Беларускія прапагандысты назвалі настаяцеля Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы ў Гродне Аляксандра Балоннікава “калабарантам” за тое, што той наведаў святочную сустрэчу ў консульстве Польшчы. Кіраўніка яўрэйскай грамады Гродна Міхаіла Каржа яны распытвалі пра генацыд, а ксяндзоў – пра варожую палітыку Польшчы. Сюжэты паказалі ў навінах на СТБ, “Беларусь 1” і на “Гродна+” 6 снежня.
Што адбывалася ў консульстве Польшчы
Падчас традыцыйнай штогадовай каляднай сустрэчы ў консульстве, госці спявалі каляндыя песні і выказвалі калядныя пажаданні. Там прысутнічалі генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Рачкоўскі і часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Імпрэза праходзіла 6 снежня, калі католікі адзначаюць успамін святога Мікалая.

Хто прымаў удзел у імпрэзе
На сустрэчу запрасілі мясцовых бізнесоўцаў, святароў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, ветэранаў Арміі Краёвай, дзеячоў культуры, а таксама кіраўнікоў арганізацый нацыянальных меншасцяў. Сярод апошніх на відэа патрапіў кіраўнік гродзенскага гарадскога яўрэйскага нацыянальнага аб’яднання Міхаіл Коржа.
Польшчу адкрыта назвалі ворагам, гасцей – “калабарантамі”, а Армію Краёву – бандфармаваннем
“Як называецца чалавек, які спрабуе ўсядзець на двух крэслах? Карыстаецца дабротамі сваёй краіны і пры гэтым водзіць сяброўства з ворагам. Хітрун? А можа калабарант?” – сказала вядоўца навінаў на тэлеканале СТБ Юлія Алексяюк пра гасцей мерапрыемства.
“Незразумела, як у такой кампаніі [ксяндзоў і ветэранаў Арміі Краёвай – Hrodna.life] аказаліся праваслаўны святар або прадстаўнікі мясцовага бізнеса”, – задаецца пытаннем Алексяюк.
Прапагандысткі, якія дзяжурылі пад консульствам і “лавілі” запрошаных гасцей, паспрабавалі пагаварыць з настаяцелем Барыса-Глебскай царквы Аляксандрам Балоннікавым. Ён не адказаў на пытанні і “віншаванні” прапагандыстаў і прайшоў міма.
З пытаннямі прапагандысткі накінуліся таксама на ветэранак Арміі Краёвай. Саму АК у сюжэце тэлеканала “Беларусь 1” называлі “бандфармаваннем”.
Ці рады ветэраны Арміі Краёвай, што іх “ганарова прымаюць у консульстве”
Прапагандыстка Ксенія Лебедзева з тэлеканала “Беларусь 1” запыталася ў ветэранкі Арміі Краёвай Веранікі Себасцьяновіч, ці рада яна таму, што яе “ганарова прымаюць у консульстве” і прасіла, каб тая “хоць што небудзь” адказала. Але Себасцьяновіч проста прайшла міма. У другой ветэранкі Арміі Краёвай, якая перасоўваецца на вазку, Лебедзева спытала, як тая сабе адчувае, колькі ёй гадоў і ў якім яна званні.

Кіраўнік яўрэйскага аб’яднання: “Пасол Польшчы абяцаў Гітлеру, што ў Польшчы знішчаць усіх яўрэяў”
Самым доўгім атрымаўся дыялог прапагандыстак з кіраўніком гродзенскага гарадскога яўрэйскага нацыянальнага аб’яднання Міхаілам Коржам. Лебедзева пачала з таго, што Еўропа нібыта адмаўляе генацыд у Беларусі падчас Другой сусветнай вайны і перапісвае гісторыю. У дзіўным дыялогу Корж адказаў, што ўся Еўропа кіруецца з ЗША, серыял “Слуга народа” напісалі таксама ў ЗША і гэта былі нібыта першыя крокі, каб Зяленскага паставіць кіраваць Украінай. Таксама ён распавёў, што нібыта ў 1938 годзе пасол Польшчы ў Германіі паабяцаў Гітлеру, што “будуць усе яўрэі ў Польшчы знішчаны”.

Журналістка тэлеканала СТБ выказала меркаванне, што раз Міхаіл Корж прыняў запрашэнне консула, значыць ён падтрымлівае “агрэсіўную” палітыку Польшчы ў адносінах да Беларус. Корж адказаў, што наадварот: не падтрымлівае, таму прыйшоў каб пагаварыць і выказаць сваё меркаванне.
Прапагандысткі чапляліся і да каталіцкіх святароў і манашак, але тыя былі больш стрыманыя ў размовах.


