На мяжы ў Беняконях 3 сакавіка затрымалі гродзенца, які ехаў у Літву. Затрыманне адбылося пасля праверкі тэлефона. Мужчыну адвезлі РАУС у Воранава. Гродзенца ўтрымліваюць да суда, які пройдзе ў панядзелак, 6 сакавіка.

Мужчыну будуць судзіць паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць».

На гродзенца пры перасячэнні мяжы складаюць акт мытнага надгляду з-за прыцягнення па арт.23.34 КаАП.

Што вядома?

Пра такія выпадкі паведамляла і «Наша Ніва». Выданне сцвярджае, што пасажыраў, якія ў гэтыя дні выязджаюць з Беларусі за мяжу, узмоцнена правяраюць. Маршруткі ў пункце пропуску «Беняконі» стаяць па некалькі гадзін у чарзе. На допыт выклікаюць усіх мужчын.

З беларускага боку мяжы правяралі не памежнікі - як мяркуецца, КДБшнікі. Апранутыя былі ў цывільнае. На допыт усіх мужчын клікалі ў будынак — у чарзе стаялі і літоўцы. Глядзелі тэлефон — правяралі чаты ў Telegram, загрузкі і спасылкі. Задавалі таксама пытанні: ці служылі, з якой мэтай едзеце ці да каго, ці ёсць від на жыхарства або карта паляка. Рэчы не глядзелі.

З чым звязаная такая праверка, пасажырам не казалі.

UPD 8 сакавіка. Раніцай 7 сакавіка мужчыну адпусцілі пасля 72 гадзін утрымання. Па рашэнні суда яго аштрафавалі ў 15 базавых велічынь (555 рублёў). Тэлефон канфіскавалі. Цягам тыдня на мяжы затрымалі «шмат людзей». У камеры таксама было асаблівае стаўленне: не выдалі матрац і падушку, ноччу будзілі, забаранілі курыць.