На выкупленым год таму участку справа ад палаца Мураўёва пачалі ўзводзіць новы будынак. Пакуль археалагічнага нагляду на будоўлі няма, але будаўнічая тэхніка ўжо працуе.
Цяжкая будаўнічая тэхніка кубаметрамі вывозіць нявывучаны пласт зямлі, звяртае ўвагу канал Urban Hrodna са спасылкай на гісторыка Мечыслава Супрона.
«Калі капнуць глыбей і з’явіцца культурны пласт, але працы працягнуцца з экскаватарам — будзе ўжо парушэнне закона. Участак знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці „Гістарычны цэнтр Гродна“ і ўваходзіць у зону аховы культурнага слоя».
У зямлі ў тым месцы знаходзяцца мураваныя падвалы, знойдзеныя ў 2000-х гг. пры пракладцы камунікацый. Да таго ж, былая плошча Рынак (цяпер Савецкая) — унікальнае гістарычнае месца, якое патрабуе асаблівага археалагічнага нагляду, мяркуе Супрон.
Што будуюць на Савецкай
У ліпені 2022 года ўчастак выкупіў Станіслаў Сямашка, уласнік двух суседніх будынкаў. Па ўмовах аўкцыёну тут мусіць з’явіцца аб’ект грамадскага прызначэння. Будынак мусіць быць 2-павярховы з мансардай. Неабходна ўлічыць знешні выгляд і канфігурацыю страчанай забудовы, якая тут была раней.
Праект будучага будынка размясцілі на банерах на плоце вакол будаўнічай пляцоўкі. Левая частка новага будынка, якая выходзіць на Савецкую, будзе знешне падобнай да страчанага аб’ёма канца XIX ст. Правая, насупраць турмы, будзе з элементамі «мадэрна», панарамнымі вокнамі і часткова празрыстым дахам.
Першы варыянт праекту не ўхваліў Мінкульт, яго адправілі на дапрацоўку.
Памеры надзела і будынка не супадаюць
Ёсць істотны нюанс — дом Лапіна, які стаяў на гэтым месцы ў кан. ХIХ века (моцна перабудаваная камяніца Вольмера 1783 г. пабудовы), быў амаль удвая большым за прададзены пад будоўлю ўчастак. На гэта звярнуў увагу гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон.
У 2021 г. гродзенскі гісторык Алесь Хацько знайшоў у Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук малюнак і план дома купца Лапіна за 1873 г. На ім бачна частка будынка, якая прымыкала да дома Мураўёва. Будынак мае рысы барока (абрамленне вокнаў, высокі чатырохсхільны дах) і класіцызму (франтон над цэнтральнай часткай, калоны пры ўваходзе).
З улікам гэтага, новабуд на Савецкай мусіў бы выглядаць па-іншаму:
Чытайце таксама: Глядзіце, якім будзе Гродна праз 1000 гадоў. Мы запыталі ў нейрасеткі і атрымалі малюнкі ў адказ