Асуджаную на шэсць гадоў калоніі Соф’ю Сапегу могуць памілаваць да канца 2022 года. Затрыманаму супрацоўніку «Гроднажылбуд» Мікалаю Мардовічу прысудзілі штраф у 20 базавых велічынь (640 рублёў) і звольнілі яго. Супрацоўнік судзіцца з УУС Гродзенскага аблвыканкама. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 5 да 11 верасня.

Затрыманні

Затрымалі лідчаніна. У 2020 годзе ён быў у чаце «Лида 97%», дзе актыўна пісаў паведамленні. Таксама пісаў аб сваіх дзеяннях у «Плане Перамога». Па версіі сілавікоў, ён заклікаў да страйку, пратэстаў і дыверсій на чыгунцы. У дачыненні да яго распачатыя крымінальныя справы за наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін і арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Таксама асуджаны яго блізкі сябар, паведамілі сілавікі.

Затрыманы — Мядвецкі Дзмітрый Віктаравіч 1988 года нараджэння, піша Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

У Гродне затрымалі ІПшніка. Гродзенца затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, рэгістрацыю ў «Плане Перамогі». Ён паабяцаў выдаліць усе дадзеныя.

У Навагрудку затрымалі мясцовага жыхара. Ён удзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе. Паводле версіі сілавікоў, мужчына таксама распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і нацысцкую сімволіку, абражаў прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнку. Затрыманы — 38-гадовы Віталь Андрэйчык, паведамляе «Вясна».

Затрымалі жыхара Карэліцкага раёна. Яго затрымалі за распаўсюд фота, якія змяшчаюць абразу Аляксандра Лукашэнкі, праваахоўных органаў і дзяржаўных сімвалаў. Таксама ён распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы.

У Гродзенскай вобласці затрымалі айцішніка. Ён затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У жніўні 2020 года мужчына браў удзел у акцыях пратэсту. Ён прызнаў віну.

Асуджанага на хатнюю хімію гродзенца чакае новае разбіральніцтва

Праваахоўныя органы выявілі 43-гадовага жыхара Гродна і 42-гадовую мінчанку, якія ў лістападзе 2020 года абразілі супрацоўніцу міліцыі Брэста ў адным з чатаў.

Гродзенец ўжо адбывае «хатнюю хімію» за абразу. Цяпер яму можа пагражаць больш жорсткае пакаранне.

Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы

Анджэй Пачобут паведаміў блізкім, што 5 верасня скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. На знаёмства з імі выдзелілі толькі месяц.

Каб прачытаць як мага больш, Пачобут адмовіўся ад абеду і чытаў матэрыялы з раніцы да вечара, паведамляе «Гарадзенская права».

У жніўні ў дадатак да ранейшага «распальвання варожасці» (арт. 130 КК) Пачобуту прад’явілі абвінавачванне і ў «закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі» (арт. 361 КК).

Анджей Почобут. Фото: Ольга Корсун
Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун

Асуджаную на 6 гадоў калоніі Соф’ю Сапегу могуць памілаваць да канца 2022 года

Яна ўжо прайшла першы этап у працэдуры памілавання, паведаміў BBC адвакат яе сям'і Антон Гашынскі.

«Адміністрацыя калоніі дала станоўчае заключэнне па хадайніцтве Соф'і і прызнала, што ёю прыняты ўсе меры для звароту за памілаваннем. Далей яго будзе разглядаць камісія па пытаннях памілавання пры Прэзідэнце, на гэта можа сысці каля трох месяцаў», — сказаў Гашынскі.

Сапега падала прашэнне Лукашэнку праз адміністрацыю жаночай калоніі ІК-4 у Гомелі ў канцы чэрвеня 2022 года.

Софья Сапега в Гродненском областном суде 6 мая. Фото: Пул 4 регион
Соф’я Сапега ў Гродзенскім абласным судзе 6 траўня. Фота: «Пул 4 регион»

Палітзняволенага рабочага Аляксея Сянько асудзілі да 2 гадоў калоніі па «справе Зельцара»

9 верасня ў Гродзенскім абласным судзе вынеслі прысуд 37-гадоваму палітвязьню Алесю Сянько. Суддзя Анатоль Заяц прызнаў мужчыну вінаватым па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» і ч.1 арт. 130 «Распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы». Прысуд — два гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Алексей Сенько. Фото: "Вясна"
Аляксей Сянько. Фота: «Вясна»

Сzasopis: у Свята — Успенскім манастыры ў Жыровічах-рэпрэсіі. Два святара сышлі з манастыра

Ігумення Гаўрыіла нібыта загадала знішчыць багаслоўска-літаратурна-мастацкія брашуры «Жыровіцкая абіцель». Іх рэдагуе манах-паэт Зініч (Алег Бембель) у Свята-Успенскім манастыры ў Жыровічах, сцвярджае czasopis.pl. Выданне друкавалі накладам 50−100 тысяч асобнікаў і раздавалі вернікам.

