Аўтуховіча пакаралі 25 гадамі зняволення, 20 з іх ён правядзе ва ўстанове ўзмоцненага рэжыму. У Гродне пачнуць судзіць Андрэя Ханевіча — былога старшыню незалежнага прафсаюза «Гродна Азот». Сем прысудаў вынеслі ў Гродзенскай вобласці. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 17 па 23 кастрычніка.

Затрыманні

  • Чарговы гродзенец затрыманы за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.
  • Лідчаніна затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП) і абразу супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 КК). Затрыманы — 46-гадовы Сцяпан Якуць, паведамляе канал «Задержания, суды в Лиде».
  • 18 кастрычніка ў Гродне была затрыманая кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГрДУ Святлана Сілава. Сілава абвінавацілі ў «захоўванні і распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе «Хрысціянская Візія». Суд падвергнуў яе штрафу. Тэлефон Сілавай канфіскаваны.
  • У Гродне затрыманы студэнт ГрДМУ і работнік хуткай дапамогі. Хлопца затрымалі прама перад корпусам універсітэта. Прычынай сталі рэгістрацыя ў «Плане Перамогі», удзел у пратэстах у 2020 годзе і заклікі да масавых беспарадкаў. Затрыманы — Артур Хлус, паведамляе"Вясна".

Былы камандзір МНС Аляксандр Курганскі выйшаў на волю

Аляксандр Курганскі больш за 15 гадоў прапрацаваў у МНС. Перад затрыманнем быў камандзірам аддзялення ў частцы № 7 у Гродне. Яго затрымалі 30 верасня 2021 года па «справе Зельцара». Пасля гэтага яго звольнілі і абавязалі выплаціць 7000 рублёў паводле кантракту, паведамляе «Вясна».

Курганскага абвінавацілі па арт. 369 КК і ч. 1 арт.130 КК. 12 жніўня 2022 года палітвязню прысудзілі 1,5 года калоніі, а таксама штраф у памеры 1600 рублёў.

28 чэрвеня 2022 года КДБ ўнёс Аляксандра ў спіс асобаў, «якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», а ў верасні — да «экстрэмісцкай».

Аляксандр цалкам адбыў тэрмін і 17 кастрычніка выйшаў на волю з віцебскай калоніі № 3, дзе яго амаль два месяцы ўтрымлівалі ў «карантыне».

Александра Курганский. Фото правозащитников
Аляксандра Курганскі. Фота праваабаронцаў

Затрыманага па справе Зельцара супрацоўніка «Хімвалакно» судзяць у судзе Гродзенскага раёна

Паўла Бяленіка судзяць па шэрагу артыкулаў КК:

  • 343 заўв. 1 ч. 3 — Выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга;
  • 167 ч. 3 — Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару;
  • 169 ч. 2 — Распусныя дзеянні.

Справу разгледзяць у закрытым судовым пасяджэнні.

Павел быў затрыманы ў канцы верасня 2021 года. Ён таксама праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК — абраза прадстаўніка ўлады і 130 КК — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.

Павел Беленик. Фото: соцсети героя
Павел Бяленік. Фота: сацсеткі героя

Кіроўцу спынілі за напісаныя на аўтамабілі «праклёны прэзідэнту РФ»

Каля Смаргоні спынілі 46-гадовага жыхара Вілейскага раёна — на яго аўтамабілі былі напісаныя «праклёны прэзідэнту РФ».

Мясцовы жыхар перавозіў аўтамабіль на лафеце, каб пакінуць на рамонт. Паводле сцвярджэння сілавікоў, на бартах аўто былі напісаныя «праклёны прэзідэнту РФ».

Спачатку мужчына паведаміў, што аўтамабіль спісалі хуліганы, пакуль ён ездзіў па помпу для кола, якое спусціла. У РАУСе ён напісаў заяву і ацаніў шкоду амаль у 400 рублёў. Распачалі крымінальную справу.

Але сілавікі прыйшлі да высновы, што мужчына сам спісаў аўтамабіль, каб «хайпануць» і выдумаў гісторыю з хуліганамі. Паводле іх версіі, мужчыну чакае пратакол, магчыма, крымінальная справа за загадзя ілжывы данос аб злачынстве.

Жыхара вобласці асудзілі за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці і абразу Лукашэнкі

51-гадовага гродзенца абвінавацілі ў злачынствах супраць палавой недатыкальнасці, ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны, а таксама публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 і ч. 3 арт. 167, ч. 1 арт. 169, ч. 1 арт. 173, ч. 1 арт. 368 КК).

