Палітвязня з Ліды збівалі ў наваполацкай калоніі — суседзі чулі, як ён «лямантаваў». Былы палітвязень распавёў пра збіццё ў шклоўскай калоніі - у тым ліку, памерлага Вітольда Ашурка. Мікалай Аўтуховіч перадаў прывітанне тым, хто яго падтрымлівае. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 16 па 22 студзеня.
Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.
Затрыманні ў вобласці
- Чарговага гродзенца затрымалі пасля вяртання з Польшчы — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП), абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 КК).
- Яшчэ аднаго гродзенца затрымалі за «ўдзел у забароненых чатах», дзе ён заклікаў да звяржэння ўлады, да змены ўлады праз стварэнне дыверсійных груп.
- У Гродне затрымалі прадаўца вэйпаў. На камеру хлопец сказаў, што пасля пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі ў Украіне» напісаў паведамленне ў бот Nexta аб тым, што беларускіх вайскоўцаў адпраўляюць «на Украіну». Сілавікі паведамілі, што яму пагражае арт.361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Таксама ён распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы (ст. 19.11 КаАП). Яго затрымалі прама на працы.
- У Слоніме затрымалі актывіста Алеся Масюка. Яго вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Да суда Алеся змясцілі ў ІЧУ Слоніма, паведамляе «Вясна».
Дзяніса Івашына этапавалі ў магілёўскую калонію
17 студзеня палітвязня адправілі ў папраўчую калонію № 15 Магілёва. Аб гэтым даведалася яго мама Івашына Людміла падчас званка да начальніка гродзенскай турмы Паўла Казакова, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».
Незадоўга да гэтага палітвязень пасля хваробы выйшаў з каранціну ў звычайную камеру. Яго жонка Вольга лічыць, што ў мужа — вірус. Раней у перадачы Івашыну не прынялі аднаразовыя медыцынскія маскі. Таксама ва ўсіх зняволеных у турме забралі таблеткі і вітаміны.
Таксама стала вядома, што Дзянісу Івашыну ў СІЗА ні разу не дазволілі сустрэцца са святаром, хоць у СІЗА ён неаднаразова звяртаўся з такім запытам. Аднак усе звароты, вусныя і пісьмовыя, былі адхіленыя або праігнараваныя.
Дабрачынны фонд развіцця аграбізнесу «АграЭка" — у стадыі ліквідацыі
Арганізацыя знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні Гродзенскага абласнога суда ад 23 снежня 2022 года. Яна прапрацавала больш за 20 гадоў.
Слонімца Паўла Севасцьяна падвергнулі 10 суткам арышту за захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Facebook
20 студзеня ў судзе Слонімскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа слонімца Паўла Севасцьяна паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП, паведамляе «Газета Слонімская».
Суд прызнаў Севасцьяна вінаватым і пакараў 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Паўла Севасцьяна каля яго дома ў Слоніме 11 студзеня. Наступныя суткі слонімец правёў у ізалятары часовага ўтрымання, а пасля суддзя задаволіў яго хадайніцтва аб пошуку адваката да 20 студзеня. З улікам ужо адбытага за кратамі, Паўлу Севасцьяну застаецца яшчэ 9 дзён арышту.
Новыя «экстрэмісты»
Сачаўка Андрэй Сяргеевіч з Гродна 20 студзеня папоўніў спіс «экстрэмістаў».
Гродзенца прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі за лайкі ў «Аднакласніках»
36-гадовага жыхара Гродна Анатоля Ляоніка прызналі вінаватым па двух артыкулах: ч. 2 арт. 367, ч. 2 ст. 368 КК. Прысуд агучыў суддзя Дзмітрый Кедаль.
Ляоніка судзілі за тое, што ён пакінуў у сваім профілі ў «Аднакласніках» публікацыі, якія ўтрымлівалі «зневажальную інфармацыю» пра Лукашэнку. Згодна з пазіцыі абвінавачвання, іх мэтай было публічна нанесці шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады і распаўсюдзіць «заведама ілжывыя» звесткі, нібыта якія прыніжаюць Лукашэнка. Пасты заўважыў падчас маніторынгу супрацоўнік міліцыі, паведамляе «Вясна».
Падчас судовага паседжання Анатоль распавёў, што лайкнуў пасты ў «Аднакласніках» са свайго мабільнага тэлефона — пасля гэтага яны з’яўляліся на яго старонцы. Каб гэта засведчыць, міліцыянты нават правялі «следчы эксперымент». Падчас яго Анатоль «прадэманстраваў свае навыкі карыстальніка сацыяльнай сеткі і паказаў, якім чынам ён адзначаў упадабаныя яму фотавыявы».
