Андрэя Тодрыка, загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Гродна, 29 лістапада пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёна. Яму інкрымінавалі арт. 430 ч. 1 КК — Атрыманне хабару і 433 ч. 2 КК — Незаконнае ўзнагароджанне.

Лекара затрымалі ў канцы сакавіка 2022 года. Тодрык Андрэй Тадэвушавіч — урач траўматолаг-артапед першай катэгорыі, стаж працы — 21 год. Яму 54 гады. З 1995 года ён працаваў урачом-траўматолагам у БХМД, з 2015 года — загадчыкам траўматалагічнага аддзялення. Андрэй уваходзіць у сямейную дынастыю Тодрыкаў з агульным працоўным стажам у 61 год.

Цяпер загадчыкам артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 пазначаны Стрыжак Ягор Андрэевіч. Ці звольнены Андрэй Тодрык, Hrodna.life невядома. Звязацца з яго блізкімі на працягу следства не ўдалося.

"Справа артапедаў". У Гродне і Ваўкавыску пачалі судзіць загадчыкаў  траўматалагічных аддзяленняў
Андрэй Тодрык. Фота: bsmpgrodno.by

Судзіць Тодрыка будзе Віталь Лабоцкі - вядомы па «палітычных» справах. У прыватнасці, ён судзіў гродзенку з анкалогіяй, збітага АМАПам таксіста і судзіць уладальніка крамы «АвтоЗапчасти» Віктара Рукшу, які напісаў заяву на праверку дзеянняў сілавікоў.

Суд — і ў Ваўкавыску

Таксама ў судзе Ваўкавыскага раёна 29 лістапада пачалі судзіць Саўко Яўгена. Яго судзяць практычна па тых жа артыкулах КК — 433 ч.1 — Незаконнае ўзнагароджанне і 430 ч. 1 — Атрыманне хабару. Яўген — загадчык траўматалагічнага аддзялення ЦРБ у Ваўкавыску. Уваходзіў на мясцовую Дошку гонару.

"Справа артапедаў". У Гродне і Ваўкавыску пачалі судзіць загадчыкаў  траўматалагічных аддзяленняў
Яўген Саўко. Фота: volrb.by

Што вядома пра справу?

25−26 сакавіка 2022 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні артапедаў. Ператрусы праводзіў КДБ. 18 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне 35 лекараў-траўматолагаў, якія «не проста падказвалі людзям, якія ляжаць на аперацыйным стале, якія імпартныя запчасткі ім у цела ўставіць артапедычныя, а прыстойныя атрымлівалі за гэта ад замежнікаў хабары».

Паводле інфармацыі BBC, ператрусы закранулі ў тым ліку ТАА «Медлінк» — пастаўшчыка пратэзаў і металаканструкцый, якія вырабляе нямецкая кампанія Waldemar Link. На адным з кампутараў «Медлінка» нібыта быў знойдзены спіс лекараў, якім кампанія выплачвала бонусны працэнт за устаноўленыя пратэзы. Іншы суразмоўца BBC называе гэты спіс «чорнай бухгалтэрыяй». Прадстаўнікі «Медлінка» і лекары былі затрыманыя ў кавярні ў момант перадачы хабару, кажа ён.

Ва ўсім свеце кампаніі плацяць або аказваюць паслугі лекарам, якія выкарыстоўваюць іх лекі або абсталяванне, распавёў суразмоўца Hrodna.life. Напрыклад, аплачваюць даволі дарагі ўдзел у профільных канферэнцыях. Іх наведванне неабходна лекарам для росту ў прафесіі. У іншых краінах гэта адрэгулявана заканадаўствам. У нашай краіне — не. Таму тэарэтычна такія выпадкі ў Беларусі можна кваліфікаваць як карупцыю. Па чутках сярод медыкаў, на беларускіх прадстаўнікоў адной з такіх нямецкіх фірмаў «націснулі» і яна «зліла» дактароў.

Вядома, што некаторыя лекары прызналі віну, кампенсавалі ўрон і выйшлі на волю.