Навіны

Яшчэ адна «здрада дзяржаве», прысуд за татуіроўкі, звальненні па спісах у «Гроднаэнерга». Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Гродзенскім абласным судзе разгледзяць яшчэ адну справу за «здраду дзяржаве». Паўла Біча асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за дэманстрацыю нацысцкіх татуіровак. У «Гроднаэнерга» звальняюць па спісах — тых, хто ««засвяціўся» ў 2020 годзе. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 6 па 12 лютага.

Затрымалі жыхара Мастоўскага раёна, які спрабаваў уступіць у «Полк Каліноўскага»

28-гадовы жыхар Мастоўскага раёна ў студзені напісаў у чат-бот палка, што хоча прыняць удзел у баявых дзеяннях. У адказ ён атрымаў дакладныя інструкцыі. Пасля гэтага быў затрыманы.

Узбуджана крымінальная справа за ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання. Хлопцу пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Па сцвярджэнні міліцыі, раней ён неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

Як менавіта хлопца знайшлі, у прэс-службе МУС не растлумачылі.

Палітвязень Дзяніс Івашын трапіў у бальніцу

Дзяніс Івашын трапіў у бальніцу пасля этапу ў калонію — у яго была падвышаная тэмпература ў 39 градусаў.

«Карантыну як такога не было, бо ў такім стане Дзяніс, натуральна, адразу патрапіў у шпіталь. Адчуваў сябе надта кепска, нават ня мог нам пісаць. Але нашыя лісты ён атрымаў, то чакаем на вестачку ў хуткім часе. Дзянім знаходзіцца ў 11 атрадзе, то заклікаю пісаць яму з гэтай пазначкай», — напісала яго жонка Вольга.

10 лютага палітвязень выйшаў з лякарні. Ён змешчаны ва ўстаноўлены яму 11 атрад магілёўскай калоніі № 15, дзе будзе адбываць тэрмін ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пакуль больш нічога не вядома, але жонка палітвязня Вольга Івашына спадзяецца, што менавіта папраўлены стан здароўя стаў прычынай накіравання Дзяніса з лякарні ў атрад, паведамляе «Вясна».

Дзяніс Івашын. Фота з архіва Вольгі Івашынай

У Дзятлаве затрыманы Павел Пашукевіч

Яго затрымалі за каментары ў Telegram-чаце «Дятлово для жизни». Верагодна, у дачыненні да яго распачалі справу па арт. 367 КК «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Раней звесткі Паўла размясцілі на праўладным Telegram-канале, які дэананімізуе ўдзельнікаў пратэсту.

Затрыманага судзілі па арт. 19.11 ч. 2 КК «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць» у судзе Дзятлаўскага раёна. Вынікі пакуль невядомыя.

Павел Пашукевіч. Скрыншот Hrodna.life

Палітвязні абскардзяць рашэнне КДБ аб прызнанні «Рабочага Руху» экстрэмісцкім фарміраваннем

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 лютага разгледзяць скаргу на рашэнне КДБ аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем, забароне яго дзейнасці. КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы. Разгляд скаргі будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Заяўнікамі па скарзе выступаюць палітвязні Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімір Жураўкоў, Аляксандр Гашнікаў, Аляксандр Капшуль. Скаргу будзе разглядаць суддзя Таццяна Скапец. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», гэта першая такая скарга на рашэнне КДБ ці МУС на прызнанне экстрэмісцкім фарміраваннем.

Індывідуальны прадпрымальнік з Гродна Антон Янкоўскі - на волі

Пра гэта ён паведаміў у сацсетках.

25 студзеня мужчына быў затрыманы за рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамогі» і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў «ВКонтакте» (арт.19.11 КаАП).

Антон Янкоўскі, заснавальнік крамы-клуба «Кубік» перад закрыццём. Фота: Hrodna.life

Вячаслава Малайчука судзяць за непадпарадкаванне адміністрацыі

Вячаслаў Малейчук. Фота: «Вясна»

Палітвязня абвінавацілі па ч. 2 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі». Яго пачалі судзіць у судзе Ваўкавыскага раёна 10 лютага.

Вячаслаў Малейчук — ураджэнец Піншчыны, экскаватаршчык. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў КК: ч. 1 арт.14 і ч. 1 арт. 289, ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 «Падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму», ч. 3 і ч. 4 арт. 295 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў», ч. 1 арт. 295−3 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў».

Яму прысудзілі 22 гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Ён адбывае пакаранне ў Ваўкавыскай ПК № 11.

У Гродзенскім абласным судзе разгледзяць яшчэ адну справу за «здраду дзяржаве»

Паводле арт. 356 ч.1 КК «Здрада дзяржаве (у рэдакцыі Закона ад 09.01.2019)» абвінавацілі Лешчанку Аляксея Аляксандравіча.

З такімі дадзенымі можна знайсці індывідуальнага прадпрымальніка і ўчастковага міліцыі, які вучыўся на юрыдычным факультэце па спецыяльнасці «Правазнаўства».

Пасяджэнні пачнуцца 13 лютага. Суддзя Мікалай Рачынскі.

Таксама паводле арт. 356 КК абвінавацілі журналіста Дзяніса Івашына і Валерыя Троцкага.

Паўла Біча асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за дэманстрацыю нацысцкіх татуіровак

Прысуд вынеслі ў судзе Кастрычніцкага раёна па арт. 341−1 КК «Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі», паведамляе «Гродно Плюс». Дзяржабвінаваўцам быў Аляксандр Седач, суддзя — Маргарыта Ланцэвіч.

Абвінавачаны ў чэрвені і жніўні 2022 года на тэрыторыі аўтавакзала публічна дэманстраваў іх на адкрытых участках цела, за што двойчы быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. На трэці раз завялі крымінальную справу.

Павел Біч. Фота: «Гродно Плюс»

Намеснік дырэктара па эканамічных пытаннях «АзотСервіс» Алена Навічкова спрабуе аднавіцца на працы праз суд

Пасяджэнне «Аб аднаўленні на працы звольненых; аб спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу; аб кампенсацыі маральнай шкоды па справах аб аднаўленні на працы» пачалося 10 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.

Калі Алена была звольненая, невядома.

Адвакат Соф'і Сапега Антон Гашынскі выказаўся пра перавод падабароннай у Расію

«Яе аддадуць. Але патрымаюць: свабода павінна быць выпакутаваная. Пасля таго як з’явілася інфармацыя пра тое, што пададзены запыт на перавод яе ў Расію для адбыцця пакарання, мне сталі паступаць званкі ад расіян з пагрозамі: „Нам Сапега не патрэбна! Хай застаецца там, мы яе не чакаем!“ Самі разумееце, як там усё „прамыта“. Дарэчы, ведаеце, у чым прыкол? Сафія яшчэ сумнявалася, ці мае сэнс пераводзіцца ў Расію», — распавёў ён выданню «Новая газета».

«Я сваякам тлумачу: рабяты, яна тут з жоўтай нашыўкай экстрэміста ў калоніі, стаўленне да яе ў Беларусі — як да смяротніка, а ў Расійскай Федэрацыі — не».

Наўрад ці Сапезе адмовяць у перакладзе, мяркуе адвакат.

Соф’я Сапега ў Гродзенскім абласным судзе 6 траўня 2022 года. Фота: «Пул 4 регион»

У «Гроднаэнерга» звальняюць па спісах

Пра паступленне свежага спісу кажуць супрацоўнікі «Гроднаэнерга». У спіс трапляюць людзі, якія пасля выбараў 2020 года засвяціліся на мірных акцыях пратэсту ці тыя, хто публічна выказаўся супраць гвалту, праявіў нейкую іншую актыўнасць, паведамляе «Наша Ніва».

Адзін з супрацоўнікаў кажа, што вырашыць пытанне са звальненнем трэба да мая. Людзей са спісу кіраўніцтва выклікае ў кабінет, дзе праводзіць размову, па выніках якой чалавек мусіць звольніцца па пагадненні бакоў. Калі чалавек адмаўляецца — пагражаюць звальненнем па артыкуле. Таксама «нядобранадзейным» грамадзянам не працягваюць кантракты.

Частку супрацоўнікаў проста выклікаюць да начальства, праводзяць размову, але не звальняюць.

Людзі кажуць, што пасля звальнення па палітычных матывах яны больш не могуць уладкавацца на працу ў дзяржаўныя ўстановы.

Іншая крыніца паведамляе, што прынамсі ў некаторых дзяржарганізацыях Гродна кіраўніцтва ўжо пачало збіраць звесткі пра супрацоўнікаў, якія маюць карты паляка або еўрапейскі ВНЖ. Па словах суразмоўцы, пакуль ідзе толькі збор інфармацыі пра такіх асоб, якія далей будуць дзеянні ў гэтым кірунку — не вядома.

«Падпольным займацца цікавей». Незалежны тэатр у Гродне памёр, рэпертуар дзяржаўнага збяднеў

Падпольным тэатрам у Беларусі займацца значна цікавей, чым незалежным тэатрам за мяжой, лічыць крыніца рэдакцыя. Аднак акцёры, якія праявілі грамадзянскую пазіцыю, вымушаныя былі з’ехаць з краіны. У дзяржаўных тэатрах збяднеў рэпертуар. Рэдакцыя Hrodna.life разбіралася, што цяпер адбываецца ў Гродне.

Драмтэатр у Гродне. Фота: Hrodna.life

«Баброўнікі» закрываюцца: у чым прычына, як цяпер патрапіць у Польшчу і што будуць рабіць перавозчыкі?

Рух у пункце пропуску «Баброўнікі» спыніцца 10 лютага ў 12.00 па польскім часе (14.00 у Беларусі). Такое рашэнне прыняў міністр унутраных справаў Польшчы. Чым ён кіраваўся? Як цяпер паедуць рэйсавыя аўтобусы? Якімі шляхамі наогул можна будзе патрапіць у Польшчу? Hrodna.life разабраўся.

Авантура, якая можа скончыцца турмой. Разбіраем «указ аб вяртанні» для палітэмігрантаў

Беларусам, якія пакінулі краіну, прапануюць звярнуцца ў камісію, якая вырашыць, ці можна бяспечна вярнуцца дадому. У склад камісіі ўвайшлі сілавікі на чале з генпракурорам, прадстаўнікі праўладных арганізацый і некалькі прапагандыстаў. Вывучылі ўказ з юрыстам Юліяй Леванчук, каб зразумець, ці можна верыць уладам.

Журналісту Анджэю Пачобуту вынеслі прысуд — 8 гадоў калоніі

Суддзя Дзмітрый Бубенчык асудзіў палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынеслі 8 лютага ў Гродзенскім абласным судзе.

Андрэя абвінавацілі па арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы». Судовыя пасяджэнні былі закрытымі. Па арт. 361 КК яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі, па арт. 130 КК — сем гадоў.

Анджэй Пачобут у судзе. Фота: БелТА

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024