Спецыялісты абласнога камітэта прыродных рэсурсаў праз суд прымусілі сельскагаспадарчы кааператыў з Гродзенскага раёна выплаціць больш за 310 тысяч рублёў. У такую суму яны ацанілі шкоду прыродзе пасля забруджвання лесу сцёкамі свінакомплексу. Праўда, з часу забруджвання прайшоў амаль год.
Інцыдэнт адбыўся ў лютым 2022 года. Падчас рэйду раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выявіла выцяканне сцёкавых вод свінакомплексу на землі ляснога фонду. Прычынай стала паломка назапашвальніка, які належыць сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву. Былі забруджаныя таксама і землі сельгаспрызначэння.
Да канца красавіка мінулага года спецыялісты Гродзенскай абласной лабараторыі аналітычнага кантролю адабралі для экспертызы пробы зямель на 29 пляцоўках. Фонавыя канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў былі перавышаныя на ўсіх пробных пляцоўках. Шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, ацанілі ў 310 575 рублёў 42 капейкі.
У СВК ж заявілі, што ачышчальныя збудаванні знаходзяцца ў западзіне рэльефу адносна лесу, таму жывёлагадоўчыя сцёкі туды трапіць не маглі.
Эканамічны суд Гродзенскай вобласці прыйшоў да высновы, што факт дэградацыі земляў даказаны, і вынес рашэнне 8 снежня 2022 года. СВК прыйдзецца заплаціць.
Чытайце таксама: