынская? З гадзіны ночы да шасці гадзін малады чалавек здаровы праляжаў - проста ў балоце, — абурыўся брат. — Калі падышоў я да яго і ўбачыў цела Мішына. Кулакі яго былі сціснутыя … Разумееце … на той момант я адразу сказаў: „Чалавек жа быў жывы“. Смерць наступіла не імгненна».

Па версіі Лебедзевай, рукі Міхаіла былі сціснутыя, паколькі ён зграбаў зямлю ў апошнія хвіліны жыцця. А Бразінскі не выклікаў хуткую, паколькі гэта магло скампраметаваць яго і каталіцкую царкву, раскрыць парушэнне строгага посту.

Раніцай на медаглядзе ў Бразінскага знайшлі ў крыві 1,49 праміле алкаголю (норма — 0,3 — Hrodna.life), паведаміў брат загінулага. У меддапамозе Дзяніс не меў патрэбы. Ён не памятаў, хто быў за рулём. Экспертыза выявіла, што гэта быў менавіта Дзяніс. Лебедзева заявіла, што мужчына спрабаваў замесці сляды злачынства і шукаў, хто дапаможа яму выцягнуць аўтамабіль.

Сяброўка загінулага Вераніка Дзедуль здзівілася, што ў яго крыві было больш алкаголю, чым у Бразінскага. Паводле яе, да знаёмства з ксяндзом загінулы не ўжываў алкаголь.
Кінулі касцёл
Некалькі герояў праграмы Лебедзевай паведамілі, што перасталі хадзіць у касцёл. Маўляў, прычынай стала тое, што адзін з ксяндзоў на судзе сказаў, што ўжываць алкаголь у пост — не грэх.
«Гэта быў вербны тыдзень таксама, гэта вельмі вялікі пост — ён самы доўгі на працягу года. Калі адбылася гэтая ўся сітуацыя, я думаю, што ў многіх людзей нейкая стала агіда не да касцёла, не да Бога, а да ксяндзоў. Якія ідуць вучацца на ксяндзоў, прыходзяць у касцёл, вучаць нас, звычайных людзей, нечаму, а самі паехалі і зрабілі такое».
Брат загінулага мяркуе, што некаторыя ксяндзы ідуць у касцёл дзеля грошай.
Чытайце таксама: У Іўі асудзілі ксяндза за п’янае ДТЗ са смяротным вынікам