Кнігу “Бовь и мерть в Хротне” выдалі ў выдавецтве “ЛітАры”. Яе аўтар – Дзяніс Трусаў, сын гродзенскага даследчыка архітэктуры Ігара Трусава. Пра сваю новую кнігу аўтар распавёў Hrodna.life.

Кнігу - алюзію на Хантара Томпсана выдалі ў Гродне. Аўтар жыве ў В’етнаме, але змясціў шмат пасхалак пра горад
Кніга Дзяніса Трусава “Бовь и мерть в Хродне”. Крыніца: Старонка Дзяніса Трусава ў Facebook.

“Фармальна кніга – гэткі постамадэрнісцкі, метафізічны дэтэктыў з элементам навуковай фантастыкі, але насамрэч гэта кніга пра станаўленне чалавечай душы, пра самаўсведамленне – чалавечае і нацыянальнае, пра непазбежнасць Бога”, – сказаў Hrodna.life аўтар кнігі Дзяніс Трусаў.

Паводле словаў аўтара, адзін з яго пастаянных чытачоў назваў кнігу “хрысціянскім sci-fi пра аднаўленне дадзеных з воблака”. 

У кнігі складаны лёс

Ідэя кнігі з’явілася ў аўтара ў пачатку 2000-х гадоў. Тады ён пастаянна ездзіў на цягніку паміж Гроднам і Беластокам. “Я напісаў тады старонак 50. І потым мой камп’ютар аддаў канцы, кніга загінула разам з “хардам”. Я пасумаваў, вядома, грунтоўна і вырашыў калі-небудзь зноў вярнуцца да гэтай ідэі”. 

За гэты час Дзяніс Трусаў напісаў і выдаў тры іншыя кнігі. У 2020 годзе ён вярнуўся да задумы і пачаў перапісваць усё спачатку. Скончыў працу над творам ён летам 2022 года.

Як звязана кніга і Хантар Томпсан

Паводле аўтара, назва кнігі “Бовь и мерть в Хротне” – алюзія да рамана “Жах і агіда ў Лас-Вегасе” амерыканскага пісьменніка Хантара Томпсана. Мастачка Марына Барташ, якая ствара вокладку кнігі, зрабіла шрыфт падобным да таго, што быў на постары да аднайменнага фільма з Джоні Дэпам.

“Хротна” гэта Гродна? 

“Горад Хротна ў кнізе з аднаго боку ўмоўны, а з другога – вядомы і пэўны, прысутнічае на кожнай старонцы, гэта хранатоп, гэта сцэна і кулісы падзей, якія адбываюцца ў рамане”, – сказаў Дзяніс Трусаў. 

Паводле словаў аўтара, для гродзенцаў у тэксе шмат пасхалак. Бо для яго Гродна – чароўны, магічны горад, месца, якое жыве ў чалавеку. “Гэта горад, у якім я сфармаваўся як асоба, сустрэў сваіх лепшых сяброў, пазнаў любоў і смерць. Гродна заўсёды быў для мяне шматпланавым, поўным розных сэнсаў – нацыянальных, культурных, рэлігійных, містычных. Гэта і горад памежжа, не толькі адчувальнага але і духоўнага, тут дух такога беларускага “Твін Пікса””. 

Чаму не будзе прэзентацыі

“Мне вельмі важны кантак з чытачамі, я вельмі шчаслівы, што за шматлікія гады ў мяне склалася кола пастаянных чытачоў і слухачоў [Дзяніс Трусаў – лідар музычнага праекта AutonomiconHrodna.life]. Але з-за таго, што я ўжо чвэрць стагоддзя жыву ўдалечыні ад радзімы [у В’етнаме – Hrodna.life], зрабіць прэзентацыю кнігі ў родным горадзе не атрымаецца, хоць і вельмі хочацца”, – сказаў Трусаў.

Прачытаць кнігу таксама можна ў электронным варыянце.