Выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў (ВНУ), якія навучаліся на платнай аснове, плануюць размяркоўваць. Раней размеркаванне тычылася толькі студэнтаў бюджэтнай формы адукацыі. Пра гэта паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
«Міністэрству адукацыі, ВНУ пастаўлена задача — размяркоўваць не толькі тых, хто навучаўся на бюджэтнай аснове, а размяркоўваць усіх», — сказала Качанава. На думку Качанавай, выпускніку трэба прадаставіць першае працоўнае месца.
Як плануюць дапамагаць выпускнікам
Пры размеркаванні выпускнікоў ім плануюць прадастаўляць інтэрнат альбо арэнднае жыллё. «Малады спецыяліст прыязжаючы на працу, павінен разумець, дзе ён будзе жыць», — сказала Качанава.
Што будзе, калі адмовіцца ад размеркавання
Адмовіцца ад размеркавання можна праз паважлівую прычыну. Напрыклад, выпускнік паступае на наступны ўзровень адукацыі (у магістратуру, а для выпускніка каледжа — ў ВНУ на першую ступень вышэйшай адукацыі). Альбо выпускнік ідзе служыць у войска, мае праблемы са здароўем ці непрацаздольны. Паводле Міністэрства адукацыі, такіх людзей каля 7%
Яшчэ адзін варыянт для бюджэтнікаў - выплаціць дзяржаве выдаткі за адукацыю. Яшчэ на этапе размеркавання студэнт можа звярнуцца па разлік сумы, якую дзяржава выдаткавала на яго адукацыю. Пасля аплаты выпускнік можа атрымаць спраўку аб свабодным працаўладкаванні.
Ці ёсць адпрацоўкі ў нашых суседзяў
Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дасюль існуе абавязковае размеркаванне пасля сканчэння ВНУ. У Польшчы і Літве адпрацовак няма. Ва Украіне ад такой практыкі адмовіліся ў 2017 годзе. Там выпускнікі могуць свабодна абіраць працу (за выключэннем вайскоўцаў), а ВНУ не абавязаны працаўладкоўваць сваіх выпускнікоў.
У Расіі таксама няма размеркавання пасля ВНУ альбо тэхнікума. Але ў 2020 годзе прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падтрымаў вяртанне практыкі размеркавання. «Калі чалавек вучыўся за дзяржаўныя грошы, ён павінен адпрацаваць альбо вярнуць грошы», — сказаў Пуцін.
Чытайце таксама: Новыя правілы адтэрміноўкі ад войска ў Беларусі: студэнты замежных ВНУ больш яе не атрымаюць