Кампанія OZ супольна з гродзенскай студыяй распрацоўкі настольных гульняў “Кубік” выпусціла новую беларускамоўную гульню “Тутэйшыя”. Яна прысвечана вядомым дзеячам культуры.
Аўтары гульні прапануюць уявіць, што межы часу сцерліся, і выбітныя беларусы розных часоў трапілі ў ХХІ стагоддзе: “Што яны ўбачылі і як адрэагавалі? Як прымянілі свой талент і раскрылі свой характар? У настольнай гульні “Тутэйшыя” вам давядзецца ў ролі знакамітага беларуса адказваць на каверзныя пытанні і адначасова спрабаваць вылічыць, хто з гульцоў з’яўляецца вашым двайніком”.
У гульні можна сустрэць 50 выбітных беларусаў розных часоў, і пабыць у ролі кожнага. На картках – выявы такіх беларускіх дзеячаў, як мастак Марк Шагал, паэт Уладзімір Караткевіч, князеўна Анастасія Слуцкая і многія іншыя. Што б расказала Бона Сфорца ў інтэрв’ю для глянцавага часопіса? Які прынт быў бы на цiшотцы ў Вітаўта? Што б рабіла Вера Харужая падчас зомбі-апакаліпсісу? Трэба зразумець, якога дзеяча абралі вашыя сапернікі, а яны павінны адгадаць, хто вы. Выіграе першы, хто знойдзе свайго двайніка.
Пажаданы ўзрост удзельнікаў гульні — ад 14 гадоў, але строгіх абмежаванняў няма. Гуляць адначасова могуць ад 2 да 6 чалавек. Працягласць – 30-45 хвілін – залежыць ад падрыхтаванасці ўдзельнікаў.
У камплект гульні ўваходзіць:
- 50 картак з вядомымі беларусамі;
- 25 картак з пытаннямі;
- 12 карт выбару;
- брашура з кароткімі біаграфіямі;
- карткі “так” і “не”;
- карткі падабаек;
- правілы гульні.
У “Тутэйшых” можна гуляць і па правілах настольнай гульні “Хто я?”.
Набыць настолку сабе ці ў падарунак можна у фірмовых крамах сеткі, праз дадатак OZ альбо на сайце OZ.by. Кошт гульні – 33,15 рублёў. На сайце OZ гульня побач з пазначкай “Навінка” займела сцяжок “Лідар продажаў”.
Аўтар і кіраўнік праекту – Антон Янкоўскі, дызайнерка і мастачка – Наста Янкоўская, рэдактар і складальнік башуры з правіламі – Дзяніс Вашкевіч. Больш за восем гадоў “Кубік” працаваў афлайн як першая крама-клуб настольных гульняў, паралельна распрацоўваючы настольныя гульні на беларускай мове. Сярод іх – гульня “Паўстанцы”, серыя гульняў для вывучэння беларускай мовы «Мова», аўтарскія гульнёвыя карты з дзеячамі ВКЛ, адноўленая калода гродзенскай фабрыкі ігральных карт «Карты Лапіных». Год таму заснавальнікі “Кубіка” вырашылі закрыць краму і цалкам прысвяціць сябе распрацоўцы настольных гульняў.






