Сацыяльна-бытавы комплекс для людзей у патрэбе адкрылі ў Гродне. Ён размяшчаецца на вуліцы Маркса, 27, на тэрыторыі былога брыгіцкага кляштара. Адкрыццё было запланавана да Дня горада, паведаміў тэлеканал «Гродно Плюс».

У Брыгіцкім манастыры адкрылі новы цэнтр для людзей у патрэбе. Там ёсць бясплатная сталоўка, пральня і душ
У памяшканні сацыяльна-бытавога комплекса. Скрыншот: «Гродна Плюс»

Што ёсць ў сацыяльна-бытавым комплексе

Комплекс — асобны новы будынак, размешчаны на тэрыторыі кляштара, ля ўваходу з боку Дому сувязі. У гэтым месцы людзі ў нястачы змогуць бясплатна паабедаць, прыняць душ і папраць рэчы. Сталовая разлічана на 25 чалавек адначасова, павары плануюць гатаваць больш за сто абедаў штодзённа.

Хто можа скарыстацца паслугамі комплекса

Будынак пабудавала каталіцкая суполка «Caritas» пры падтрымцы Гродзенскага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Комплекс разлічаны на людзей, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, бяздомных або тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Як даўно ў Гродне кормяць бяздомных

Манахіні кормяць бяздомных у Гродне з 1996 года. Раней іх кармілі на вуліцы Маладзёжнай у манастыры назаратанак. Да 2019 года «Caritas» дапамагаў сваімі сіламі і дзякуючы спонсарам. Са снежня 2019 года да фінансавання далучылася адміністрацыя Ленінскага раёна.

Чытайце таксама: Ад аўгустынаў да назаратанак: гайд па каталіцкіх манаскіх ордэнах, якія мелі рэзідэнцыі ў Гродне