Каву ад “Беларуснафты” вырашылі гатаваць на запраўках з зерня ўласнага абсмажвання. Эксперыментальны праект запусцяць у Гродне.
“Беларуснафта” плануе закупляць на біржы буйныя партыі зялёнай кавы і смажыць кававае збожжа самастойна пад брэндам кавярняў на АЗС «Заўжды ЦІКАVА». Ужо абвясцілі тэндэр на закупку абсталявання і збожжа.

Праект плануюць развіваць на пляцоўцы прадпрыемства «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт» сёлета. Гродна выбралі, бо тут існуюць даўнія кававыя традыцыі, патлумачыў намеснік генеральнага дырэктара па забеспячэнні вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі кампаніі Сяргей Каморнікаў.
Зараз на АЗС “Беларуснафты” па ўсёй краіне прадаецца больш за 11 мільёнаў кубкаў гарачых напояў за год. На бліжэйшы час кампанія паставіла задачу дасягнуць узроўню ў 12 мільёнаў кубкаў.
Зараз у сферы грамадскага харчавання на АЗС робяць акцэнт на беларускую кухню, падзяліўся прадстаўнік кампаніі. Напрыклад – кракеты, пызы, “галлё” і дранікі. Пашыраюць асартымент кандытарскіх вырабаў і натуральных напояў. У кампаніі хочуць стварыць фабрыку ўласнай кухні, каб замяніць частку прадуктаў у асартыменце сваімі. Часткова гэта ўжо рэалізуецца.
Таксама пад брэндам “Цікаvа” збіраюцца праводзіць гастрафэсты на топавых аўтазаправачных станцыях з кафэ, размешчаных у зручных лакацыях.
Іншыя эксперыменты “Беларуснафты” ў Гродне
У 2021 годзе «Беларуснафта» адкрыла ў Гродне эксперыментальную краму пад брэндам «Цікаvы» – без запраўкі. Гэта была першая такая крама сеткі ў краіне. Ён пачаў працу ў верасні 2021 года ў дварах спальнага раёна паміж вуліцамі Урублеўскага і Даброўскага, але закрыўся, не прапрацаваўшы і года.
У жніўні 2021 пасля рэканструкцыі адкрылі АЗС на вуліцы Мясніцкай. Там упершыню ў Беларусі пачалі аказваць паслугу запраўкі бытавых газавых балонаў.