Абвінавачаны «здзейсніў дзеянні сэксуальнага характару» ў дачыненні да малалетніх насуперак іх волі і «распусныя дзеянні» ў дачыненні да непаўналетняга. Таксама ён паіў іх алкаголем.

У лістападзе 2021 года «ВКонтакте» мужчына размясціў непрыстойныя па форме паведамленні, якія зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі.

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна асудзіў яго на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Верагодна, абвінавачаны — Тадэвуш Явароўскі. Яго справу разглядалі ў закрытым судовым пасяджэнні.

Палітзняволенай Юліі Лаптановіч на тры месяцы зменшылі прысуд па выніках апеляцыі

18 кастрычніка Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Юліі Лаптановіч. У выніку шматдзетнай маці скарацілі тэрмін на тры месяцы — з пяці гадоў зняволення да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў, а таксама скарацілі суму штрафу амаль на тысячу рублёў. Хутка жанчыну этапуюць у калонію, паведамляе «Вясна».

Гродзенскі абласны суд 18 ліпеня прысудзіў актывістку з Пружанаў паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса да пяці гадоў калоніі. Год таму Юлію і яе мужа Ігара асудзілі па «справе карагодаў». Ігара адправілі ў калонію, а жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію». Праз некалькі месяцаў Юлію затрымалі па новай крымінальнай справе. На волі іх чакаюць трое дзяцей.

Юлия Лаптанович. Фото: "Вясна"
Юлія Лаптановіч. Фота: «Вясна»

Сланімчане папрасілі Савет дэпутатаў прымаць рашэнні па-беларуску. Ім адмовілі

Жыхары Слоніма напісалі зварот у Слонімскі раённы Савет дэпутатаў з прапановай, каб ён прымаў рашэнні не толькі на рускай мове, але і на беларускай, паведамляе «Гарадзенская права».

«Дэпутаты аднагалосна вырашылі прымаць нарматыўнаправавыя акты Слонімскага раённага Савета дэпутатаў на рускай мове ў сувязі з тым, што гэта больш зручна большасці. Разам з тым права прымаць рашэнні на беларускай мове таксама захоўваецца», — паведаміла намеснік старшыні Ірына Вінаградава.

Ответ слонимских депутатов. Фото: Гарадзенская праваабарона
Адказ слонімскіх дэпутатаў. Фота: «Гарадзенская вясна»

За некалькі дзён беларусы сабралі грошы на аплату адваката Галіны Дзербыш

Пра гэта паведаміла дачка палітвязня. За чатыры дні сабралі больш за 12 000 рублёў.

Сбор на адвоката Галины Дербыш окончен. Фото: дочери Галины
Збор на адваката Галіны Дербыш скончаны. Фота: дачкі Галіны

2 гады калоніі агульнага рэжыму за лайк пад каментаром прысудзілі жыхару Ваўкавыска

30 верасня ў судзе Ваўкавыскага раёна асудзілі Уладзіміра Сергіенка па ч. 2 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады», паведамляе MAYDAY TEAM.

Мужчыну затрымалі 23 чэрвеня па «адміністратыўцы». Паводле арт. 19.10 і 19.11 КаАП ён атрымаў 10 сутак арышту. Неўзабаве яму прад’явілі абвінавачванне. Са слоў блізкіх, крымінальную справу завялі за лайк пад каментарамі, якія абражаюць гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі і міністра абароны Віктара Хрэніна.

Палітвязня Андрэя Сцепаненка з Гродна ў калоніі пазбавілі перадачы і змяшчалі ў ШІЗА

У пачатку ліпеня палітвязня Андрэя Сцепаненка накіравалі ў бабруйскую калонію № 2. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адразу па прыбыцці палітвязня пазбавілі перадачы. Пазней яго на тыдзень змяшчалі ў штрафны ізалятар, паведамляе «Вясна».

Андрей Степаненко. Фото: соцсети героя
Андрэй Сцепаненка. Фота: сацсеткі героя

За лайк былы супрацоўнік «Гродна Азот» атрымаў 3,5 гады калоніі

21 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна былога работніка «Гродна Азот» Эдуарда Ісаева асудзілі па ч.2 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і ч. 2 арт. 368 КК «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Справу разглядаў суддзя Генадзь Мазайла, паведамляе MAYDAY.TEAM.

Мужчына паставіў лайк у «Одноклассниках» — у суполцы «Стоплука» пад пастом з выявай Аляксандра Лукашэнкі. Мужчыну затрымалі 25 чэрвеня за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў па арт 19.11 КаАП і падвергнулі 10 сутак арышту. Пасля яго заключылі пад варту.

