«Гродна Азот» выдаткуе гэтыя грошы на першы этап рэканструкцыі цэха «Аміяк-4». Сродкі прадаставіць група кампаній расійскага экспартнага цэнтра пад даручальніцтва расійскай дзяржаўнай карпарацыі ВЭБ.РФ. Работы па рэканструкцыі таксама цалкам выканае расійская кампанія, а частку працэнтнай стаўкі субсідуюць з дзяржаўнага бюджэту Расіі.

Рэканструкцыя павінна павялічыць выпрацоўку цэхам аміяку і знізіць удзельнае энергаспажыванне. Функцыі банка-агента выконвае банк БелВЭБ. Гэта будзе першы праект, які «Гродна Азот» рэалізуе ў рамках маштабнай інвестыцыйнай праграмы «карты мадэрнізацыі», удакладнілі ў БелВЭБ. У інвестпраграму закладзена абнаўленне дзейных вытворчасцяў і стварэнне новых вытворчасцяў і установак.

Пагадненне аб адкрыцці ААТ «Гродна Азот» крэдытнай лініі з лімітам 3,25 млрд расійскіх рублёў падпісалі 7 красавіка 2023 года. Крэдыт выдаюць на 7 гадоў. Частку працэнтнай стаўкі субсідуюць за кошт сродкаў бюджэту Расійскай Федэрацыі.

«Для беларускіх прадпрыемстваў мы адкрылі дадатковыя магчымасці, якія забяспечваюць доступ да больш выгадных умоў фінансавання закупак высокатэхналагічнай прадукцыі расійскай вытворчасці. Упэўнены, што гэтая інавацыйная схема ўзаемадзеяння будзе спрыяць маштабаванню бізнесу ў сферы расійска-беларускай эканамічнай інтэграцыі», — заявіў старшыня праўлення банка БелВЭБ Васіль Мацюшэўскі.

Банк БелВЭБ плануе стаць цэнтрам каардынацыі групы ВЭБ.РФ па падтрымцы расійска-беларускіх-інтэграцыйных праектаў у Беларусі.

Цэх «Аміяк-4» спыняюць з тэхнічных прычын некалькі разоў на год. Апошні такі перапынак здарыўся 18 сакавіка.

Што ўваходзіць у планы мадэрнізацыі

Пра планы мадернізацыі «Гродна Азот"стала вядома год таму. Яна абыйдзецца ў $ 800 млн.

На прадпрыемства плануюць закупіць 95% расійскага абсталяваная. У «карту мадэрнізацыі» ўваходзіць чатыры буйныя праекты, якія хочуць завяршыць да 2026 года. Паэтапна збіраюцца рэканструяваць цэхі «Аміяк-3» і «Аміяк-4». Кіраўніцтва прадпрыемства вывучае варыянт будаўніцтва цэха карбаміду магутнасцю да 1,5 тыс. т. Для магчымасці дыверсіфікацыі вытворчасці прыступілі да рэалізацыі праекта па выпуску цвёрдага нітрату амонія — аміячнай салетры, расказаў раней Ігар Ляшенка.

«Гродна Азот» і санкцыі

Праз санкцыі США і Еўрасаюза прадпрыемства працавала на ўнутраны рынак. У 2022 «Гродна Азот» трапіў і пад санкцыі Украіны. Перад вайной ён быў для яе найбуйнейшым пастаўшчыком угнаенняў. Санкцыі ў дачыненні да буйнога гродзенскага прадпрыемства, якое належыць дзяржаве, павінны былі пазбавіць беларускія ўлады часткі прыбытку і прымусіць пайсці на дэмакратычныя саступкі. «Гродна Азот» абыходзіў санкцыі праз фірмы-пракладкі.