Гераінямі фотавыставы сталі тры беларускі, якія зараз праходзяць лячэнне ад раку малочнай залозы. Іх асабістыя гісторыі жыцця з ракам падрыхтавала рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік. Выстава адкрылася 14 кастрычніка, напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з ракам грудзей, у культурніцкай прасторы Імагуру. Да вернісажу прымеркавалі лекцыю-гутарку аб прафілактыцы анкалагічных захворванняў. Жадаючыя маглі запісацца на кансультатыўны прыём да лекара.
Мерапрыемства і выставу и выставку падрыхтавалі Hrodna.life і НДА «Лекары за праўду і справядлівасць». Пра тое, як прайшла імпрэза, напісалі калегі з Беларускай асацыяцыі журналістаў.
«Мне хацелася ўзмацніць гучанне галасоў дзяўчат у такой важнай тэме. Вы паглядзіце гэтую выставу, і, магчыма, яна дапаможа жыць з гэтай хваробай у свеце», — адзначыла аўтарка праекту Ірына Новік.
Адна з яе гераінь — Кацярына Пытлева — мела генетычную схільнасць да раку. Як распавяла сама Кацярына, яна — пятая ў сваім родзе па жаночай лініі, хто змагаецца з гэтым дыягназам.
«Калі ты з галавой сыходзіш у працу, то нярэдка забіваеш на сябе. Такім чынам, мы самі даём шчыліну раку. Трэба часцей прыслухоўвацца да свайго арганізма, не забывацца праходзіць прафілактычныя абследаванні. Часцей за ўсё ў такую пастку трапляюць нашы мамы і бабулі, бо старэйшае пакаленне не прывыкла клапаціцца пра сябе. Яны могуць па 10 гадоў не з’яўляцца ў гінеколага ці мамолага», — падкрэсліла журналістка.
У Кацярыны Ваданосавай, у адрозненне ад цёзкі, ніякай схільнасці да раку не было, дыягназ заспеў яе знянацку. Цяпер яна праходзіць хіміятэрапію, якая, як прызнаецца тэлевядучая, кожны месяц на тыдзень выбівае яе з працоўнага працэсу. У найбліжэйшай будучыні яе чакае прамянёвая тэрапія.
«І ўсё ж я ўпэўненая, што не трэба ператвараць лячэнне ў хрэсны ход. Я не хачу вывучаць тоны кніг пра рак, цярпець не магу, калі мне кідаюць спасылкі на інстаграм нейкай чарговай жанчыны, якая змагаецца з хваробай. Гэта ўсяго толькі перыяд, які трэба перацярпець, а не ператвараць у аснову жыцця», — усміхаецца тэлевядучая.
Калі абедзве Кацярыны даведаліся аб сваім дыягназе адносна нядаўна, то трэцяя гераіня выставы — Лена — жыве з гэтай хваробай практычна год. Прайшла хіміятэрапію і аперацыю па выдаленні грудзі. Неўзабаве давядзецца ампутаваць і другую. За гэты год змянілася не толькі яе цела, але і яна сама. Лена расказала, што нечакана рак стаў тым штуршком, які дапамог ёй зрабіць першыя крокі да прыняцця сябе.
«Многія не вераць мне, калі на іх пытанне „Як справы?“ я адказваю: „Выдатна!“ Яны перапытваюць: хіба можа быць усё выдатна, калі дыягнаставаны рак? Год таму я таксама так думала. Нават ад лекара пасля прызначэння лячэння спрабавала дабіцца, колькі ж мне засталося. А цяпер разумею: рак — гэта абсалютна стандартнае захворванне, раннія стадыі вельмі добра лечацца, таму трэба думаць не пра смерць, а працягваць жыць».