З-за нестыкоўкі расклада грамадскага транспарта гродзенцы не паспяваюць перасаджвацца з аднаго аўтобуса на другі. Прычына — на пераадоленне пантоннай пераправы праз Нёман сыходзіць шмат часу, паведаміла «Гродзенска праўда».

Пантонны мост адкрылі, транспарт не састыкавалі. Гродзенцам не хапае часу, каб паспець на аўтобус пасля пераходу Нёмана
Пантонны мост праз Нёман. Фота: Hrodna.life

«Я езджу з Фолюша на вуліцу Дамброўскага. Да моста дабіраюся на аўтобусе № 7, потым пераходжу пантонную пераправу і далей перасаджваюся на аўтобус № 28. Калі быў адкрыты рух для пешаходаў па мосце, мы паспявалі на гэты аўтобус. Каб перайсці мост, патрабавалася 8−10 хвілін. Пасля таго, як збудавалі пантонны, нам неабходна хвілін 20, каб перабрацца на іншы бераг Нёмана», — сказала Святлана Цепун.

Расклад аўтобусаў не змянілі і ў пасажыраў ёсць 14 хвілін, каб паспець перасесці на іншы аўтобус. «Моладзь бяжыць і то не заўсёды паспявае, але не кожны ў такім узросце, каб бегаць».

Пантонная пераправа праз Нёман працуе з 8 лістапада. Яе праклалі ў раёне Новага моста, які закрылі на капітальны рамонт упершыню з часу адкрыцця ў 1971 годзе.

Што кажуць у тралейбусным упраўленні

«Зараз мы вядзем карэктыроўку расклада гарадскіх маршрутаў, якія едуць да моста па вуліцы Паповіча. У сувязі з гэтым, пакуль там размясцілі расклад транспарта на папяровых носьбітах, паколькі ён яшчэ не канчатковы», — сказала кіраўнічка аддзела арганізацыі гарадскіх аўтамабільных пасажырскіх перавозак «Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення» Святлана Ханевіч.

Ва ўпраўленні ўжо адкарэктавалі маршрут № 28. Зараз плануюць пераглядзець расклад руху аўтобуса № 7. У тралейбусным упраўленні, якое выконвае функцыі гарадскога аператара пасажырскіх перавозак, прымаюць і разглядаюць паступаючыя пажаданні і прапановы гараджан.

Акрамя гэтага, у тралейбуснае ўпраўленне звяртаюцца буйныя прадпрыемствы. Яны таксама просяць «падладзіць» ранішнія і вячэрнія рэйсы пад супрацоўнікаў. Каб яны паспявалі на працу.

Расклад карэктуюць не толькі з-за Новага моста

Зараз у тралейбусным упраўленні карэктуюць расклад транспарта, які ездзіць у раёне новага пуцеправода каля «Гродна Азот». Там дадалі новы прыпынак — «праспект Касманаўтаў», а таксама светлафор. З-за гэтага павялічыўся час руху грамадскага транспарта.