«Рак грудзей сустракаецца і ў мужчын, — расказвае хірург-анколаг Валерый Астапенка. — Але жанчыны хварэюць ім прыкладна ў сто разоў часцей. Быць жанчынай — ужо фактар ​​рызыкі».

Валерый працуе ў анкахірургіі больш за 30 гадоў. Абедзве яго дысертацыі - кандыдацкая і доктарская — прысвечаны лячэнню раку малочных залозаў. Ён першым у Літве пачаў праводзіць анкапластычныя аперацыі па аднаўленні грудзей пасля выдалення пухлін. У год праводзіў каля 300 аперацый і больш за 10 000 кансультацый. А яшчэ ён — прадстаўнік сямейнай дынастыі. Хірургам быў бацька Валерыя, у хірургію пайшлі і двое з траіх яго сыноў. Агульны ўрачэбны стаж у дынастыі Астапенка — каля 100 гадоў. Для Hrodna.life лекар распавёў, як змяніліся дыягностыка і лячэнне рака грудзей і чаму хірургу трэба быць яшчэ і добрым псіхолагам.

Самае частае пытанне: «Чаму я?»

Рак грудзей — самае распаўсюджанае анкалагічнае захворванне ў жанчын. Яго знаходзяць прыкладна ў кожнай дзесятай. Раней такі дыягназ ставілі жанчынам 50+ і звязвалі яго з фактарамі паводзінаў - лішняй вагой, курэннем ці іншымі. Цяпер рак грудзей моцна памаладзеў. Сярод хворых — жанчыны 30−40 гадоў. Многія з іх вядуць здаровы лад жыцця і займаюцца спортам. Калі яны даведаюцца аб дыягназе, яго цяжка прыняць. «Чаму я? Чаму гэта адбываецца са мной? — чуць такое даводзілася Валерыю Астапенку не аднойчы.

«Цяжкае пытанне, — кажа лекар, — асабліва для маладых жанчын. Многія з іх не п’юць, не паляць і не маюць залішняй вагі, але хварэюць ракам. Тут трэба ў першую чаргу глядзець генетыку — ці хварэў на рак малочных залозаў або на рак яечнікаў хтосьці ў сям'і. Можна загадзя зрабіць генетычны аналіз і даведацца — ці не атрымала я гэты ген, з-за якога можа ўзнікнуць хвароба. Гаворачы аб іншых фактарах — у гэтым жыцці мы яшчэ не ўсё канчаткова адкрылі. Аб курэнні або лішняй вазе дакладна вядома: так, гэта ўплывае. Але, відаць, ёсць і іншыя фактары, пра якія мы пакуль не ведаем».

Чытайце таксама: «Будуць у мяне прыгожыя новыя сіські». Як рак навучыў Лену любіць сябе і радавацца жыццю

Няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні - з’яўляецца небяспека рака

Па меркаванні лекара, акрамя генетычных фактараў, могуць уплываць на магчымасць рака і сацыяльныя фактары. Напрыклад тое, што зараз жанчыны нараджаюць першае дзіця ў пазнейшым узросце.

«Калі я скончыў медыцынскі і ажаніўся, мне было 26. І пра мяне ўжо казалі „стары кавалер“. Жонцы было 25 і ёй таксама казалі „старая панна“. Першае дзіця яна нарадзіла ў 26 — лекары лічылі, што гэта вельмі позна. А гляджу на пакаленне сваіх дзяцей — яны заводзяць сем'і ў 35. Маладым жанчынам даводзіцца клапоціцца аб сваёй будучыні: думаць, ці атрымаю я працу, ці змагу яе захаваць, калі зацяжараю. Таму і выбіраюць — спачатку адвучыцца-абараніцца, потым нараджаць».

«Быць жанчынай - ужо фактар рызыкі». Анколаг расказаў, як лечаць рак малочнай залозы, чаму хвароба памаладзела і навошта анкахірургу быць яшчэ і псіхолагам
Фактараў, каторыя могуць выклікаць рак малочных залозаў шмат. пра ўплыў адных медыкам выдома. Іншыя пакуль не вывучаны

Засцярога ад цяжарнасці і яе перапыненне таксама могуць павысіць верагоднасць раку грудзей.

«Першыя назіранні наконт гэтага зрабілі італьянцы. Яны заўважылі, што хварэлі часцей манашкі, таму што яны не нараджалі», — кажа лекар.

