Імпрэзу «Масленіца па-гродзенску» правядуць у лесапарку Пышкі ў суботу 25 лютага, паведаміў «Гродна Плюс». Падчас свята арганізуюць падворак нацыянальнасцей, кірмаш рамеснікаў, а таксама лёгкаатлетычны крос.
Святкаваць пачнуць у 12:00. Упершыню свята пачнецца з шэсця ад увахода ў лес да галоўнай сцэны. Спальванне пудзіла адбудзецца ў 15:45. Інтэрактыўныя і гандлёвыя пляцоўкі будуць працаваць да 16:00.
У гэтым годзе на імпрэзу прыедуць прадстаўнікі некаторых раёнаў Гродзенскай вобласці, каб паказаць, як прынята праводзіць зіму ў іх рэгіёне. Таксама свае традыцыі развітання з зімой і прывітання вясны пакажуць прадстаўнікі рускай, грузінскай і яўрэйскай дыяспар.
Год таму масленіцу святкавалі ў цэнтры
У 2022 годзе гарадскія чыноўнікі вырашылі адзначаць Масленіцу на плошчы Леніна. Тады святкаванне выпала на 6 сакавіка (паводле традыцыі - за 56 дзён да праваслаўнага Вялікадня).