Алега Курыліна прызначылі дырэктарам завода “Хімвалакно”. Адпаведны загад падпісаў дырэктар “Гродна Азот” Ігар Ляшэнка, паведаміла выданне “Гродзенскі хімік”.

Папярэдняе месца працы Курыліна – Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі («Белнафтахім»). Там ён займаў пасаду намесніка старшыні.

На гродзенскім “Хімвалакне” прызначылі новага дырэктара. Хто ім стаў?
Алег Курылін. Крыніца: belchemoil.by

Што вядома пра новага дырэктара

Алег Курылін нарадзіўся ў Светлагорску ў 1972 годзе. Скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае інжынернае вучылішча, Гомельскі кааператыўны інстытут, а таксама Акадэмію ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Раней ён працаваў на Светлагорскім вытворчым аб’яднанні “Хімвалакно”, у Белінвестбанку, на Гомельскім хімічным заводзе, а таксама на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно”.

Што з папярэднім дырэктарам

Папярэдні дырэктар Віталь Рудзінскас сышоў з пасады ў красавіку 2021 года. Да гэтага часу яго абавязкі выконваў галоўны інжынер. Віталь Рудзінскас адмовіўся пракаментаваць Hrodna.life абставіны свайго сыходу.