Дома ў Эдварда Ісаева засталіся жонка і маленькія дзеці.

Паўла Малітвіка асудзілі на 2 гады калоніі

Жыхара Пінска Паўла Малітвіка асудзілі 21 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гродна, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Яго абвінавацілі па:

  • арт. 364 КК — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
  • арт. 369 КК — Абраза прадстаўніка ўлады.

Павел быў затрыманы 2 верасьня 2022 года за каментары ў інтэрнэце, напісаныя ў траўні 2020 года. Ён абразіў двух супрацоўнікаў міліцыі. Малітвіка асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму. Таксама ён заплаціць кампенсацыю пацярпелым. У мужчыны — двое дзяцей.

У Гродне асудзілі Наталлю Тодрас

19 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынеслі прысуд раней судзімай Наталлі Тодрос — 2,5 года «хатняй хіміі». Адзін з пацярпелых спагнаў 2000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Абвінавачаная ў кастрычніку 2020 года, будучы ўдзельнікам экстрэмісцкага канала, двойчы размясціла абразлівыя каментары пад публікацыямі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт.369 КК). Наталля прызнала віну, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Паколькі яна ўжо была судзімая, прысуд пакінулі такім жа — ён паглынуў менш строгі прысуд суда Цэнтральнага раёна Мінска.

Новыя палітвязні ў Гродзенскай вобласці

Юрый Станеўскі. Яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 368, арт. 370, ч. 2 арт. 366, арт. 369, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 366 КК да сямі гадоў калоніі за каментары ў «дэструктыўным» Telegram-чаце на адрас Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, расійскіх вайскоўцаў;

Валерый Барзенка. Яго асудзілі па ч. 3 арт. 130 і ч. 2 арт. 295 КК да сямі гадоў калоніі за перадачу ў Telegram-боты «дэструктыўных каналаў» звестак аб сваім былым начальніку, а таксама за захоўванне патронаў да агнястрэльнай зброі;

Андрэй Сачэўка. Яго асудзілі па ч. 1 арт. 130 ч. 1 арт. 293 КК да шасці гадоў калоніі за размяшчэнне ў інтэрнэце каментароў з заклікамі да ўдзелу ў пратэстных акцыях. Хлопец пакутуе на псіхічнае засмучэнне.

Эдвард Вільчэўскі. Яго асудзілі па ч. 1 арт. 130, арт.369, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293, арт. 364 КК да дзевяці гадоў калоніі за публікацыю каментароў з заклікамі аказваць супраціў разгонам пратэстных акцый, абразу прадстаўнікоў улады, арганізацыю масавых беспарадкаў і падрыхтоўка да масавых беспарадкаў.

Аляксандра Петушкова са Слоніма асудзілі на 7,5 гадоў калоніі ў Гродзенскім абласным судзе

Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Яго судзілі за:

  • 342 ч. 1 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці;
  • 368 ч. 1 — Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 293 ч. 1 — Масавыя беспарадкі.

Аляксандра Петушкова са Слоніма затрымалі ў студзені 2022 года. Відэа з ім выклалі праўладныя Telegram-каналы. Аляксандр сказаў, што яго затрымалі за каментары пра пратэстныя настроі ў Казахстане, змену ўлады і ўвод войскаў АДКБ.

Задержанный Александр Петушков. Фото: провластные Telegram-каналы
Затрыманы Аляксандр Петушкоў. Фота: Праўладныя Telegram-каналы

У Мажэйкі вывучаюць ужо вывучаную тэхніку

Эксперты Следчага камітэта будуць вывучаць тэхніку, якую забралі пры ператрусах у палітвязня Паўла Мажэйкі.

Гэта тая ж тэхніка, якую ў Мажэйкі забралі пры вобыску ў 2021 года. Яе «даследавалі» паўтара года і вярнулі летам 2022 года. Цяпер яе забралі паўторна, паведамляе «Гарадзенская праўда».

Аўтуховіча пакаралі 25 гадамі зняволення. 20 з іх — ва ўстанове ўзмоцненага рэжыму

Мікалая Аўтуховіча асудзілі на 25 гадоў гадоў пазбаўлення волі. Першыя пяць гадоў зняволенага будуць утрымліваць у турме. Потым на 20 гадоў яго змесцяць у калонію ўзмоцненага рэжыму.

Таксама Гродзенскі абласны суд прысудзіў Аўтуховічу штраф у памеры 1000 базавых велічынь (32 000 рублёў) і пазбавіў звання старэйшага прапаршчыка ў адстаўцы.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачвалі па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Іншым абвінавачаным прызначылі да 20 гадоў пазбаўлення волі. Антона Мельхера адпусцілі ў зале суда (якім выступае памяшканне турмы № 1 Гродна) — яму залічылі ў адбыванне пакарання час знаходжання пад вартай.