Пасля загаду два маладыя святары ў знак пратэсту нібыта пакінулі Жыровіцкі манастыр.

Ігумення Гаўрыіла — Марыя Глухава родам з Саратава, настаяцель жаночага Прачысценскага манастыра ў Гродне. У верасні 2020 года выступіла на праўладным жаночым форуме. Удзельнікаў пратэстаў са сцэны назвала «вар'ятамі», «раз'юшаным статкам». Пазней наведала сілавікоў, якія разганялі пратэсты, і пачаставала іх тортам.

Мікалаю Аўтуховічу не перадаюць прадукты, якія ёсць у турэмнай краме

Аб праблемах з атаваркай і пасылкамі распавялі яго сябры, піша Вясна:

«А ў гарадзенскай турме нядаўна ўвялі чарговыя новыя правілы да перадач і пасылак. Цяпер адмаўляюцца перадаваць прадукты, якія ёсць у продажы на атаварцы. «Баржомі» і сокі з пасылкі адправілі на склад, бо ў турэмнай краме можна купіць ваду «Фрост» і сок «Сочны».

Аліўкавы алей у перадачы не прынялі, бо ў іх краме (часам) прадаецца сланечнікавы алей, і нават тое, што яго не было ў продажы, не паўплывала. З садавіны прымаюць цяпер толькі апельсіны, мандарыны, лімоны, яблыкі і грушы. Авакада, бананы і ківі, якія раней бралі без пытанняў, цяпер прымаць адмаўляюцца. Вось яшчэ Мікалай напісаў, што набыць нешта на атаварцы таксама становіцца праблемай, бо да яго проста не прыходзяць з крамы.

…Але ў цэлым Мікалай трымаецца незвычайна годна і моцна. Кажуць, выглядае ўжо добра, наколькі гэта магчыма, узнавіўся пасля галадоўкі, толькі цукар у крыві высокі.

З улікам новаўвядзенняў у пасылках можна адпраўляць сала, вяленае мяса і каўбасы, мясныя чыпсы, вытрыманы сыр, які не сапсуецца без лядоўні, арэхі, сухафрукты (сушаныя яблыкі, курагу), яблыкі, грушы, лімоны, апельсіны, мандарыны, агуркі, радыску, цыбулю, часнок, печыва, шакалад, зефір. Таксама дарэчы будуць канверты 1 класа, ручкі".

Николай Автухович во время судебного процесса. Фото: "Гродненская правда"
Мікалай Аўтуховіч падчас судовага працэсу. Фота: «Гродзенская праўда»

Двух гродзенак затрымалі за абразу супрацоўнікаў міліцыі

Адна з затрыманых прызналася, што абразіла супрацоўніцу міліцыі на эмоцыях і пажадала сілавікам «усяго добрага».

Другая гродненка таксама папрасіла прабачэння.

Фігурант «справы Аўтуховіча» Павел Сава даў інтэрв'ю дзяржтэлеканалу

Ён распавёў аб злачынствах Мікалая Аўтуховіча. Інтэрв'ю паказалі на канале «Беларусь 1».

Павел Сава прызнаў віну. Ён абвінавачваецца ў стварэнні злачыннай арганізацыі альбо ўдзелу ў ёй, а таксама здзяйсненне актаў тэрарызму (ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 289 КК).

Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка перавялі на турэмны рэжым у Гродна

На днях у Оршы адбыўся суд па ўзмацненню рэжыму палітвязню. Па рашэнні суддзі Дзмітрыя перавялі на турэмны рэжым і накіравалі ў гродзенскую турму № 1. Па прыбыцці туды яму адразу выпісалі два парушэнні і збіраюцца змясціць у ШІЗА, паведамляе «Вясна».

Дзмітрыя асудзілі па ч. 1 арт. 368 КК і арт. 370 КК на паўтара года калоніі. У аршанскай калоніі № 8 Дзмітрый Сушчык знаходзіўся з красавіка. Нядаўна палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) і пры гэтым рэгулярна змяшчалі ў штрафны ізалятар за «парушэнне парадку».

Памілаванне Сапегі, звальненне затрыманага, іскі да УУС. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Дзяніс Сушчык. Фота: «Вясна»

57 тамоў «справы Аўтуховіча» ўжо разгледзелі

Пачата даследаванне матэрыялаў 58 тома. Усяго ў справе 65 тамоў, паведамляе БелТА.

Паводле версіі следства, Аўтуховіч спрабаваў даведацца адрасы і нумары аўтамабіляў супрацоўнікаў міліцыі, пракурорскіх работнікаў, суддзяў у жыхаркі Брэста, якая пераехала ў Польшчу. Гэтыя звесткі нібыта патрэбныя былі для таго, каб псаваць іх маёмасць.

