Міністэрства ўнутраных спраў унесла лозунг “Жыве Беларусь” ў спіс нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. Адпаведны дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. 

У дакуменце акрэслілі, што вітанне “Жыве Беларусь” і водгук “Жыве” ў суправаджэнні паднятай рукі з раскрытай далонню – сімвал 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД [служба бяспекі рэйхсфюрэра – Hrodna.life]  і 30-й грэнадзёрскай (пяхотнай) дывізіі Ваффэн-СС.

Ці лічацца нацысцкімі выгук “Жыве Беларусь” і адказ на яго без жэставага суправаджэння або адпаведны надпіс – невядома.

Лозунг “Жыве Беларусь” прызналі нацысцкім. На колькі гадоў за яго будуць саджаць?
Скрыншот закона. Крыніца: pravo.by

Што яшчэ ўнеслі ў спіс нацысцкага 

Пастанова МУС датычыць двух спісаў: нацысцкіх арганізацый і структур ды нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. У абноўленых спісах дзевяць арганізацый і 52 віды сімволікі. Спіс нацысцкіх арганізацый папоўніла “30-я грэнадзёрская (пяхотная) дывізія Ваффэн-СС (руская №2, яна ж беларуская №1), на нямецкай мове – 30. Waffen-Grenadier-Division der SS (ruthenische Nr. 2) weissruthenische Nr. 1. У пастанове пазначана, што ў асноўным яна складалася з былых вайскоўцаў “Беларускай Краёвай Абароны”. 

Якое пакаранне будзе за публічнае дэманстраванне такой сімволікі

За прапаганду альбо публічнае дэманстраванне такой сімволікі, у тым ліку ў інтэрнэце, могуць пакараць крымінальнай адказнасцю паводле арт.341-1. Абвінавачанаму будзе пагражаць штраф, арышт, абмежаванне волі да трох гадоў або пазбаўленне волі да чатырох гадоў.