З 1 студзеня ў Гродне Тралейбуснае ўпраўленне стане філіялам Аўтобуснага парку, а для кантролю гарадскіх пасажырскіх перавозак створаць новую структуру. Гарадскія прадпрыемствы аб’ядноўваюць, каб аптымізаваць іх расклады, распавёў намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык.

Выдаткі ў даходах абодвух аўтапаркаў звязаныя з тым, што часта аўтобусы і тралейбусы дублююць адзін аднаго па раскладзе, піша «Перспектива». Аб’яднанне дапаможа іх нарэшце скаардынаваць.

Новае прадпрыемства будзе называцца ААТ «Аўтобусны парк Гродна». Супрацоўнікаў захаваюць, але на працягу 2023 года правядуць аптымізацыю новага прадпрыемства, каб пазбегнуць дублявання працы.

Незалежна ад аптымізацыі транспартных прадпрыемстваў сродкі з гарадскога бюджэту не зменшацца, падкрэсліў Андрэй Болтрык.

Аб далучэнні Тралейбуснага ўпраўлення да Аўтобуснага парка стала вядома ў канцы лістапада, пра такую магчымасць казалі летам 2022 года. Раней паведамлялі, што гэта таксама дапаможа аптымізаваць выдаткі на кіраванне.

Аператар пасажырскіх перавозак вернецца

Таксама з 1 студзеня 2023 года створаць новае ўнітарнае прадпрыемства — Аператар гарадскіх пасажырскіх перавозак. Там будуць працаваць 29 чалавек. У яго склад увойдуць усе кантралёры пасажырскага транспарту, цяпер гэта 22 чалавекі. Прадпрыемства будзе працаваць на вуліцы Савецкай, 31.

Такое асобнае прадпрыемства — «Аператар пасажырскіх перавозак» — існавала з 2016 да канца 2021 года. З пачатку 2022 года яго функцыі перадалі Тралейбуснаму ўпраўленню, якое тады кантралявала не толькі пасажыраў, але і кіроўцаў. Планавалася таксама, што ўпраўленне створыць дакладны расклад гарадскіх маршрутак, але гэтага так і не адбылося.