Больш за 120 жыхароў Гродзенскай вобласці папоўнілі спіс «экстрэмістаў». Сілавікі паведамілі, што аднагрупнікі затрыманага студэнта ГрГМУ прыйшлі ў міліцыю. У Гродне затрымалі яшчэ аднаго медыка. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 24 па 30 кастрычніка.

У Гродне затрымалі яшчэ аднаго медыка

Хлопец жыве ў Мінску і працуе ў РНПЦ кардыялогіі. У верасні 2020 года ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Гродне. Затрыманы — Антон Навумаў, паведамляе «Вясна».

Задержанные в Гродненской области. Скриншот Hrodna.life
Затрыманыя ў Гродзенскай вобласці. Скрыншот Hrodna.life

Жыхары Гродзенскай вобласці папоўнілі спіс «экстрэмістаў»

21 кастрычніка туды дадалі чатыры чалавекі, а 28 кастрычніка — больш за 120. Цяпер у спісе 1469 чалавек.

Ліквідацыя

Грамадскае аб’яднанне «Гродзенская гарадская Федэрацыя грэка-рымскай барацьбы «Волат» ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд.

Пазоўнік — Міністэрства юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Пасяджэнне прызначанае на 16 лістапада.

У турме № 1 Гродна некалькі зняволеных захварэлі на каросту

Пра гэта паведамляе жонка палітвязня Дзяніса Івашына Вольга. Гэта заразное скурнае захворванне, якое выклікаецца кляшчом. Перадаецца ад чалавека да чалавека праз скурны кантакт.

На былога палітвязня з Гродна Дзмітрыя Фурманава завялі новую крымінальную справу — за «абразу прадстаўніка ўлады»

28 кастрычніка ў бацькоў Дзмітрыя ў Гродне правялі ператрус у рамках новай крымінальнай справы — арт. 369 КК. Справу распачалі з-за каментароў, якія Фурманаў пакінуў 11 і 16 траўня ў 2022 Telegram-канале «Каратели Беларуси». Яны тычыліся начальніка рэжымнага аддзела папраўчай калоніі № 3 Сяргея Кібіка і начальніка папраўчай калоніі № 3 Аляксея Старавойтава. Апошні трымаў Фурманава 48 сутак у ШІЗА, адзначыў у Twitter сам Дзмітрый.

Дзмітрыя Фурманава затрымалі на Савецкай плошчы ў Гродне 29 траўня 2020 года падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Ён атрымаў два гады калоніі нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.арт. 342 КК). Дзмітрый выйшаў на волю 21 кастрычніка 2021 года і неўзабаве з’ехаў з Беларусі.

Дмитрий Фурманов и Ольга Корякина на свадьбе. Фото Радыё Свабода
Дзмітрый Фурманаў і Вольга Каракіна на вяселлі. Фота: Радыё С**бода

Як у Беларусі зменяць Выбарчы кодэкс і статус Усебеларускага народнага сходу

У Беларусі апублікавалі праект зменаў у Выбарчы кодэкс. Дакумент змяшчае 86 старонак. У грамадскім абмеркаванні на дзяржаўным рэсурсе «Прававы форум Беларусі» прапануюць паўдзельнічаць кожнаму. Там жа можна азнаёміцца з праектам закона аб Усебеларускім народным сходзе і абмеркаваць яго.

Участковы інспектар запытаў кампенсацыю за «звесткі, якія ганяць гонар»

Участковы інспектар АУС Гродзенскага райвыканкама Яўген Мяцеліца стаў істцом па справе «аб кампенсацыі маральнай шкоды па справах аб абвяржэнні звестак, якія ганяць гонар і годнасць грамадзяніна, распаўсюджаных у СМІ».

Адказчык — Аляксей Забіран. Палітвязня Аляксея Забірана прысудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 368 КК («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы»).

Працэс пройдзе 25 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе.

Сілавікі: аднагрупнікі затрыманага студэнта ГрДМУ прыйшлі ў міліцыю

Праз дзень пасля затрымання Артура Хлуса чацвёра студэнтаў ГрГМУ прыйшлі ў міліцыю і «прызналіся», што прыходзілі ў госці да затрыманага аднагрупніка на вечарынкі і танцавалі на фоне БЧБ-сцяга, сцвярджаюць сілавікі.

Пазней яшчэ чатыры дзяўчыны, якія былі ў гасцях у затрыманага Артура Хлуса, прыйшлі ў міліцыю. Са слоў дзяўчат на відэа, з імі правялі прафілактычную гутарку і адпусцілі дадому.

Жыхарка Лідскага раёна затрымалі за здзек з дзяржаўнага сцяга

Уначы 26 кастрычніка 26-гадовая дзяўчына шпацыравала па вуліцы Зыбіцкай у Мінску. З будынку адной установы яна сарвала чырвона-зялёны сцяг і кінула яго на зямлю, быўшы п’янай.

