Мабільную туалетную кабіну для людзей з інваліднасцю закупіла Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. Яе павінны даставіць у Гродна 8 лістапада.

Каштуе кабіна 6 000 рублёў. Яе набылі за кошт сродкаў гарадскога бюджэту.

Сярод характарыстык мабільнага туалета — зручныя ручкі для пераносу і перамяшчэння, шырокі дзвярны праём, надзейныя поручні па ўсім перыметры, святлопранікальны дах, унітазнае сядзенне з вечкам.

У дзяржзакупцы не ўдакладнілі, для чаго закупілі мабільную кабіну. Актывістка і ініцыятар некалькіх інклюзіўных праектаў Ганна Яшына лічыць, што якасную кабіну можна выкарыстоўваць на ўсіх гарадскіх масавых мерапрыемствах. Ацаніць яе без фота актывістка не змагла.

 — Па-першае, кабіна павінна быць больш чыстая, каб, калі я не ўтрымаюся або ўпаду, гэта не было катастрафічна для майго адзення. Другі момант, які палягчае ўзаемадзеянне — гэта поручні. Я, напрыклад, магу ўстаць каля поручня і зрабіць усе свае справы самастойна. Калі поручня не будзе, хутчэй за ўсё, мне патрэбна будзе дапамога, альбо я наогул не скарыстаюся гэтай кабінай. Павінны быць шырокія дзверы — каб вазочнікі свабодна заехалі туды на вазку.

Мобильный туалет для людей с инвалидностью. Иллюстративное фото с  bigl.ua
Мабільны туалет для людзей з інваліднасцю ўнутры. Ілюстрацыйнае фота з bigl.ua

Біяпрыбіральні, якія выстаўляюць на святах, для людзей з інваліднасцю, як правіла, недаступныя, распавяла Ганна. Раней на гарадскіх мерапрыемствах ёй даводзілася шукаць кафэ з прыстасаваным туалетам. Дзяўчына носіць падгузнікі ў грамадскіх месцах — для падстрахоўкі на выпадак, калі не будзе туалета, які ёй пасуе.

У 2020-м годзе Ганна разам з ўжо ліквідаваным фондам «Добра» рэалізавалі праект «Следуй за улыбкой». Гэта праект па адаптацыі турыстычнага Гродна для людзей з інваліднасцю. У рамках праекта яны збіраліся закупіць біятуалет для людзей з інваліднасцю і падарыць яго гораду для ўстаноўкі ў Каложскім парку. Улады адмовіліся ад яго — маўляў, туалет не прадугледжаны праектам.

Чытайце таксама: Вядомыя і невядомыя прыбіральні Гродна: куды бегчы ў цэнтры горада, калі захацелася «справіць патрэбу»?