Школа фаер-шоў пачала працу ў Гродне 3 кастрычніка. Яе адкрыла гродзенка Наста Роўба – лідарка тэатра агню “Ergo Bibamus” і арганізатарка Біг-міні-фестывалю.

“Круцяць нешта сабе”. Наста Роўба адкрыла фаер-школу дзе вучаць не баяцца і паважаць агонь
Фаер-шоў у Гродне. Фота: Hrodna.life

Наста займаецца фаер-шоў ад 2008 года. Сёлета тэатр агню “Ergo Bibamus” набрае ў сваю школу трэці раз. 

“Я назірала за тым, як у горадзе адчыняюцца розныя заняткі як для дзяцей і дарослых. З кожным годам усё больш з’яўляецца розных напрамкаў  на любы густ. Вырашыла, а чым мы горшыя?”, – сказала Hrodna.life кіраўніца школы Наста Роўба.

Адкрыць школу было не складана

Па словах Насты, адкрыць школу было не складана, бо за 14 гадоў у дзяўчыны набралася шмат ведаў, якімі яна хоча падзяліцца. “Цяжэй сабраць неабходную колькасць ахвотных вывучаць фаер-шоў”, – сказала Наста.

Зараз дзяўчына трэніруе ўсіх жадаючых сама, але іх пакуль “не так шмат як хацелася”. Калі колькасць людзей павялічыцца, то Насце будуць дапамагаць яшчэ адзін ці два хлопцы з асноўнага састава тэатра агню “Ergo Bibamus”.

“Што тут такога – круцяць нешта сабе”

“Калі чалавек нічога не ведае пра фаер шоу, ён думае, “што тут такога – круцяць нешта сабе”. Але на справе пры гэтым развіваецца праца абодвух паўкуляў мозга, бо працуюць абедзве рукі”, – распавяла Наста. Акрамя гэтага, у навучэнцаў добра развіваецца ўяўленне, а занятак фаер-шоў добра ўплывае на нейронныя сувязі. “Магчымасць захварэць “паркінсонам” змяншаецца”. 

“Круцяць нешта сабе”. Наста Роўба адкрыла фаер-школу дзе вучаць не баяцца і паважаць агонь
Фаер-шоў у Гродне. Фота: Hrodna.life

Навучым паважаць агонь

Па словах дзяўчыны, навучыцца працаваць з элементамі фаер-шоў не так і цяжка – “было б жаданне”. “Складаней ствараць пастаноўкі – тут ужо патрэбен вопыт”.

“Мы навучым не баяцца вагню, паважаць яго, працаваць у розных накірунках фаер-шоў. Людзі атрымаюць новае хобі. На мой погляд, у сучасных рэаліях гэта добрая магчымасць для адпачынку галавой і магчымасць парухацца”. – сказала Наста.

Дзяўчына спадзяецца, што некаторыя з яе вучняў змогуць стаць часткай калектыву. “А магчыма збяруцца ў  яшчэ адзін састаў”. 

Дзе адбываюцца заняткі і колькі гэта каштуе

Заняткі праходзяць па панядзелках і серадах. Спецыяльна для іх арганізатарка здымае памяшканне на тэрыторыі Сярэдняй школы №6 насупраць тытунёвай фабрыкі. 

Цана заняткаў для дзяцей – 56 рублёў у месяц, за восемь заняткаў. Для дарослых, калі такія знойдуцца,  – 64 рублі. 

Чытайце таксама: Огни города — Настя Ровба о фаершоу, Мини Фесте, Биг Мини Фесте и о том, на каком топливе говорит её любовь к Гродно