У дачыненні да дзяўчыны распачатая крымінальная справа па арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Яна затрыманая супрацоўнікамі міліцыі.

Лидчанку задержали за надругательство над флагом. Скриншот Hrodna.life
Лідчанку затрымалі за здзек са сцяга. Скрыншот Hrodna.life

Ліцэістаў падазраюць у хуліганстве за сапсаваныя таблічкі

Увечары 8 жніўня ў Бераставіцы два ліцэісты «раскурочылі» інфармацыйныя таблічкі з інфармацыяй пра Канстанціна Заслонава (савецкі партызан) і Аляксандра Матросава (Герой Савецкага Саюза), чыімі імёнамі былі названыя вуліцы райцэнтра.

На працягу некалькіх дзён міліцыя ўстанавіла асобу 17-гадовых навучэнцаў ліцэяў: адзін — мясцовага, а другі - Беластоцкага. Хлопец прыязджаў на вакацыі ў Беларусь.

У дачыненні да ліцэістаў распачалі крымінальную справу за хуліганства (арт.339 КК).

Прашэнне расіянкі Соф'і Сапегі паступіла ў камісію па памілаванні

Пра гэта «Sputnik Беларусь» паведаміў адвакат сям'і асуджанай Антон Гашынскі. Сапега разлічвае, што яе прашэнне будзе разгледжанае да канца года.

Соф’ю Сапегу асудзілі да шасці гадоў калоніі. Улетку 2022 года яна напісала прашэнне аб памілаванні, яно было перададзена ў адміністрацыю папраўчай калоніі ў Гомелі, дзе яна адбывае пакаранне.

Софья Сапега в Гродненском областном суде 6 мая. Фото: Пул 4 регион
Соф’я Сапега ў Гродзенскім абласным судзе 6 траўня. Фота: Пул 4 регион

Новыя экстрэмісцкія матэрыялы

Viber-чат «Останьтесь дома» прызналі экстрэмісцкім па рашэнні суда Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці ад 19 кастрычніка 2022 года. А 25 кастрычніка 2022 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі Telegram-каналы «Форты + Переселка», «Честный Гродно», «Суды, задержания. Гродно и область».

Да 19-гадовай былой палітвязняволенай Аніты Бакуновіч ужо месяц не пускаюць адваката

Дзяўчыну затрымалі 21 верасня ў Гродне, з 24 верасня яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Прычыны затрымання дагэтуль невядомыя — да Аніты ўвесь гэты час не пускаюць адваката, паведамляе «Вясна».

У канцы чэрвеня Бакунович прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Анита Бакунович. Фото: Вясна
Аніта Бакуновіч. Фота: «Вясна»

На БелАЭС вучыліся прадухіляць акты тэрарызму

27 кастрычніка на беларускай АЭС прайшлі планавыя вучэнні па прадухіленні актаў тэрарызму на аб’ектах атамнай прамысловасці.

Адпрацавалі алгарытм рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і акты тэрарызму на аб’ектах крытычнай інфраструктуры.

Жыхарку Ваўкавыска будуць судзіць за абразу прэзідэнта

59-гадовая пенсіянерка з Ваўкавыска ў 2020 годзе лайкнула ў «Одноклассниках» матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Яны з’яўляліся ў яе акаўнце — у тым ліку і абразы Аляксандра Лукашэнкі. Распачалі крымінальную справу, паведамляе Telegram-канал «Обратная сторона».

Таксама жанчына аднойчы ўдзельнічала ў акцыі пратэсту. За гэта яе не сталі прыцягваць з улікам даўніны правапарушэння.

У Польшчы распачата некалькі крымінальных спраў у сувязі з рэпрэсіямі 2020 года ў Беларусі

Пра гэта паведаміла дырэктар дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская, піша выданне «Позірк. Навіны пра Беларусь».

Паводле яе слоў, польская пракуратура вырашыла «выключыць публічнасць» пры расследаванні гэтых спраў. Але гаворка ідзе аб абароне інтарэсаў пацярпелых у першыя дні пратэстаў. Супрацоўнікі ЦБС год вялі суправаджэнне дакументаў па гэтых кейсах. Працу вядуць некалькі юрыстаў.

Лекара-неўролага Аляксандра Цялегу будуць судзіць другі раз за каментары пра чыноўнікаў, сілавікоў і суддзяў

Аляксандр Цялега працаваў неўролагам у Нарыльску. У жніўні 2020-га ён быў у Беларусі, і валанцёрыў каля Акрэсціна. Вясной 2021-га ён прыехаў у Беларусь у адпачынак, і быў затрыманы.