Захворвальнасць расце, але смяротнасць зніжаецца

Адзначаючы, што рак грудзей сапраўды «№ 1» сярод жанчын, Валеры Астапенка кажа, што назіраюцца і іншыя, добрыя тэндэнцыі. «Калі захворванне расце, а смяротнасць зніжаецца, значыць лекары робяць тое, што трэба. Калі пачынаюць працаваць праграмы прафілактыкі, смяротнасць стабілізуецца і змяншаецца». Другой добрай навіной Астапенка называе тое, што ў сучаснай медыцыны ёсць шмат магчымасцяў дыягнаставаць рак.

«Раней мы казалі, што важна своечасова дыягнаставаць і лячыць. Цяпер прыярытэты на якасць жыцця. Робячы аперацыю, — кажа лекар, — важна не забываць аб тым, што гэта жанчына. Што яна хацела б выглядаць, як жанчына».

Чытайце таксама: Грудзі, дзеці, валасы. Кацярына Ваданосава — пра самыя складаныя моманты перажывання раку

Валерый Астапенка пачаў рабіць анкапластычныя аперацыі яшчэ ў пачатку 1980-х. Кажа, што шмат чаму давялося вучыцца ў пластычных хірургаў. Яны выдаляюць частку грудзей для таго, каб было прыгожа. Дык чаму б хірургам-анколагам, якія таксама выдаляюць частку грудзей, не пераняць іх вопыт? Тое, што пасля мастэктоміі ў жанчыны будуць прыгожыя грудзі, вельмі важна для яе псіхалагічнага камфорту, лічыць хірург. Асабліва, калі гэтую аперацыю робяць для жанчын бясплатна.

Валерий Остапенко, онкохирург, рак груди
Валерый Астапенка, анкахірург. У гутарцы ён расказаў, што ў 90-я, калі «ў медыцыне было вельмі цяжка і плацілі мала», некаторыя калегі «падаліся ў бізнес». «Тады можна было гандляваць у латку і нармальна жыць». Але Валерый Астапенка з прафесіі не сышоў. І, паводле яго слоў, ні разу пра гэта не пашкадаваў

Гаворка таксама аб тым, што ёсць спосабы захаваць валасы пры выкарыстанні хіміятэрапіі або забяспечыць рухомасць рук пасля аперацыі.

«З іншага боку, шмат жанчын перажываюць, ці змогуць яны пасля лячэння мець дзяцей. Мы павінны і пра гэта падумаць, — кажа лекар. — Павінны зрабіць усё, каб нават пасля радыкальнай аперацыі яна была здаровая, магла быць каханай і заставацца жанчынай».

Што можна зрабіць для прафілактыкі?

Валерый Астапенка расказаў, што рак грудзей можа быць пальпуемым або непальпуемым. Першы можна вызначыць пры аглядзе грудзей. Таму жанчынам трэба рэгулярна, хаця б раз у месяц, аглядаць грудзі. Дыягнаставаць непальпуемы рак можна толькі мамаграфічным абследаваннем.

«Быць жанчынай - ужо фактар рызыкі». Анколаг расказаў, як лечаць рак малочнай залозы, чаму хвароба памаладзела і навошта анкахірургу быць яшчэ і псіхолагам
Па словах адной з пацыентак Астапенка, рак асацыюецца ў яе з нейкай калючай раслінай. «Як быццам яна прычапілася да цябе і трэба адарваць і выкінуць»

«Бывае, што жанчыны выяўляюць ушчыльненні ці вузельчыкі, але не звяртаюцца да лекара, таму што гэта не выклікае турботы. Але боль у грудзях можа быць звязаны з месячнымі, а ўшчыльненні, змяненне формы, уцягнутыя цмочкі, крывяністыя вылучэнні з іх — гэта сімптомы, якія могуць казаць пра рак. Пры такіх прыкметах варта звярнуцца да лекара — прайсці УГД і клінічны агляд».

Як зараз лечаць рак

«Раней, — кажа Астапенка, — усіх жанчын лячылі аднолькава. Цяпер вылучаюць чатыры падтыпы раку і кожны з іх лечыцца па сваім пратаколе». З прынцыповых спосабаў лячэння выкарыстоўваюць хірургію, радыё- і хіміятэрапію, біялагічнае і гарманальнае лячэнне, імунатэрапію.