Што адбылося пасля вынясення прысуду?

  • Фігуранты «справы Аўтуховіча» Мікалай Аўтуховіч, Павел Сава, Віктар Снягур, Ірына Гарачкіна прызнаныя палітвязнямі. Іншых абвінавачаных па гэтай справе прызналі палітвязнямі раней.
  • На палітвязня Мікалая Аўтуховіча, якому 17 кастрычніка прысудзілі 25 гадоў калоніі, працягвае ціснуць адміністрацыя гродзенскай турмы № 1. Яго знаёмыя паведамляюць, што да яго два месяцы не прыходзяць супрацоўнікі, у якіх ён можа зрабіць заказ прадуктаў у турэмнай краме. Таму, «хоць грошы на рахунку ёсць, ён зноў не можа набыць сабе нават ваду і туалетную паперу». Акрамя гэтага, яму да гэтага часу блакуюць перапіску, паведамляе «Вясна».
  • Палітвязня Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцэр на 7 сутак. Пра гэта паведамілі ягоныя знаёмыя ў Facebook, піша «Вясна». Палітвязня змясцілі ў карцэр 20 кастрычніка, прычыны спагнання невядомыя.
Николай Автухович в день приговора. Фото БелТА
Мікалай Аўтуховіч у дзень прысуду. Фота БелТА

«Гродна Азот» трапіў пад санкцыі Украіны. Перад вайной ён быў для яе найбуйнешым пастаўніком угнаенняў

Указы аб увядзенні санкцый супраць блізу 4000 грамадзян і арганізацый з Беларусі і Расіі падпісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У санкцыйным спісе сярод іншых прадпрыемстваў ёсць і «Гродна Азот». У лютым 2022 года, перад самым пачаткам вайны, яго называлі найбуйнейшым пастаўніком угнаенняў ва Украіну.

У Гродне пачнуць судзіць Андрэя Ханевіча — былога старшыню незалежнага прафсаюза «Гродна Азот»

31 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе пачнецца працэс над былым старшынёй першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот» Андрэем Ханевічам. Раней прафсаюз прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і прынялі рашэнне аб яе ліквідацыі і забароне дзейнасці.

Андрэя будуць судзіць па двух крымінальных артыкулах: 369 заўв. 1 — Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь і 361 заўв. 4 ч. 2 — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Артыкулы дагэтуль не раскрывалі — фігуранты крымінальнай справы давалі падпіскі аб неразгалошванні.

Андрей Ханевич. Фото: Telegram-канал заводчан
Андрэй Ханевіч. Фота: Telegram-канал завадчан

Калектыўны Захад і падрыхтоўка да вайны. Аб чым гаварылі кіраўнікі сілавых ведамстваў рабочым на «Азоце»

Сустрэча прадстаўнікоў беларускіх сілавікоў і работнікаў «Гродна Азот» прайшла 20 кастрычніка. На ёй гаварылі аб «калектыўным Захадзе», зброі для Украіны, якая «зацягвае супрацьстаянне» і можа трапіць да «радыкальных» беларусаў, падрыхтоўцы Польшчы да захопніцкай вайны і аб тым, ці будзе ваяваць Беларусь.

На магіле Вітольда Ашурка ўсталявалі помнік

Праз паўтара гады пасля пахавання на магіле актывіста Вітольда Ашурка з’явіўся помнік. Яна знаходзіцца на могілках у горадзе Бярозаўка Лідскага раёна.

Вітольда Ашурка пахавалі 26 траўня. На развітанне прыйшлі сотні людзей, цела накрылі бела-чырвона-белым сцягам, з якім і пахавалі труну. 13 кастрычніка актывісту і палітвязню з Бярозаўкі споўнілася б 52 гады.

Памятник Витольду Ашурку. Фото: «Радыё Рацыя»
Помнік Вітольду Ашурку. Фота: «Радыё Рацыя»

У Гродне затрымалі адвакатку Яніну Юргілевіч

Гродзенскую адвакатку Яніну Юргілевіч затрымалі 17 кастрычніка перад абвяшчэннем прысудаў па «справе Аўтуховіча». На працэсе яна абараняла аднаго з членаў сям'і Рэзановіч, асуджаных па гэтай справе. Абноўлена. У хуткім часе пасля затрымання Яніну Юргілевіч адпусцілі.

янина юргилевич
Яніна Юргілевіч. Крыніца фота: Рэспубліканская калегія адвакатаў