У ліставанні з рознымі людзьмі Аўтуховіч казаў аб змене дзяржаўнай улады ў Беларусі, хацеў сабраць аднадумцаў для ўдзелу ў падпольнай групе для арганізацыі пратэстаў і збору інфармацыі аб сілавіках, паведаміла «Гродзенская праўда».

У Гродзенскай вобласці - новыя палітвязні

  • Яўген Ліцкевіч, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  • Сяргей Скакун з Навагрудка — заключаны пад варту па арт. 391 КК за абразу суддзі.

Аляксандра Курганскі з Гродна папоўніў Пералік датычных да экстрэмісцкай дзейнасці

Аляксандра Курганскага па «справе Зельцара» асудзілі на 1,5 года калоніі і штраф у 50 базавых велічынь (1600 рублёў)

Прысуд вынеслі 12 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе.

Александра Курганский. Фото: "Свабода"
Аляксандра Курганскі. Фота: «С**бода»

Асудзілі гродзенку

На сем гадоў калоніі асудзілі Марыну Санкевіч 5 верасня ў Гродзенскім абласным судзе. 28-гадовая ўраджэнка Старых Дарог была затрыманая 24 лютага 2022 года ў Гродне. Вядома, што падставай для распачынання крымінальнай справы сталі каментары ў Telegram-каналах, паведамляе MAYDAY TEAM. Яна знаходзіцца ў СІЗА турмы Гродна.

У віну дзяўчыне абвінавачвалі чатыры артыкулы Крымінальнага Кодэкса:

  • 342 ч. 1 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»,
  • 368 ч. 1 «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»,
  • 293 ч. 1 «Масавыя беспарадкі»,
  • 130 ч. 1 «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».
Марина Санкевич. Фото dissidentby
Марына Санкевіч. Фота: dissidentby

Супрацоўнік судзіцца з УУС Гродзенскага аблвыканкама

Грамадзянскую справу «аб адмене загаду аб прымяненні дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе звальнення, аднаўленні на службе і спагнанні грашовага забеспячэння за час вымушанага перапынку на службе» пачалі разглядаць 7 верасня, заўважыў Telegram-канал «Право имеют».

Ісцец — Ціхі Сяргей Уладзіміравіч. Яго дадзеныя супадаюць з дадзенымі начальніка аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Падобнае пасяджэнне было летам 2022 года.

Звольнілі затрыманага

Затрыманаму супрацоўніку «Гроднажылбуд» Мікалаю Мардовічу прысудзілі штраф у 20 базавых велічынь (640 рублёў).

Яго судзілі паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць», паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Паводле інфармацыі канала, мужчыну звольнілі з працы.

Николай Мардович. Скриншот Hrodna.life
Мікалай Мардовіч. Скрыншот Hrodna.life

Аднаго з адміністратараў платформы «23.34» будуць судзіць. Ён прыехаў у Беларусь, дзе яго затрымалі

Завяршылі расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з адміністратараў платформы «23.34». Гэта нібыта памагатыя адміністратараў Telegram-канала «Черная книга Беларуси», якіх знайшлі падчас расследавання крымінальнай справы Соф'і Сапегі.

40-гадовы ўраджэнец Гродзенскай вобласці «ажыццяўляў сваю злачынную дзейнасць» з Украіны, потым — Польшчы. У верасні 2021 года мужчына прыехаў у Беларусь, дзе яго затрымалі.

У яго тэхніцы былі персанальныя дадзеныя амаль 17 тысяч службовых асоб, праваахоўнікаў і вайскоўцаў. Мужчыне прад’явілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 КК і заключылі пад варту. Справу неўзабаве накіруюць у суд.

Музыкант Ігар Банцэр атрымаў чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту

5 верасня ў Цэнтральным судзе Менска адбыўся трэці адміністрацыйны працэс над Ігарам Банцэрам. Зноў - па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць), паведамляе Канал анархічнага Чорнага Крыжа Беларусі.

Памілаванне Сапегі, звальненне затрыманага, іскі да УУС. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Ігар Банцэр. Фота: героя

Грамадскае аб’яднанне «Трофі клуб «Белавежскія зубры» ліквідуюць праз суд

Пасяджэнне па справе аб ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў прайшло 6 верасня. Суддзя — Святлана Доўгашэй. Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

Арганізацыя працавала 11 гадоў. Яна размяшчалася ў вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёна. Клуб арганізоўваў трофі-рэйды ў раёне і ўдзельнічаў у спаборніцтвах пазадарожнікаў.

Пакуль статус арганізацыі - дзеючы.