Да матэрыялаў справы былі далучаныя скрыншоты публікацый. Сярод іх — выява з «непрыстойным жэстам» у бок Лукашэнкі, некалькі выказванняў, што «форма кіравання ў Рэспубліцы Беларусь — нацысцкая дыктатура, заснаваная на крыві». Верагодна, у некаторых пастах Ляонік назваў Лукашэнку «тэрарыстам» і «фашыстам», бо дзяржаўная экспертыза, якую праводзіла следства, каб пацвердзіць абразу і паклёп, аналізавала менавіта гэтыя словы.
Мінчука другі раз будуць судзіць за злоснае парушэнне рэжыму
У судзе Ваўкавыскага раёна 17 студзеня 2023 года палітвязня Андрэя Навіцкага зноў будуць судзіць па арт. 411 КК. Гэта першы выпадак, калі палітвязня будуць судзіць па гэтым артыкуле другі раз запар, паведамляе «Вясна».
Андрэй Навіцкі - жыхар Мінска, першапачаткова асуджаны да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыі пратэсту 27 верасня 2020 года.
Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах КК — 368 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і асудзілі да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
13 чэрвеня 2022 над ім ужо адбыўся суд па арт.411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Яму прызначылі яшчэ чатыры месяцы пазбаўлення волі і змянілі рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі. З сярэдзіны ліпеня 2022 года Андрэй пачаў адбываць пакаранне ў ваўкавыскай калоніі № 11.
Гродзенская рэгіянальная мытня праводзіць адбор для службы ў пунктах пропуску
Адпаведную аб’яву ведамства да канца студзеня размесціць у 14 газетах Гродзенскай вобласці. На гэта вытрацілі 280 рублёў з рэспубліканскага бюджэту.
Новы «экстрэмісцкі» канал
Telegram-чат «Ивье. НОВОСТИ» прызналі экстрэмісцкім па рашэнні суда Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці ад 10 студзеня 2023 года.
Белтэлерадыёкампанія выдаткуе 150 000 рублёў на вытворчасць і выпуск рэгіянальнай радыёпраграмы кожнай вобласці
Закупка ўключае вытворчасць і выпуск «інфармацыйных, аналітычных, культурна-асветніцкіх, адукацыйных, музычных і іншых» радыёперадач. Перадачы павінны асвятляць «эканамічнае, сацыяльнае, культурнае, спартыўнае жыццё, гісторыю і сучаснасць» Гродзенскай вобласці пры непасрэдным удзеле кіраўніцтва і жыхароў вобласці, заўважыў Telegram-канал «Право имеют».
Паўдзельнічаць у закупцы мае права радыёвяшчальная арганізацыя з пасведчаннем аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ і ліцэнзіяй на вяшчанне радыёпраграмы.
Выканаўца абавязуецца не выкарыстоўваць у радыёперадачах звестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, якія прапагандуюць вайну, гвалт, нацызм, расізм, заклікі да амаральных паводзін, а таксама якія абражаюць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю трэціх асоб.
Штодня павінна выходзіць не менш за адну радыёперадачу хранаметражом ад 5 хвілін і больш на беларускай мове. Сумарны хранаметраж кантэнту на беларускай мове на тыдзень павінен складаць не менш за 60 хвілін. Назвы радыёперадач павінны быць на рускай або беларускай мове.
Інфармацыйныя і аналітычныя радыёперадачы павінны ўключаць у сябе «прамыя лініі» з кіраўніцтвам і спецыялістамі органаў мясцовай улады, арганізацый вобласці. «Прамыя лініі» з кіраўніцтвам і спецыялістамі органаў мясцовай улады, арганізацый вобласці павінны праводзіцца не радзей за раз у месяц.
Усяго выдаткуюць 754 473 рублі з рэспубліканскага бюджэту. Перыяд аказання паслуг — з 1 сакавіка па 31 снежня 2023 года.
На закупку вытворчасці інфармацыйнай тэлеперадачы «Новости региона» выдаткуюць 743 900 рублёў
Закупка ўключае вытворчасць інфармацыйнай тэлеперадачы «Новости региона». Гэта навінавыя сюжэты пра падзеі ў горадзе Гродна і Гродзенскай вобласці — 216 тэлеперадач хронаметражам 10 хвілін і 216 тэлеперадач хронаметражам 15 хвілін.
Тэрмін пастаўкі - з 1 сакавіка па 31 снежня 2023 года. На кожную вобласць выдаткуюць па 148 780 рублёў.
Выканаўца таксама павінен не выкарыстоўваць у тэлеперадачах інфармацыі, якая прапагандуе вайну, гвалт, нацызм, расізм, заклік да амаральных паводзін, а таксама абражае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю трэціх асоб.
