На будынак былога бровара ў Карэлічах Гродзенскай вобласці складуць гістарычную даведку. Таксама распрацуюць праграмы па кансервацыі і супрацьаварыйных мерапрыемствах. Пра гэта стала вядома з сайта дзяржзакупак. Закінуты будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна праводзіць закупку з адной крыніцы. Каштуе даведка 3200 рублёў. Работы павінны прайсці з 12 снежня па 16 снежня 2022 года. Іх прафінансуюць з раённага бюджэту.

Даведка і праграма кансервацыі павінны адпавядаць Кодэксу аб культуры. Гістарычная даведка будзе ўтрымліваць гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні, архіўныя і бібліяграфічныя крыніцы.

У праграме па кансервацыі і супрацьаварыйным мерапрыемствам будзе пералік неабходных работ і тэхналагічныя рэкамендацыі. Таксама будзе графічная частка — схематычныя абмеры фасадаў будынка, рэканструкцыя гістарычнага аблічча будынка, эскізы архітэктурных рашэнняў па кансервацыі і фотафіксацыя.

Што за бровар?

У Карэлічах ёсць будынак, які ў некаторых крыніцах паказваецца як «бровар», паведамляе poshyk.info. На старых фота пабудова 1858 года больш падобная да флігеля. Будынак прызнаны гістарычнай спадчынай. Ён выкананы з цэглы, цокальны паверх дэкараваны бутавым каменем. Яшчэ 15 гадоў таму у будынка быў дах і мансарда, цяпер — няма.

Чытайце таксама: «Падвалы даходзяць да сярэдзіны Нёмана». Паглядзіце, як ідзе рэканструкцыя гродзенскага піўзавода