Пры хірургічным лячэнні выдаляецца частка грудзей ці грудзі цалкам. Прынцып хіміятэрапіі ў тым, што яна дзейнічае на клеткі, якія хутка дзеляцца. Тут трэба памятаць, што акрамя ракавых клетак хутка растуць і клеткі валасоў і крыві. Таму ёсць такія пабочныя вынікі, як выпадзенне валасоў. Сучаснае лячэнне, якое з’явілася адносна нядаўна — біялагічнае. Яно знішчае толькі ракавыя клеткі. Гэта дасягаецца дзеяннем на сасуды ці на фактары росту ракавых клетак. Гармонатэрапія блакуе пэўныя рэцэптары, каб ракавыя клеткі не раслі. Імунатэрапія дазваляе «навучыць» арганізм распазнаваць ракавыя клеткі і пачаць з імі змагацца.

Аб’ём лячэння вызначаюць для кожнай пацыенткі індывідуальна. Нават хіміятэрапія патрэбна не заўсёды. «Пры спрыяльных варыянтах можна абысціся без хіміі. Цяпер з’явіліся спецыяльныя тэсты і можна вызначыць, ці патрэбна яна. У апошні час кажуць, што хворыя на рак атрымліваюць залішняе лячэнне, а гэта можа даваць пабочнае дзеянне на ўвесь арганізм, прыводзіць да іншых праблем. Увогуле, камбінуюць розныя спосабы лячэння, каб атрымаць добрыя вынікі».

Як гаварыць з пацыенткамі?

Для лекара вельмі важна, каб пацыентка была спакойная і разумела, што зараз рак грудзей — гэта не смяротны прысуд. Яна будзе жыць, будзе здаровая, будзе таксама выглядаць, як і раней.

«Бывае, жанчына прыходзіць на першы прыём з думкамі, ці будзе яна ўвогуле жыць. А лекар пытаецца, ці актуальныя для яе пытанні цяжарнасці. Можа, трэба да пачатку лячэння замарозіць клеткі. Або калі лекар кажа не толькі пра выдаленне грудзей, але і пра варыянты аднаўлення. Тады яна пачынае разумець, што будзе жыць, што, магчыма мець добрыя эстэтычныя вынікі і захаваць якасць жыцця, і пачынае думаць, што ўсё будзе добра. Проста так склалася, што гэтая хвароба прыйшла. Але з ёй побач будуць лекары, якія зробяць усё, каб яна была здаровая».

Онкохирург Валерий Остапенко во время консультативного приёма, рак груди
Анкахірург Валерый Астапенка падчас кансультатыўнага прыёму

Паспяховасць лячэння рака грудзей залежыць ад стадыі, на якой выявілі хваробу і пачалі лячэнне. Цяпер каля 75−80% пацыентак пачынаюць лячэнне на 1−2 стадыі. У гэтым выпадку рак паспяхова лечыцца. Паказчык «пяцігадовай выжывальнасці» ў еўрапейскіх краінах складае каля 90%. Калі пры першаснай дыягностыцы выяўлены 3−4 стадыя рака, то перспектывы некалькі горшыя.

«Пра гэта мы таксама павінны казаць пацыенткам, — тлумачыць лекар. — Калі не можам вылечыць, можам стабілізаваць стан. Калі і гэта немагчыма, то хаця б паклапаціцца, каб хворая атрымлівала патрэбнае лячэнне і разумела, што пра яе думаюць і імкнуцца падтрымаць».

Зразумець — гэта таксама дапамагчы

На думку Валерыя Астапенкі, асабісты кантакт і давер паміж лекарам і пацыенткамі таксама садзейнічае паспяховаму лячэнню. Тады жанчына па-іншаму глядзіць на лекара. Бачыць не проста «здрасце-да пабачэння», а спецыяліста, які можа дапамагчы.

«Быць жанчынай - ужо фактар рызыкі». Анколаг расказаў, як лечаць рак малочнай залозы, чаму хвароба памаладзела і навошта анкахірургу быць яшчэ і псіхолагам
Пацыенткі рэагуюць на ўвагу з боку лекара, як кветкі на святло

Анкахірургу, лічыць Астапенка, мала быць проста добрым лекарам.

«Ты мусіць быць яшчэ і псіхолагам. Павінен навучыцца разумець чалавека і імкнуцца дапамагчы яму. Калі будзеш будаваць адносіны толькі з пазіцыі „я лекар, я лепш ведаю“, то людзі гэта адчуюць. Калі хворая бачыць, што лекар імкнецца зразумець і на кожным этапе быць побач, тое гэта таксама дапамагае ў лячэнні - уключаюцца тыя сілы арганізма, якія інакш лекары не могуць выкарыстоўваць».

Чытайце таксама: