Навіны

Смерць у турме, блакаванне Бондаравай, 2,5 года «хіміі» медыку. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

5 студзеня ў турме № 1 Гродна пасля перанесенай пнеўманіі памёр Руслан Карчаўлі. Па патрабаванні Apple Telegram заблакаваў два новых канала Вольгі Бондаравай для прылад iOS. Медыка Антона Навумава 4 студзеня асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 2 па 8 студзеня.

Мікалаю Аўтуховічу не даходзяць лісты. Яму зрабілі аналізы

«Апошнія навіны ад бацькі такія, што яму ствараюцца „спецыяльныя“ ўмовы для таго, каб ён не выходзіў з карцэра. Лісты даходзяць толькі і толькі ад яго маці, але з велізарнай затрымкай у тры тыдні… Бацьку „там“ рабілі аналізы, пра вынікі якіх нічога невядома, і нават адвакату адмовіліся паведаміць іх…», — напісала ягоная дачка.

7 студзеня Мікалай адзначыў у турме 60-годдзе.

Героі года

Польская газета Wyborcza ўнесла Марыю Калеснікаву і Анджэя Пачобута ў спіс герояў і сімвалаў 2022 года.

Анджэй Пачобут. Фота: Wyborcza
Марыя Калеснікава. Фота: Wyborcza

Гродзенцу прысудзілі год «хіміі» за чатыры пратэстных надпісы

Суд Ленінскага раёна Гродна 19 лістапада вынес прысуд часова беспрацоўнаму Дзмітрыю Анчукову. Яго абвінавацілі ў апаганенне збудаванняў і пашкоджанні маёмасці (арт. 341 КК). Справу разглядала суддзя Наталля Горбач, паведамляе «Вясна».

Дзмітрый Анчукоў, паводле следства, нанёс балончыкам чорнага колеру некалькі надпісаў на тарцах дамоў і прыпынках грамадскага транспарту. Яны, на думку следства, абражалі пачуцці грамадзян, дэманстравалі грэбаванне маральнымі каштоўнасцямі і дыскрэдытавалі дзяржаўную ўладу.

Усяго такіх надпісаў ён зрабіў чатыры. І - прычыніў матэрыяльную шкоду камунальным прадпрыемствам на 253 рублі 61 капейку.

Сваю віну Анчукоў у судзе прызнаў, паведаміў, што матэрыяльная шкода кампенсаваная ў поўным аб’ёме.

Грамадскае аб’яднанне «4 рэгіён» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі

Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 12 снежня. Арганізацыя была зарэгістраваная ў 2015 годзе ў Гродне. Чым канкрэтна яна займалася, даведацца не ўдалося.

Гродзенскае грамадскае аб’яднанне «Спартыўны клуб «Гродна Пра Спорт» ліквідавана

Так вырашыў Гродзенскі абласны суд 12 снежня. Арганізацыя была зарэгістраваная ў 2015 годзе па вул. Камунальная, 3.

Затрыманне ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

У Гродне затрымалі былога супрацоўніка ГрДМУ і патолагаанатама

Мужчына распавёў, што размяшчаў на сваёй старонцы матэрыялы «экстрэмісцкага характару» і паабяцаў іх выдаліць.

Па версіі сілавікоў, ён звольніўся з-за палітычнай пазіцыі і шукаў працу не ў дзяржаўнай установе. Але ўжо два гады мужчына беспрацоўны.

Мужчыну жорстка паклалі на зямлю пры затрыманні. Калі яго выводзілі з аўтамабіля, у яго была белая павязка на галаве.

На волю выйшла Таццяна Звярко

Аб гэтым паведамляе dissidentby.

Яе асудзілі ў Лідскім раённым судзе 6 жніўня 2021 года на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Судзілі жанчыну па арт. 369 КК і ч. 1 арт. 368 КК. Пацярпелым аказаўся намеснік начальніка Лідскага РАУС Дзяніс Жынко.

Раней Звярко працавала ў Лідскім райвыканкаме старэйшым інспектарам у аддзеле дакументацыйнага забеспячэння. Яе затрымалі, калі яна была ў дэкрэтным адпачынку.

Таццяна Звярко. Фота: dissidentby

Судовы працэс над Анджэем Пачобутам чарговы раз пераносіцца — цяпер на 16 студзеня

Аб гэтым паведамляе БАЖ.

Раней пачатак працэсу прызначылі на 28 лістапада, але потым працэс адклалі. Анджэй Пачобут за кратамі ўжо амаль два гады — з 25 сакавіка 2021 года.

Затрыманне ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

Затрыманне ў Гродне

Гродзенец на камеру паведаміў, што знаходзіцца ў экстрэмісцкіх Telegram-каналах, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Плана Перамогі», адпраўляў фота ў 2020 годзе ў бот NEXTA.

Затрыманы — 34-гадовы Андрэй Цярэшка, паведамляе «Вясна».

У палітвязня Дзяніса Івашына забралі навагодні малюнак — з-за колеру шарыкаў на ёлцы

«Дзяніс Івашын, як вы ведаеце, няблага малюе. І да сьвятаў намаляваў упрыгожаную ялінку. <…> Ён намаляваў жоўта-блакітныя гірлянды зь белымі да чырвонымі шарамі. Супрацоўнікі гарадзенскай вязьніцы нэўтралізавалі пагрозу найэфектыўнейшым чынам: забралі малюнак», — падзялілася Вольга Івашына, жонка палітвязня.

