Стыпендыятаў прэзідэнцкіх фондаў па падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі будуць пазбаўляць права на выплаты за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў і асуджанасць паводле «палітычных» артыкулы. Ужо атрыманыя стыпендыі абавяжуць вярнуць. Таксама іх пазбавяць і звання лаўрэата фонду.
Новыя нормы замацаваны ў падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам указе «Аб дзейнасці спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Санкцыі накладваюцца ў выпадку здзяйснення стыпендыятам некаторых правапарушэнняў пасля ўступлення ў сілу ўказа. Стыпендый будуць пазбаўляць праз:
- здзяйненне цяжкага або асабліва цяжкага наўмыснага злачынства;
- адміністрацыйнае правапарушэнне, звязанае з парушэннем парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, прапагандай або публічным дэманстраваннем, вырабам, распаўсюджваннем нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, распаўсюджваннем, вырабам, захоўваннем, перавозкай інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць;
- іншыя дзеянні, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам або накіраваныя на дыскрэдытацыю і непаважлівае стаўленне да дзейнасці фондаў.
Пасля ўступлення ў сілу распараджэння Лукашэнкі лаўрэата выключаць з банка дадзеных адоранай і таленавітай моладзі і ў далейшым пазбавяць ільгот і гарантый, прадугледжаных законам. Паўбаўлены не зможа
паўторна прэтэндаваць на заахвочванні.
Аднавіцца ў правах можна будзе толькі пасля адмены рашэння аб прыцягненні да адказнасці.
Нельга будзе кіраваць аб’яднаннямі навучэнцаў
Асуджаныя за пералічаныя дзеянні таксама не могуць быць вылучаны на суісканне заахвочванняў фондаў. Ім забароняць кіраваць інтэлектуальнымі і творчымі аб’яднаннямі навучэнцаў і студэнтаў, нельга будзе стаць кіраўнікамі праектаў.
Калі кіраўнік арганізацыі здзейсніў нешта з пералічанага, арганізацыя таксама не зможа атрымаць гранты ад фондаў.
Грошы прыйдзецца вярнуць
Стыпендыятаў фонду абавяжуць вярнуць дзяржаве ўжо атрыманыя выплаты, пасведчанне, нагрудны знак лаўрэата і пасведчанне да яго.
На вяртанне пасведчання і нагруднага знака даецца месяц, на вяртанне грошай — паўгода.
Калі на працягу шасці месяцаў стыпендыят не верне атрыманыя раней сродкі добраахвотна, іх будуць спаганяць у судовым парадку. Калі ж раней узнагароджаны адбывае пакаранне, тэрмін вяртання грошай падоўжаць на тэрмін адбыцця пакарання. Сродкі не будуць спаганяць ў выпадку смерці, працяглай непрацаздольнасці або іншых прычын, якія робяць немагчымым вяртанне.
Прэтэндэнтаў будзе правяраць КДБ
Арганізацыям, якія падаюць хадайніцтвы аб прадастаўленні грантаў або заахвочванняў, прыйдзецца правяраць прэтэндэнтаў, кіраўнікоў праектаў і аб’яднанняў навучэнцаў разам з органамі дзяржбяспекі, МУС і пракуратурай.
Стыпендыяты адмаўляліся і самі
У жніўні 2020 года пасля прэзідэнцкіх выбараў сто стыпендыятаў спецыяльнага фонду прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі адмовіліся ад званняў і прывілеяў з-за фальсіфікацый на выбарах і гвалту з боку сілавікоў пасля іх. «Немагчыма насіць званне лаўрэата стыпендыі прэзідэнта, калі прэзідэнт дапускае ў краіне падман і зверскія збіцці сваіх жа суграмадзян», — напісалі яны ў адкрытым лісце.
Чытайце таксама: