Навіны

Фігурантаў справы Аўтуховіча зноў абвінавачваюць, а анархісты баяцца лёсу Ашурка. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Верагодна, у дачыненні да фігурантаў «справы Аўтуховіча» распачалі чарговыя крымінальныя справы — гаворка ідзе пра Уладзіміра Гундара і Паўла Рэзановіча. Анархістам у ваўкавыскай калоніі пагражаюць — яны хочуць застрахаваць жыццё. Жыхара Наваградчыны Віктара Пільжыса асудзілі на два гады калоніі за рэпост. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 12 па 18 снежня.

Затрыманні

  • У Слоніме затрымалі мужчыну. На камеру ён сказаў, што прычына — абраза сілавікоў у інтэрнэце. Затрыманы — Андрэй Казялецкі, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
  • Затрымалі жыхара Астраўца, які збіраўся ехаць у полк «Тэрор» ва Украіну. На камеру хлопец сказаў, што 24 снежня збіраўся выязджаць ва Украіну, каб прыняць удзел у ваенных дзеяннях. У 2020 ён спрабаваў трапіць у полк «Азоў», але яго не ўзялі з-за ўзросту. Пасля хлопец спрабаваў трапіць у полк Каліноўскага, але ў выніку запоўніў заяўку на ўступленне ў батальён «Тэрор».
  • Затрыманы гродзенец сказаў, што яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Telegram. Таксама ён прасіў у маленькіх дзяўчынак парнаграфічныя фота і відэа ў сацсетках. Пакуль хлопца змясцілі ў ІЧУ.

Ліквідацыя

У стадыі ліквідацыі знаходзяцца:

  • Грамадскае аб’яднанне «Праўнікі Ночы». Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 18 лістапада. Грамадскае аб’яднанне праіснавала чатыры гады. Яно зарэгістравана ў Мастах Гродзенскай вобласці. На 1 студзеня 2021 года ў аб’яднанні было 18 чалавек. Сярод мерапрыемстваў, праведзеных у 2020 годзе — мотапрабег, прысвечаны святу 9 траўня, наведванне дамоў сямейнага тыпу, наведванне шматдзетных сем’яў і ў статусе СНС.
  • Культурна-турыстычнае грамадскае аб’яднанне «Цэнтр інавацыі «Выклік» — па рашэнні Гродзенскага абласнога суда ад 21 лістапада. «Цэнтр інавацыі «Выклік» — некамерцыйная арганізацыя, якая прасоўвала праекты ў галіне ўнутранага, уязнога турызму і адукацыі, садзейнічала папулярызацыі і развіццю культурна-турыстычнага патэнцыялу Гродна і Гродзенскай вобласці.
  • Іўеўскі дабрачынны фонд «Разам у будучыню». Рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 21 лістапада. Фонд прымаў уклады для арганізацыі работ па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на зямлі, умацаванню матэрыяльнай базы аб’ектаў сацыяльнай сферы (уключаючы гісторыка-культурныя каштоўнасці) і месцаў масавага адпачынку грамадзян Іўеўскага раёна.

Жыхара Навагрудчыны Віктара Пільжыса асудзілі на два гады калоніі за рэпост

13 кастрычніка 2022 года жыхара вёскі Шчорсы Навагрудскага раёна асудзілі за рэпост паведамлення аб двух сілавіках з Ваўкавыска. Справу Пільжыса разглядаў суд Карэліцкага раёна. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў рэпост на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» паведамлення з суполкі «Гродненская Область Перемен!», паведамляе «Вясна».

Паведамленне прысвячалася двум работнікам устаноў пакаранняў. Оперупаўнаважанага ПК № 11 Кірыла Дырындзя назвалі «удзельнікам здзекаў з палітычных зняволеных у ваўкавыскай калоніі». Міліцыянта ПУАТ № 29 Максіма Жука — «саўдзельнікам здзекаў з палітычных зняволеных на ваўкавыскай хіміі». У паведамленні былі фатаграфіі, ідэнтыфікацыйныя нумары, тэлефоны і адрасы. Акрамя таго, паведамленне падавала сілавікоў як «двух падонкаў».

За рэпост гэтага паведамлення Віктара Пільжыса абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК: арт. 188 «Паклёп», ч. 3.арт 203−1 — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватнага жыцця і персанальных дадзеных», арт. 369 — «Абраза прадстаўніка ўлады».

Таксама суд абавязаў Віктар Пільжыса выплаціць двум сілавікам 10 000 рублёў у якасці кампенсацыі іх маральнай шкоды. Віктар Пільжыс паспрабаваў абскардзіць гэты прысуд, але яго пакінулі без зменаў.

Асуджаны на два гады калоніі за рэпост Віктар Пільжыс прызнаны палітвязнем.

Віктар Пільжыс. Фота: «Вясна»

Верагодна, у дачыненні да фігурантаў «справы Аўтуховіча» распачалі чарговыя крымінальныя справы

Гаворка ідзе пра Уладзіміра Гундара і Паўла Рэзановіча. Вядома, што справа Гундара звязана з абразай пракурора, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Уладзімір Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (у мужчыны няма адной нагі). Атрымаў 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 800 базавых велічынь. Павел Рэзановіч быў затрыманы з бацькам, праваслаўным святаром Сяргеем Рэзановічам. Прысуд — 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 800 базавых велічынь.

Прызначаная дата апеляцыйнага суда над Дзянісам Івашыным

Супрацоўнікі Вярхоўнага Суда паведамілі, што скаргу Дзяніса разгледзяць 20 снежня ў 9:30. Суд пройдзе ў закрытым рэжыме. Пасля гэтага, верагодна, на святы, Дзяніс будзе этапаваны ў калонію, мяркуе яго жонка Вольга. Куды яго перавядуць, Івашыну паведамяць пасля апеляцыі. Дзяніс ужо папрасіў у блізкіх вялікую спартыўную сумку для пераезду.

Да 20 снежня кожны жадаючы можа перадаць Дзянісу перадачу, даслаць пасылку або грашовы перавод.

Дзяніс Івашын. Фота Вольгі Івашынай

Гродзенскае грамадскае аб’яднанне абароны жывёл «Добры горад» ліквідуюць праз суд

Пасяджэнне пройдзе 21 снежня. Заяўнік па справе — галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Арганізацыя праіснавала пяць гадоў. Яна была зарэгістравана на вул. Зярнова, д. 6. У арганізацыі стваралі петыцыю па выкараненні жорсткага абыходжання з жывёламі.

Унітарнае гарадское прадпрыемства «Трэст «Гроднагасбуд» — банкрут

Пасяджэнне «аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» прайшло 16 снежня ў эканамічным судзе Гродзенскай вобласці. Суддзя — Юлія Баклажец.

Прадпрыемства дзейнічала 30 гадоў. Апошнія гады яно распрадавала сваю маёмасць.

Справа «Рабочага Руху»: хацелі спыніць вытворчасць на «Гродна Азот»

«Гродна Азот», на думку пракуратуры, стаў «аб'ектам для эканамічных і вытворчых дыверсій «Рабочага Руху». Абвінавачаных, па версіі следства, цікавілі пратаколы даручэнняў прэм’ер-міністра, звесткі аб закупках і будаўніцтве новага азотнага комплексу. Адзін з абвінавачаных звярнуў увагу суддзі на тое, што некаторыя дакументы былі несапраўднымі, а некаторыя — не мелі абмежавальнага грыфа.

Таксама яны павінны былі даведацца, як прадпрыемства спраўляецца з санкцыямі і выбудоўвае новыя лагічныя ланцужкі, у тым ліку па дастаўцы прадукцыі ў іншыя краіны праз марскія парты, паведамляе gp.by.

На думку пракурора, абвінавачаныя хацелі спыніць вытворчасць на «Гродна Азот» праз вывад са строю ліній электраперадачы. Прастой абсталявання, выдаткі на яго абслугоўванне падчас паўзы прынеслі б да дадатковых выдаткаў.

Таксама следства сцвярджае, што абвінавачаныя публікавалі ў інтэрнэце асабістыя звесткі работнікаў прадпрыемства і ветэранаў.

Жонка палітвязня журналіста Дзяніса Івашына сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам

Гэта была перадкалядная сустрэча прэзідэнта з беларускай дыяспарай.

«Безумоўна прыемна было чуць словы падтрымкі, спачуваньня й салідарнасьці з нашым народам. Як слушна заўважыў пан прэзідэнт, Палякі цудоўна разумеюць Беларусаў, бо маюць свой горкі досьвед змаганьня за свабоду й незалежнасьць. Ну, а словы пра тое, што кожны Беларус можа лічыць Польшчу хоць і часовым, але ўтульным і гасьцінным домам, былі асабліва цёплымі для вымушаных уцекачоў.

Простасьць і адкрытасьць пана Анджэя Дуды, канешне, прываблівае. Менавіта такі стыль палітыка й форма стасункаў прадстаўнікоў улады з народам найлепш пасуе для Беларусаў. І мы можам арганізаваць у сваёй краіне такую форму кіраваньня", — упэўнена Вольга.

Сустрэча Вольгі Івашынай і Анджэя Дуды. Фота: Euroradio.fm

Гродзенку асудзілі за паклёп на амапаўку

Гелена Ярмусік у Facebook у каментарах да фота супрацоўніцы АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама распаўсюдзіла інфармацыю, якая змяшчае абвінавачванне ў забойстве (арт.188 КК «Паклёп»). Па словах жанчыны, яна была ўзрушаная інфармацыяй аб прычыненні супрацоўніцамі АМАП цялесных пашкоджанняў жанчыне.

Гелену Ярмусік пакаралі годам «хатняй хіміі» 20 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Суд таксама пастанавіў спагнаць 500 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелай супрацоўніцы АМАП, паведамляе «Вясна».

Жанчына спрабавала абскардзіць прысуд і прасіла змяніць прысуд і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе штрафу. Судовая калегія Гродзенскага абласнога суда 6 снежня разгледзела апеляцыйную скаргу пенсіянеркі. У апеляцыйнай скарзе Ярмусік паведамляла, што суд не ўлічыў, што яна дасягнула пенсійнага ўзросту, не атрымлівае пенсію, пражывае на выпадковыя заробкі, пакутуе на захворванні. Не ўлічана таксама, што яна цалкам прызнала віну, раскаялася ў зробленым, выбачылася перад пацярпелай і станоўча характарызуецца.

Аднак судовая калегія Гродзенскага абласнога суда пастанавіла прысуд пакінуць без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.

Гелена Ярмусік. Фота: «Вясна»

Анархістам у ваўкавыскай калоніі пагражаюць. Яны хочуць застрахаваць жыццё

У ПК № 11 Ваўкавыска адбываюць пакаранне два палітвязні анархіста — Мікіта Емяльянаў (шэсць гадоў пазбаўлення волі) і Сяргей Раманаў (20 гадоў пазбаўлення волі), паведамляе dissidentby.

Адміністрацыя аказвае ціск на анархістаў. Іх рэгулярна змяшчаюць у ШЫЗА ці ПКТ. Акрамя таго, з дазволу адміністрацыі адбываюцца правакацыі, якія пагражаюць жыццю і здароўю зняволеных. Лісты да іх не прапускаюць нават ад сваякоў.

Сяргей і Мікіта вымушаныя шукаць шляхі для таго, каб застрахаваць сваё жыццё. Яны асцерагаюцца, што іх напаткае трагічны лёс Вітольда Ашурка.

Сяргей Раманаў і Мікіта Емяльянаў. Фота: dissidentby

Новыя «экстрэмісты»

Ціханаў Мікалай Барысавіч са Слоніма трапіў у спіс «экстрэмістаў».

