Ксяндза Дзяніса Бразінскага, які ў красавіку 2022 года патрапіў у аварыю і пакінуў на яе месцы паміраючага пасажыра, асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі. Такі вырак вынес суд Іўеўскага раёна 10 сакавіка 2023 года.
Што адбылося
У красавіку 2022 года на трассе Лубяняты — Галімшчына — Вігушкі 30-гадовы Бразінскі за стырном Volkswagen выехаў за праезжую частку. Машына перакулілася некалькі разоў. 31-гадовы пасажыр атрымаў цяжкія траўмы і не мог аказаць сабе дапамогу, а таксама выклікаць хуткую. Кіроўца пакінуў месца здарэння, а пасажыр памёр.
У час следства абвінавачваемы сцярджаў, што не памятае абставіны ДТЗ. Паводле следчых, Бразінскі ўгнаў машыну у свайго сябра, з якім ён у той дзень спажываў алкаголь. Калі ўладальнік аўто сышоў спаць, асуджаны вырашыў скарыстацца аўтамабілем і пакатацца са знаёмым. Поводле экспертызы, у час здарэння аўтамабіль ехаў з хуткасцю 114 км/г замест дазволеных 90.
У чым яго абвінавацілі
Бразінскага абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі.
- арт. 317 ч. 4 (парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека);
- арт. 159 ч. 3 (заведамае пакіданне ў небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця і здароўя стан);
- арт. 214 ч. 1 (угон).
Што вядома пра асуджанага
Ксёндз Дзяніс Бразінскі паходзіць са Смаргоні. У 17 гадоў пачаў навучанне ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Пасля яе сканчэння ў 2016 годзе ён служыў у Магілёве, у 2017−2020 гг. у Фарным касцёле ў Лідзе, потым ў Гродзенскай катэдры, а да лістапада 2021 года — у Іўі. Апошняе месца служэння ксяндза — Архікатэдральны касцёл у Мінску.
UPD. Стала вядома, што пакаранне хочуць узмацніць.