На беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Казловічы» 20 сакавіка зладзілі «шмон». Кіроўцаў з чаргі выклікаюць у кабінет, апытваюць і правяраюць тэлефон. Паводле версіі кіроўцаў, разам з памежнікамі на мяжы працуе КДБ, паведамляе крыніца Hrodna.life.
У жадаючых перасекчы мяжу старанна правяраюць аўтамабілі, чытаюць тэлефоны, выварочваюць кішэні. Такім чынам 20 сакавіка правяраюць кожнага, хто заехаў у пункт пропуску. Падстаў і прычын праверак не назвалі. Стрэсуюць і супрацоўнікі пункта пропуску, якія працуюць разам з КДБ.
Падобная сітуацыя была ў пачатку сакавіка. Напрыклад, у Беняконях затрымалі гродзенца, які ехаў у Літву. Некаторыя звязвалі павышаны кантроль з тэрактам у Мачулішчах. Пазней сітуацыя на мяжы нармалізавалася. 19 сакавіка ў Гродне КДБ забіў замежніка, які, па версіі сілавікоў, рыхтаваў тэракт.
UPD 14.40. 19 сакавіка вайскоўцы з аўтаматамі стаялі на выездзе з Гародні і правяралі кожны аўтамабіль, распавяла чытачка MOST.
— Учора было добрае надвор’е і многія з’ехалі з горада на шашлыкі. Мы з сям’ёй таксама вырашылі час правесці за горадам і пасля абеду вярталіся. Былі здзіўлены, калі на ўездзе ў Гродна з боку Сапоцкіна было тры блокпосты. Каля Аўгустоўскага канала адзін быў і два на саміх выездах з горада. Стаялі вайскоўцы з аўтаматамі і біноклямі, якія спынялі ўсе аўтамабілі. Правяралі дакументы. Мы не разумелі, чаму такі дагляд. А калі прыехалі дадому, то даведаліся пра сітуацыю ў горадзе з нейкім «інагентам», — распавяла MOST чытачка з Гродна.