2,5 года «хіміі» прысудзілі ў Гродне медыку

Антона Навумава 4 студзеня асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Працэс вяла Маргарыта Ланцэвіч ў судзе Кастрычніцкага раёна, паведамляе MAYDAY.TEAM.

Хлопца судзілі за акцыі пратэсту ў верасні 2020 года паводле арт.342 ч. 1 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Да затрымання ў кастрычніку 2022 года Антон Навумаў жыў у Мінску і працаваў у РНПЦ кардыялогіі.

Антон Навумаў. Скрыншот Hrodna.life

Блакаванне Бондаравай

Па патрабаванні Apple Telegram заблакаваў два новых канала Вольгі Бондаравай для прылад iOS.

Вольга заклікае пераходзіць на «нармальныя кітайскія андроіды».

Слонімскі журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Чыгрын выйшаў на волю пасля 22 сутак арышту

Сяргея Чыгрына затрымалі 16 снежня, суд Слонімскага раёна прызначыў яму 7 сутак — абвінавацілі ў перапостах з «экстрэмісцкіх рэсурсаў». 23 снежня літаратара не выпусцілі на волю, падвергнуўшы яшчэ 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Цяпер Сяргей на волі, паведамляе БАЖ.

Сяргей Чыгрын. Фота: БАЖ

Характарыстыка са школы, дзеці вайскоўцаў па-за конкурсу. Як змянілі правілы уступнай кампаніі

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 2, які сцвярджае змены правілаў прыёму ў ВНУ. Пры падачы дакументаў для паступлення абітурыент павінен будзе прадставіць характарыстыку са школы або каледжа.

Дзяцей ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў будуць прымаць у ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта і на ваенныя факультэты па-за конкурсам.

Як быць у выпадку, калі абітурыент пасля заканчэння школы нідзе не працаваў, альбо, напрыклад, знаходзіўся ў дэкрэтным адпачынку, у ведамстве пакуль не ўдакладнілі.

Бондарава перамагла Вольскага: яго твор выключаць з рэкамендаваных у школьнай праграме


Са школьнай праграмы па літаратуры выключаць творы Артура Вольскага і Уладзіміра Ягоўдзіка. Прарасійская актывістка Вольга Бондарава з Гродна дамагалася гэтага праз Міністэрства адукацыі Беларусі. Пра гэта яна паведаміла ў сваім Telegram-канале.

Бондарава перамагла ў змаганні з «монстрамі». Унікальны для Гродна спектакль усё ж адмянілі

Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры адмяніў навагодні спектакль «Монстры на навагодніх канікулах». Пра гэта паведаміла прарасійская актывістка Вольга Бондарава ў сваім Telegram-канале. Раней яна скардзілася на тое, што героі амерыканскага сямейнага мульфільма з’яўляюцца ў навагоднім спектаклі.

Спектакль «Монстры на навагодніх канікулах». Крыніца: Instagram

У гродзенскай турме памёр нефармал і мастак

5 студзеня ў турме № 1 Гродна памёр Руслан Карчаўлі. Па словах блізкіх, яго змясцілі ў СІЗА «за марыхуану» — верагодна, па арт.328 КК. Ён памёр пасля перанесенай пнеўманіі.

«Пайшоў з жыцця наступны гарадзенскі нефармал. Руслан „Руслапас“ Карчаўлі. Памёр у гарадзенскай турме. Узялі і пасадзілі за марыхуану. Не зрабілі добрага агляду. Памёр ад пнеўманіі. Руслан рабіў для гурта „Кальян“ вокладку да альбома „Б.Н.“ (1999). Свелая памяць! Спі спакойна, Руслан!» — напісаў гродзенскі музыка Алесь Дзянісаў.

Руслан Карчаўлі. Фота: архіў гродзенскіх музыкаў

Дыскрэдытацыя, эміграцыя сведак, Ціханоўская. 13 фактаў пра справу «Рабочага руху», дзе фігуруюць чатыры гродзенцы

Чатыром гродзенцам пагражае да 15 гадоў калоніі па справе «Рабочага руху». За ўдзел у фармаванні будуць судзіць і Святлану Ціханоўскую. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала факты пра суд па справе, якая ідзе ў Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада. Фігурантаў абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве і па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Удзельнікі - у судзе па справе «Рабочага руху». Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

Тавары з дзяржсімволікай будуць выкладваць па-асабліваму, а забароненых для рынкаў тавараў стане больш

Савет Міністраў скарэктаваў правілы гандлю на рынках і іншыя пытанні рэалізацыі тавараў. Змены датычацца правілаў выкладкі алкаголю і тавараў з дзяржсімволікай і працы рынкаў.

Цяпер тавары, якія змяшчаюць выяву дзяржаўных сімвалаў Беларусі, трэба будзе выкладваць асаблівым спосабам. Яны павінны будуць візуальна аддзяляцца ад іншых тавараў. Пры іх павінна прысутнічаць надпіс «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь».

У Гродне затрымалі кіраўніка «Школы практычнай медыяцыі»

6 студзеня стала вядома пра затрыманне Мікалая Хацяновіча — медыятара, кіраўніка анлайн-школы практычнай медыяцыі. Мужчына быў затрыманы за ўдзел у мітынгах у 2020 годзе, распальванне нянавісці і заклікі да гвалту.

Мікалай Хацяновіч. Фота mediation-eurasia.pro
Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024