Новую школу ў мікрараёне Грандзічы плануюць адкрыць да пачатку 2023/2024 навучальнага года. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на кіраўніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскай вобласці Руслана Абрамчыка.
«Мы плануем у гэтым годзе да 1 верасня прыйсці з новай школай у горадзе Гродна, у мікрараёне Грандзічы», — сказаў Абрамчык. Ён адзначыў, што сістэма адукацыі ў супрацы з будаўнікамі павінны забяспечыць дзяцей школамі ў крокавай дасяжнасці. Асабліва ў новых мікрараёнах, якія хутка растуць.
Адкрыццё школы пераносяць ужо трэці раз
Адкрыць новую школу ў Грандзічах планавалі ў жніўні 2022 года. Але ў траўні 2022 года паведамілі, што будаўніцтва школы скончаць 31 снежня 2023 года. У канцы снежня 2022 года старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой паабяцаў адкрыць школу ў верасні 2023 года.
Прычынай затрымак будаўніцтва называлі недахоп сродкаў. У жніўні 2022 года ступень гатоўнасці будынка была прыблізна 70%. У 2022 годзе на яго будаўніцтва было прадугледжана выдаткаваць 6 млн рублёў. Пакуль дзеці з Грандзіч ездзяць у школы на Дзевятоўцы — СШ № 32, 27 і 28.
Што вядома пра новую школу
Новая школа будзе разлічана на 44 класы для 1020 вучняў на змену. Установа будзе працаваць у дзве змены. Таксама там размесцяць басейн на 300 кв.м воднай паверхні.
Школы будуюць, а настаўнікі сыходзяць
У 2022 годзе сфера адукацыі ў Беларусі страціла 5 тыс. чалавек. Гродзенская вобласць разам з Магілёўскай і Мінскам сталі «лідарамі» у страце кадраў. Перавышэнне звальненняў над прынятымі супрацоўнікамі было каля 900 чалавек у кожным выпадку.