Усяго на дзяржаўныя СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе выдаткуюць амаль 140 млн рублёў.
Верагодна, палітвязня Глеба Койпіша падвяргалі адміністрацыйнаму арышту
«Пуцёўка з накіраваннем на 10 дзён. <…> Двойчы на дзень была гімнастыка. Любімае практыкаванне інструктара — ластаўка. Магчыма, гэта супадзенне, але ластаўка ў і выкананні маім і маіх суседзяў заўсёды ўпіралася галавою ў мур.
Жылі седзячы і стоячы. Спалі на цвёрдым — так карысна для храбта. Інструктар падзяліў наш сон на фазы па 2 гадзіны. Каб фазы не пераблыталіся, паміж імі прамаўлялі малітву. Чамусці яна складалася з імені, імені па бацьку, прозвішча, года нараджэння і набора лічб. <…> Мужчына, што выбіваў для нас пуцёўкі, сказаў, што заўсёды рады бачыць. А нейкі чалавек у перадапошні дзень, сказаў, што яшчэ ўбачымся. Гэта прыемна, таму, магчыма, не апошні", — напісаў Койпіш.
Глеба Койпіша ўжо судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Мазырскім раённым судзе ў лістападзе 2022 года, адзначае Telegram-канал «Право имеют».
Айцішнік з Гродна адбывае прысуд у два гады абмежавання волі ў ПУАТ № 21 Мазыра.
Палітвязня з Ліды збівалі ў наваполацкай калоніі
Збіццё як правіла адбываецца ў СІЗА, распавёў былы палітвязень з Гродна Вадзім Хіжнякоў праекту «Мы вернемся». «Чалавека проста два іншых трымаюць, нахіліўшы на стол, і ён б’е па спіне, па ягадзіцах дубінкай з металічным «стрыжнем». Аж да таго, што ў чалавека пачынаюцца крывацёк. <…>
Калі я сядзеў у ПКТ (памяшканне камернага тыпу), я чуў крыкі, калі збівалі аднаго асуджанага палітычнага з Ліды, ён былы супрацоўнік міліцыі. Былы маёр, Пыж’янаў Ігар Юр’евіч. Ён 40 сутак галадаў у знак супраць распачынання новай крымінальнай справы. Яго хацелі прымусіць есці. Калі яго пасадзілі ў штрафны ізалятар, ён крычаў, абураўся, патрабаваў лекара. Бо ён доўга не еў, а там магчымасцяў выходзіць з галадоўкі няма. Ты практычна нічога не можаш есці, акрамя таго, што адміністрацыя дае.
Ён гучна крычаў, патрабаваў. Звяртаўся культурна, ён ніколі не лаяўся. І ў адзін цудоўны момант прыйшлі яго збілі. Гэта было чуваць — ён проста лямантаваў. Мабыць, яго моцна збівалі. Потым у мяне была магчымасць у шпацырным дворыку спытаць, як што. Ён быў у такім затарможаным стане. Хутчэй за ўсё, яму давалі пасля медыкаменты, транквілізатары. Праз 30 секунд на пытанні адказваў. < … > Потым яго этапавалі ў крытую турму".
Ігар Юр’евіч Пыж’янаў — юрыст з Ліды. Да затрымання працаваў у кампаніі «Белтэкс Оптык» намеснікам дырэктара па прававых пытаннях. Раней працаваў у Лідскім РАУС, адкуль сышоў у запас капітанам. Быў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 366 Крымінальнага кодэкса (Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) і прысудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. 25 жніўня 2022 года адбыўся суд па ўзмацненні жорсткасці Ігару пакарання: па рашэнні суддзі Віталя Лапко палітвязня перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Вадзім сцвярджае, што начальнік калоніі асабіста збіваў асуджаных. Па яго словах, некалькі асуджаных скончылі жыццё самагубствам пасля здзекаў. Адзін з іх — 18-гадовы.
Новыя палітвязні
Жыхары Гродзенскай вобласці Максім Палянскі і Руслан Красаў прызнаны палітзняволенымі.
Былы палітвязень распавёў пра збіццё ў шклоўскай калоніі - у тым ліку, памерлага Вітольда Ашурка
«Усе ведаюць імёны, прозвішчы тых, хто забіў, і як, хто там прысутнічаў. Многія чулі, як Вітольда былі. Я наогул не ведаю, чым яны думалі, калі забівалі, навошта, чаму так гучна. Бо звычайна ўсе гэта робяць больш ціха. Я думаю, што па фатаграфіях, відэа, дзе бачныя шнары і як Вітольд падаў, не даводзіцца казаць, што ён сам памёр», — распавёў Віктар Пархімчык «Белсат».
Па словах Віктара Пархімчыка, пра смерць Вітольда стала вядома, бо той «палітычны». Тады як звычайных зэкаў, якія паміраюць у калоніі, ніхто не лічыць, у СМІ інфармацыя пра іх не прасочваецца:
«Звычайна зняволенага адводзяць на „кэпэху“ і там лупяць. Са мной таксама з хіміі заязджаў хлопец, да палітыкі не меў ніякага дачынення, але яму павесілі жоўтую бірку як экстрэмісту за нейкі канфлікт з адміністрацыяй. Яго білі жалезнай вадаправоднай трубой. Мы чулі, як ён крычаў».
Мікалай Аўтуховіч перадаў навагоднія віншаванні тым, хто яго падтрымлівае, праз сваяка
«Няхай бог беражэ вас усіх! Толькі праз цябе магу перадаць віншаванні тым, хто мяне ведае, хто перажывае за мяне, хто падтрымлівае! Хай не хвалююцца за мяне і дзякуй ім вялікі!», — напісаў Мікалай.
«Жаданне ўбачыць Лукашэнку памерлым». У чым абвінавацілі гродзенца, якога асудзілі на 2,5 гады калоніі
Уладальніка гасцініцы для жывёл у Гродне Паўла Свірбутовіча асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за паклёп і абразу Аляксандра Лукашэнкі. «Вясна» апублікавала вытрымкі з заключэння эксперта. Згодна з яго меркаваннем, жаданне ўбачыць Лукашэнку памерлым — парушэнне грамадзянскага этыкета.
У Гродне судзяць журналіста і лідара Саюза палякаў Анджэя Пачобута
У Гродзенскім абласным судзе 16 студзеня пачалі судзіць палітвязня, журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў Анджэя Пачобута. Анджэя абвінавачваюць па арт. 361 КК — Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт.130 КК — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы. Суд зрабілі закрытым.
Пачобут прамываў мазгі актывістам незаконнага Саюза палякаў і скажаў гісторыю, лічаць аўтары дзяржСМІ. Разам з гэтым у іх сюжэтах больш увагі надалі прысутнаму ў судзе часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Беларусі Марціну Вайцяхоўскаму. Аўтары здзівіліся «бязвыплатнай дружбе польскага палітыка і грамадзяніна Беларусі» і пыталіся пра новую вайсковую дактрыну Польшчы. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што прапагандысты распавялі пра суд і як людзі спрабуюць падтрымаць калегу і сябра.
Як працуюць новыя правілы праверкі экскурсаводаў
З 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць адпаведную атэстацыю. Станам на 17 студзеня 2023 года ў Гродзенскай вобласці 125 экскурсаводаў і 19 гідаў-перакладчыкаў маюць прафесійную атэстацыю. Апошняя адбылася ў снежні 2022 года. Тады заяўкі на ўдзел падалі 26 чалавек. З іх прайшлі атэстацыю 19.
У Гродне прадаюць будынак «Польскай Мацежы школьнай» у цэнтры. Арганізацыю ліквідавалі восенню
Будынак «Польскай Мацежы школьнай», размешчаны ў цэнтры горада, выставілі на аўкцыён праз сайт па продажы маёмасці арганізацый-банкрутаў. Пачатковы кошт з ПДВ складае 2,13 млн рублёў. Па ўмовах, калі на таргі зарэгіструецца адзін удзельнік, пры яго згодзе ён атрымае будынак па пачатковай цане, павялічанай на 5%.
Кнігу пра Заходнюю Беларусь прызналі экстрэмісцкай. Яна напісаная паводле дзяржаўных архіваў
Кнігу «Вызваленыя і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 у дакументах беларускіх архіваў» унеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Кнігу выпусцілі ў верасні 2021 года. «Вызваленыя і заняволеныя» — зборнік архіўных дакументаў з беларускіх архіваў, якія распавядаюць пра падзеі верасня 1939 года, пра палітыку «першых Саветаў» у Заходняй Беларусі і пра адносіны людзей да гэтай палітыкі. Кніга выйшла пры дапамозе Цэнтра польска-расійскага дыялогу і ўзаемапавагі.
«Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму». Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэпрэсіі закранулі прадстаўнікоў ці не ўсіх частак грамадства. Асобная хваля рэпрэсій прайшла ў рэлігійнай сферы. У праваслаўных цэрквах здымалі з пасадаў святароў, а мітрапаліта каталіцкай царквы ўвогуле не ўпускалі ў Беларусь. Святароў рэпрэсуюць і зараз. Hrodna.life узгадаў, як гэта выглядала на Гродзеншчыне, і спытаў у тэалагіні і паліталагіні Наталлі Васілевіч, колькі ў краіне незадаволеных святараў і што ім рабіць далей.