Чарга ў пункце пропуску “Прывалка” (“Райгардас”) для легкавых аўто расцягнулася на 14 гадзін. Раней праз гэты пункт кіроўцы часта аб’язджалі, каб патрапіць у Польшчу без шматгадзіннага чакання. Перад Калядамі сітуацыя змянілася.

“Калі перад шлагбаўмам у чарзе стаяў, былі момант, што рухаліся нейкі час толькі фуры, пасля было тое самае. Такое адчуванне, што 1 чалавек ўсе гэтыя калідоры абслугоўвае. Спачатку фуры, потым легкавікі”, – расказаў чытач Hrodna.life.

“Прывалка сёння поўны атас!!! 10 гадзін стаім і нават беларус пашпартны яшчэ не прайшлі”, – апісаў сітуацыю ўдзельнік чата “Граніца BY”.

“У 03:00 прыехалі на Прывалку з РБ, было 37 машын, у 07:20 заехалі ў пункт афармлення, перад намі было 14 машын, першы раз чарга зрушылася толькі ў 10:30”, – піша другі ўдзельнік чата. Агулам перасячэнне мяжы ў яго заняла 14 гадзін.

У іншы бок сітуацыя не лепшая: “На Прывалцы, уезд у РБ вееельмі шмат машын чакае ўезду, пры гэтым унутры пуста, проста не запускаюць”, – сведчыць адзін з кіроўцаў.

Паводле звестак з чата мяжы (на 15:39 23 снежня), чэргі на ў’езд для легкавых аўто ў Беларусь былі такія:

  • Баброўнікі – каля 290;
  • Цярэспаль – каля 380 (чарга пастаянна расце);
  • Райгардас – каля 140;
  • Шальчынінкай – каля 100.

Выезду чакаюць амаль 5 тысяч грузавых аўто

Паводле чата мяжы, чэргі для легкавікоў на выезд з Беларусі на 15:44 былі быццам не такія і вялікія:

  • Бераставіца: машын у зоне чакання – 0, праехала за гадзіну – 18,
  • Брэст: машын у зоне чакання – 62, праехала за гадзіну: – 30,
  • Беняконі: машын у зоне чакання – 0, праехала за гадзіну – 9,
  • Прывалка: машын у чарзе – 2.

Паводле сайта беларускага Дзяржпагранкамітэта, а 18:00 23 снежня ў Прывалцы на выезд з Беларусі стаяла 0 легкавых (а 16:00 было больш за 10) і больш за 320 грузавых аўто. Беняконі – 0 легкавых, больш за 830 грузавых, Лоша – больш за 10 (было больш за 30) легкавых, Каменны Лог – 0 (было больш за 20) легкавых і больш за 990 (было больш за 1000) грузавых; Відзы – больш за 190, а Катлоўка – больш за 410 грузавых.

У Бераставіцы ў зоне чакання па электроннай чарзе 0 легкавых і больш за 750 грузавых аўто, у Брэсце – больш за 50 (а 16:00 было больш за 200) легкавых ў электроннай чарзе, у Казловічах – больш за 600 грузавых машын.

Выезду ў Латвію чакаюць толькі грузавыя аўто – агулам больш за 710 (а 16:00 было больш за 860).

Раней Літва была вырашэннем

Чэргі на беларускай мяжы ў абодва бакі асабліва востра адчуваюцца апошнія некалькі месяцаў. Раней на літоўскіх пунктах пропуску чэргі былі заўважна меншыя, чым на польскіх. Гэтым карысталіся многія кіроўцы, якім трэба было патрапіць у Польшчу. Нават некаторыя маршруткі ехалі з Гродна ў Беласток праз Друскенікі: розніца ў адлегласці кампенсавалася эканоміяй часу ў чарзе. У дні, калі праход мяжы праз пункт пропуску “Бераставіца” для рэйсавага аўтобуса займаў 9-15 гадзін, праз “Прывалку” можна было праехаць за 1-3 гадзіны.

Чытайце таксама: