Грамадскую арганізацыю “Польска Мацеж Школьна”, сядзіба якой знаходзіцца ў Гродне, ліквідуюць. Пасяджэнне ў Вярхоўным судзе адбудзецца 13 верасня 2022 года, паведаміў Telegram-канал “Право имеют”. На гэтым тыдні ў школе пры арганізацыі павінен быў пачацца новы навучальны год.

Рэпрэсіі супраць “Польскай Мацежы Школьнай” пачаліся ў 2021 годзе. Прычынай, нібыта, стала незаконная дзейнасць у сферы адукацыі. Арганізацыю пакаралі штрафам 300 тыс. рублёў, а падатковая далічыла яшчэ 500 тыс. недаплачаных падаткаў.
Што такое “Польска Мацеж Школьна”
“Польска Мацеж Школьна” – адна са старэйшых польскіх арганізацый Беларусі. Яна працавала з 1995 года і займалася адукацыяй. З 2011 года школа мае ўласны будынак на вуліцы Гараднічанскай. Пры арганізацыі дзейнічае грамадскі ліцэй для вывучэння польскай мовы, гісторыі і культуры. Яго лічаць самай вялікай, па колькасці вучняў, польскай грамадскай школай у свеце. У 2013 годзе школе прысвоілі імя Элізы Ажэшкі. Многія гродзенцы, якія паступалі ў польскія ўніверсітэты, вучыліся ў гэтай школе.
Пры “Мацежы” працуюць таксама бібліятэка, Універсітэт Трэцяга Узросту для сталых людзей, клуб жанчын “Гроднянка” і іншыя гурткі і ініцыятывы. Таксама “Мацеж” ладзіла метадычныя канферэнцыі для настаўнікаў школ і дзіцячых садкоў, конкурсы для дзяцей і падлеткаў.
Польскую адукацыю прыціскаюць сістэмна
У гродзенскай і ваўкавыскай школах з польскай мовай навучання ў 2022/2023 навучальным годзе пачалі выкладаць на рускай мове. Польскай мовы і літаратуры пакінулі па адной гадзіне ў тыдзень. Па-беларуску там будуць выкладаць толькі гісторыю Беларусі і частку прадмету “Чалавек і свет”.
Чытайце таксама: «Яны працягваюць палітыку савецкіх уладаў». Першы старшыня Саюза палякаў – пра гісторыю змагання за польскія школы ў Беларусі
Ціск на палякаў не спыняецца
За кратамі дасюль знаходзіцца Анджэй Пачобут. Яго затрымалі па “справе палякаў” у сакавіку 2021 года. Таксама па гэтай справе ў сакавіку 2021 года затрымалі Анжаліку Борыс. Летам 2022 года ў Гродзенскай вобласці пачалі руйнаваць могілкі жаўнераў Арміі Краёвай. Станам на верасень 2022 года, зруйнавалі не менш за шэсць могілак. У верасні 2022 года ўлады пачалі ліквідацыю грамадскага аб’яднання “Вспульнота полякув”.


