Апаратчык ачысткі сцёкавых вод аддзялення біяхімічнай ачысткі (БХА) «Гродна Азот» у працоўны час з’ехаў на асабістым аўтамабілі ў суседнюю вёску. Ён пакінуў замацаваную за ім тэрыторыю біясажалак, не паведаміў аб гэтым адміністрацыі. Выпадак разабралі на сходзе, піша карпаратыўнае выданне прадпрыемства «Гродзенскі хімік».
Адсутнасць супрацоўніка цэха ачысткі прамысловых сцёкавых вод выявілі падчас праверкі. Расследаванне паказала, што ён з’ехаў у суседнюю вёску, каб займацца са сваякамі «сельгасработамі».
Гэта расцанілі як факт дысцыплінарнага парушэння. Супрацоўніка звольнілі. Да яго кіраўніка і начальніка цэха ўжылі меры матэрыяльнага і дысцыплінарнага спагнання.
З супрацоўнікамі прадпрыемства па ўказанні гендырэктара правядуць тлумачальную і кантралюючую працу.
Стачком: гэта — не адзіныя парушэнні
У Telegram-канале, які вядуць стачкамаўцы дзяржпрадпрыемстваў, 28 верасня выклалі дакумент. Мы не можам праверыць яго сапраўднасць. У дакуменце сказана, што па выніках начной праверкі знайшлі некаторыя парушэнні.
Сярод іх — смецце ў скрыні пажарнага крана, адсутнасць асвятлення, бесперашкодны доступ у памяшканні, «недарэчнае прымяненне дзяржаўнай сімволікі», няспраўныя лесвіцы, прымяненне старога абутку пры наяўнасці новага, антысанітарыя ў пакоі прыёму ежы, састарэлыя сродкі абароны, беспарадак, няскончаны рамонт. Супрацоўнік на працы карыстаўся тэлефонам і вывучаў артыкул пра электрапілы.
Забароняць смартфоны
Парушэнні пастанавілі ліквідаваць. Начальнікаў цэхаў, дзе былі парушэнні, прыцягнуць да адказнасці. Мяркуючы з дакумента, супрацоўнікам усіх структурных падраздзяленняў, акрамя іх кіраўнікоў і іх намеснікаў, забароняць выкарыстоўваць смартфоны. Іх будуць змяшчаць у спецыяльныя ячэйкі. Каля іх з’явяцца відэакамеры. Для супрацоўнікаў закупяць кнопкавыя тэлефоны. Новаўвядзенне з’явіцца з 1 лістапада.