У Грандзічах дабудуюць школу, у Альшанцы паліклініку, а кватэры будуць будаваць для шматдзетных сем’яў і вайскоўцаў. Што і дзе ў Гродзенскай вобласці плануюць узвесці ў 2023 годзе, расказаў “Гродзенскай праўдзе” першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Халімоненка. 

760 кватэр - шматдзетным, 500 - вайскоўцам. Колькі жылля плануюць пабудаваць у Гродзенскай вобласці ў 2023
Будаўніцтва ў Гродне. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: grodnonews.by

Для вайскоўцаў пабудуюць больш за 500 кватэр, а для дзяцей-сірат – 40

Не менш за 465 тыс. кв.м жылля плануюць пабудаваць у Гродзенскай вобласці ў 2023 годзе. З іх 155 тыс. кв.м. пабудуюць з дзяржаўнай падтрымкай.

У прыярытэце – будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў. Для іх пабудуюць не менш за 760 кватэр. Для вайскоўцаў пабудуюць 545 арэндных кватэр. Для дзяцей-сірат – 40 кватэр, 20 з якіх ужо гатовыя. Іх здалі ў эксплуатацыю ў студзені 2023 года ў Шчучыне.

У Скідзелі плануюць здаць 84-кватэрны дом для тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў.

Таксама “Гроднажылбуд” плануе ўзвесці не менш за 100 тыс. кв.м жылля на камерцыйнай аснове.

Колькі будзе каштаваць квадрат: для льготнікаў і на камерцыйнай аснове

У 2023 годзе нарматыў цаны квадрата пры льготным крэдытаванні – 1017 рублёў. Пры дзяржпадтрымцы шматдзетных сем’яў з вясковай мясцовасці – 1179 рублёў. Калі цана будзе вышэй, то розніцу павінен пакрыць сам чалавек з уласных сродкаў альбо з дапамогай камерцыйнага крэдыта.

Цана квадратнага метра жылля на камерцыйнай аснове вышэйшая. У будучым раёне вуліц Соламавай, Хвойнай і Фолюш “Гроднажылбуд” хоча ад 1710 да 1780 рублёў за квадрат.

Дзе пабудуюць школы і садкі

У 2023 годзе плануюць скончыць будаўніцтва школы ў мікрараёне Грандзічы і шматпрофільнай паліклінікі ў Альшанцы.  У Лідзе і Слоніме дабудуюць дзіцячыя садкі. У Грандзічах плануюць пачаць будаваць дзіцячы садок на 335 месцаў, а ў Ашмянах – на 190 месцаў.

У Ваўкавыску плануюць скончыць рэканструкцыю стадыёна СДЮШАР №1, у Лідзе – філіяла Гродзенскай вучэльні алімпійскага рэзерва.

Што ў вобласці будуюць зараз

Сярод маштабных пабудоўваў Халімоненка назваў будаўніцтва анкалагічнага дыспансэра і рэканструкцыю хірургічнага корпуса Гродзенскай універсітэцкай клінікі. У Зельвенскай цэнтральнай раённай больніцы плануюць правесці рэканструкцыю тэрапеўтычнага корпуса пад размяшчэння паліклінікі. 

У Ваўкавыскай раённай бальніцы рэканструююць былыя будынкі тэрапеўтычнага і хірургічнага аддзяленняў для размяшчэння дзіцячай паліклінікі, клініка-дыягнастычнай лабараторыі і кожна-венералагічнага аддзялення.