«Хачу паглядзець ім у вочы». Успамінаем крымінальныя справы адвакат Юліі Юргілевіч, якую затрымалі ў Гродне

Юлія Юргілевіч прапрацавала адвакаткай амаль 18 гадоў. Пасля пратэстаў яна была адной з тых, хто ўзяўся абараняць абвінавачаных па палітычных справах. Амапаўцы адмаўляліся ад іскаў пасля яе апытанняў у судзе. Рэдакцыя Hrodna.life успамінае тых, каго абараняла затрыманая адвакатка Юлія Юргілевіч.

Юлия Юргилевич. Фото: gka.grodno.by
Юлія Юргілевіч. Фота: gka.grodno.by

Рабіў Гродна горадам, якім хочацца ганарыцца. Чым вядомы журналіст і актывіст Павел Мажэйка, які зараз у СІЗА

За што і па якой справе гродзенскі журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка знаходзіцца ў СІЗА, усё яшчэ не вядома, хоць з моманту затрымання прайшло ўжо 10 дзён. За гэты час паводле Крымінальнага кодэксу ўжо павінна быць выстаўлена абвінавачанне. Hrodna.life узгадвае, чым вядома ў Гродне і па-за яго межамі Павел Мажэйка.

8 верасня, у Міжнародны Дзень салідарнасці журналістаў, з’явілася старонка, прысвечаная Паўлу Мажэйку. Сайт freepavelmazheyka.tilda.ws на дзвюх мовах распавядае, хто такі Павел, чаму ён — чалавек-легенда, і як яго можна цяпер падтрымаць, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Павел Мажэйка
Павел Мажэйка пасля затрымання ў 2021 годзе. Фота: Hrodna.life

У Беларусь могуць вярнуцца санкцыйныя тавары: распрацавалі закон аб паралельным імпарце

Законапраект аб паралельным імпарце распрацавалі і перадалі на ўзгадненне ва ўрад. Яго могуць прыняць да канца 2022 года.

«Законапраект аб паралельным імпарце ў Беларусі падрыхтаваны, узгоднены з усімі зацікаўленымі і знаходзіцца на ўзгадненні ва ўрадзе. Мы спадзяемся, што да канца года ён будзе прыняты. Прыняцце дакумента спросціць імпарт тавараў, якія забароненыя да ўвозу з санкцыйных прычын у нашу краіну», — сказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

У Беларусі рыхтуюць закон аб валанцёрстве

У Беларусі хочуць на заканадаўчым узроўні вызначыць, хто можа лічыцца валанцёрам. Аб падрыхтоўцы закона расказала намесніца Генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Раманія Зорына на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы на тэму «Валанцёрскі рух у Беларусі: уцягнутасць насельніцтва краіны ў дабрачынныя праекты».

Аб’яднанне «Вспульнота полякув» ліквідуюць праз Вярхоўны Суд

Грамадскае аб’яднанне «Вспульнота полякув» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Такое рашэнне прыняў Вярхоўны Суд 7 верасня. Яму спатрэбілася адно судовае пасяджэнне.

Чарговая польская арганізацыя ўтварылася ў 2017 годзе. Яе ўзначаліў Мечыслаў Яскевіч, які раней быў старшынёй непрызнанага ўладамі Саюза палякаў. Калі на пасадзе яго змяніла Анжаліка Борыс, ён са скандалам сышоў і вырашыў стварыць уласную арганізацыю.

Расіянам з «шэнгенам» абмяжуюць уезд у краіны Балтыі. Беларусам — не

Краіны Балтыі дасягнулі пагаднення аб істотным абмежаванні (за некаторымі выключэннямі) перасячэння межаў грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, якія маюць шэнгенскія візы. Пра гэта паведаміў ў Twitter кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Гаворкі пра беларусаў цяпер не ідзе.

Адных пазбавіць грамадзянства, другіх — пад амністыю. Што прапанавалі на нарадзе ў Лукашэнкі

Пазбаўляць грамадзянства, абавязаць паведамляць пра атрыманне карты паляка, і забараніць уезд у краіну на 30 гадоў. Такія прапановы прагучалі на нарадзе ў Лукашэнкі па пытаннях удасканальвання заканадаўства аб грамадзянстве і правядзенне амністыі 6 верасня 2022 года.

Несправядлівыя абвінавачванні, «Пагоня» на яйках і малітва за Украіну. Епіскап Арцемій даў першае інтэр'вю на пенсіі

Першае інтэрв'ю з моманту сыходу на пенсію даў былы епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Ён узначальваў епархію з 1996 года. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Арцемій асудзіў гвалт сілавікоў. У чэрвені 2021-га яго адправілі на пенсію нібыта па стане здароўя.

Епископ Артемий. Источник: veraplus.org
Епіскап Арцемій. Крыніца: veraplus.org