21 студзеня яго асудзілі ў Гродне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. Таксама ён на працягу месяца павінен быў выплаціць 19 пацярпелым ад 1000 да 2000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, паведамляе «Белыя Х**аты».

1 лістапада Аляксандра зноў будуць судзіць за каментары (паводле арт.369 КК — абраза прадстаўніка ўлады і арт. 366 КК — Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі).

Александр Телего. Фото: соцсети героя
Аляксандр Цялега. Фота: сацсеткі героя

Былы міліцыянт стаў начальнікам ідэалогіі ў гарвыканкаме

Начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама стаў Уладзімір Сацюк. Да гэтага з 2019 года ён узначальваў Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры.

Сацюк
Уладзімір Сацюк. Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

Падлеткаў, якія залілі Вечны агонь, арыштавалі ў актавай зале перад аднакласнікамі

«Цынізмам на мяжы» назвалі ўчынак гродзенскіх падлеткаў у прысвечаным ім сюжэце на АНТ, а іх саміх — «антыгероямі нашага часу». 15 кастрычніка школьнікі 14 і 15 гадоў патушылі Вечны агонь у парку Жылібера. Адзін з іх заліў агонь напоем, а другі зняў гэта на тэлефон і выклаў у сеціва. Іх ідэнтыфікавалі праз гадзіну. Зараз хлопцам пагражае шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Першапачаткова міліцыя забрала аднаго з падлеткаў з урокаў раніцай 21 кастрычніка з зусім іншай прычыны, распавёў знаёмы сям'і «Бе***ту». Быццам падлетка даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну з прычыны «нейкай бойкі з хлопцамі», там праверылі тэлефон і знайшлі тое самае відэа. Пазней сілавікі пераслалі відэа сабе, а яшчэ пазней яно трапіла ў інтэрнэт. Самі падлеткі яго туды не выкладалі, растлумачыў знаёмы сям'і.

У беларусаў з’явіліся цяжкасці з атрыманнем гуманітарных візаў у Польшчы

Атрымаць нацыянальную візу, знаходзячыся на тэрыторыі Польшчы, стала магчыма з 22 верасня. З першых дзён беларускія грамадзяне масава атрымліваюць адмову ў прыёме дакументаў, адзначыла дырэктар дэпартамента прававой дапамогі ЦБС Вольга Дабравольская. Пры тым візавы цэнтр аказвае толькі пасярэдніцкія паслугі. Рашэнне аб выдачы візы павінна прымацца на ўзроўні Міністэрства замежных спраў Польшы.

У Гродне адмянілі вечарыну і прыбралі дэкарацыі да Хэлоўіна — паскардзілася праўладная актывістка

Вечарыну да Хэлоўіна ў МЦ «Гродна» адмянілі. Таксама каля адной з тату-студый у Гродне прыбралі святочныя дэкарацыі. На іх паскардзілася гродзенская актывістка Вольга Бондарава з паплечнікамі.

Дэкарацыі ў Гродне. Фота Вольгі Бондаравай

Гродзенская турма раднейшая: «Апошні рок-н-рольшчык Беларусі» Ігар Банцэр — пра Варшаву, вяртанне дадому і адбітак безвыходнасці

Ігар Банцэр — гродзенскі музыка і былы палітвязень. Яму 42 гады. Зараз Ігар жыве ў Варшаве і хоча паўтарыць кар’еру Віктара Цоя — уладкавацца ў «качагарку». Пра тое, чаму гродзенская турма раднейшая, як пазнаць беларуса і што дапаможа перажыць зняволенне, Ігар Банцэр распавёў у відэа-праекце Руслана Кулевіча «Мы вернемся».

Игорь Банцер в проекте "Мы вернемся". Скриншот Hrodna.life
Ігар Банцэр ў праекце «Мы вернемся». Скрыншот Hrodna.life

Затрыманы тры супрацоўнікі прадпрыемства «Маёнтак Падароск»

На прадпрыемстве «Маёнтак Падароск» Ваўкавыскага раёна затрымалі трох супрацоўнікаў. Сярод іх — кіраўнік УП «Маёнтак Падароск» Юрый Меляшкевіч. Пакуль яны затрыманыя на 72 гадзіны. Супрацоўнікаў затрымалі ў межах расследвання крымінальнай справы. Верагодна, яна ўзбуджаная па арт.243 КК «Ухіленне ад выплаты падаткаў».

У Гродне затрымалі дырэктара клуба «Колизей»

Дырэктар начнога клуба «Колизей» Павел Богдан затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Відэа з ім з’явілася ў праўладным канале 28 кастрычніка. Па словах мужчыны, яго затрымалі супрацоўнікі па барацьбе з карупцыяй.

Директор клуба Колизей. Скриншот Hrodna.life
Дырэктар клуба «Колизей». Скрыншот Hrodna.life