Гаспадар хутара Камарышкі (Астравецкі раён) Аляксандр Дарашэвіч атрымаў сертыфікат пераможцы нацыянальнага ўзроўню прэміі “Энэргетычны глобус” (Energy Globe). Ён прэзентаваў бортніцкі праект па вырабе і ўстаноўцы калод для дзікіх пчол, паведаміла “Рэгіянальная газета”.

“Адзін з праектаў – гэта выраб і ўстаноўка калод для пчол альбо бортніцтва, якое ўнесенае ў сусветную спадчыну. Мы лічым, што ўнікальнасць нашага праекта ў тым, што зменены прыярытэты”, – сказаў Аляксандр Дарашэвіч.
Ён адзначыў, што галоўная яго мэта – не здабываць мёд, а стварыць умовы для жыцця дзікіх пчол. Маўляў, у спрыяльных умовах пчолы “падзеляцца лішкам мёду”.
У снежні 2020 года культуру бортніцтва ў Беларусі і Польшчы ўнеслі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Культура бортніцтва заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчолаў у штучных дуплах.

Чытайце таксама: Правільныя пчолы жывуць на даху. Навошта ставіць вуллі ў горадзе?
Што за прэмія “Энэргетычны глобус”
“Energy Globe” – экалагічная прэмія, якую заснавала амерыканскае агенцтва Arthur D. Little. На конкурс прымаюць праекты, якія абараняюць навакольнае асяродзе. У конкурсе могуць удзельнічаць прыватныя асобы, а таксама кампаніі і недзяржаўныя арганізацыі. Праекты разглядаюць на нацыянальным і міжнародным узроўні.
Чытайце таксама: Вольга Гаўрылік: «Я — пчолка, што шукае нектар, але ўмее джаліць»