Якія медпаслугі хочуць зрабіць платнымі для «дармаедаў» і беларусаў, якія жывуць за мяжой

У Беларусі разглядаюць пытанне абмежавання бясплатнага лячэння для беларусаў, не занятых у эканоміцы, і тых, хто стала пражывае за мяжой. Міністэрства аховы здароўя прапрацоўвае пытанне доступу медыцынскіх устаноў да базы дадзеных асобаў, не занятых у эканоміцы, распавяла Краткова. Гаворка ідзе пра планавыя віды дапамогі - стаматалагічныя паслугі, планавыя шпіталізацыі і аперацыі. Экстраная дапамога, напрыклад, выдаленне апендыцыту, будзе аказвацца бясплатна.

«Гестапа поўнае». Медыкі «хуткіх» у Гродне цяпер ездзяць з відэарэгістратарамі

Брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне з 15 снежня аснашчаны пераноснымі відэарэгістратарамі, як у міліцыянтаў. Зараз уся праца супрацоўнікаў, уключаючы момант аказання дапамогі, будзе запісвацца на відэа. Пра гэта ў stories у Instagram распавёў былы супрацоўнік гродзенскай «хуткай» Фёдар Сумкін.

Фёдар раіць былым калегам сачыць за размовамі і паўтараць алгарытмы аказання дапамогі. Ён мяркуе, што з-за відэазапісаў начальства зможа знайсці дадатковую нагоду пакараць медыкаў.

Былога галоўнага ўрача санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве

Супраць былога галоўнага лекара санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі (Літва), а потым у Расіі Андрэя Кобеля распачалі крымінальную справу аб здрадзе дзяржаве (артыкул 356 КК). Андрэй Кобель узначальваў санаторый «Беларусь» у Друскінінкаі 10 гадоў. Пасля таксама на пасадзе галоўнага ўрача працаваў у Сочы, потым узначаліў аддзел РНПЦ у Мінску. Лекара затрымалі паўгода таму.

Андрей Кобель. Фото: holiday.by

У Гродзенскім абласным судзе рыпяць падлогі і маральна састарэлі свяцільні. У планах — рамонт

У Гродне запланаваны бягучы рамонт будынка Гродзенскага абласнога суда па вул. Карбышава, 20. Сярод іншага, пры хадзе чутныя глухія рыпанне і шум, а свяцільні — маральна састарэлі. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце дзяржзакупак.

Служыў у Бураціі, дачка вучыцца ў Германіі. Што вядома пра новага камандуючага паветранымі сіламі Беларусі

Аляксандр Лукашэнка прызначыў ураджэнца Гродзеншчыны Андрэя Лук’яновіча камандуючым Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі. Гэта адбылося 13 снежня 2022 года. Што вядома пра новага камандуючага паветранымі сіламі Беларусі?

Андрэй Лук’яновіч. Фота з адкрытых крыніц

Стала вядома, калі ў Гродне плануюць скончыць зверку ваеннаабавязаных

Зверку дадзеных ваеннаабавязаных плануюць скончыць 21 снежня 2022 года. Праз прадпрыемствы і навучальныя ўстановы ўжо праверылі дадзеныя каля 45 тыс. чалавек. Такую зверку праводзяць штогод, але настолькі маштабную — упершыню. У параўнанні з леташнімі зверкамі, зараз людзей выклікалі для прыватнай гутаркі і ўдакладнення звестак.

Сайт «ВелаГродна» закрываюць. Саму арганізацыю ліквідавалі ў 2021 годзе

Сайт «ВелаГродна» перастане працаваць 15 снежня 2022 года. Прычына — сайт не можа працягваць дзейнасць, бо арганізацыя «ВелаГродна» ліквідавана.

У Беларусі забаранілі святкаваць Хэлоўін. Плануюць «культурнае імпартазамяшчэнне»

Савет Міністраў даручыў прыняць «вычарпальныя меры» па недапушчэнні прапаганды і правядзення ва ўстановах адукацыі і культуры мерапрыемстваў, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа. Таксама ў ведамстве папрасілі выпрацаваць прапановы па «культурным імпартазамяшчэнні» і ўмацаванню духоўна-маральнай бяспекі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024