Аб надзвычайным здарэнні на заводзе «Гродна Азот» паведаміў адзін з Telegram-каналаў, звязаных з прадпрыемствам. Паводле папярэдняй і непацверджанай афіцыйна інфармацыі, два супрацоўнікі атруціліся аміякам. Крыніца Hrodna.life распавяла аб стане супрацоўнікаў прадпрыемства.
«Адзін у коме, адзін у свядомасці. БСМП (бальніца хуткай медыцынскай дапамогі - Hrodna.life), аддзяленне таксікалогіі. Колькі было работнікаў, не ведаю. Цяпер следчыя дапытваюць», — напісаў чытач Hrodna.life аб здарэнні.
Што адбылося?
Паводле папярэдняй інфармацыі яшчэ аднаго Telegram-канала, здарэнне адбылося ў цэхах «аміяк 3» і «карбамід-4». Пасля капітальнага рамонту ў цэхах узніклі праблемы — дэфект калоны сінтэзу. Па версіі канала, адбылася блакіроўка прадклапанаў на лініі аміяку і выхад прадукту. «Пацярпелі работнікі, якія спускаліся ў калону, паступае інфармацыя, што адзін з іх памёр», — напісалі ў канале.
Інфармацыю аб тым, што некалькі дзён таму ў цэху карбамід-3 з’явіліся праблемы з унутранай абліцоўкай калоны сінтэзу аміяку, пацвердзіў Z**kalo.io былы супрацоўнік ААТ «Гродна Азот». У гэтым цэху ўсё і адбылося.
— Па словах маіх былых калег, якія працуюць на «Гродна Азоце», падчас рамонту або абследавання не была адкрыта спецыяльная арматура — так званыя паветранікі і калону сціснула вакуумам. Паламаныя талеркі і футроўкі калоны. Унутры яе апынуўся аміяк. Пацярпелі работнікі, якія абследавалі калону, — распавёў мужчына выданню.
«Ніхто не памёр»
На «Гродна Азот» двое рабочых атруціліся газам пры выкананні работ, паведаміў Антон Матолька ў Telegram-канале. «Па нашай інфармацыі, працоўныя залезлі ў трубу з азотам, пасля страціўшы там прытомнасць праз атручванне газападобных рэчывам», — напісаў ён.
Па словах крыніц Матолькі, з прадпрыемства пацярпелых забрала хуткая, на той момант як мінімум адзін з іх знаходзіўся ў цяжкім стане, але ніхто не памёр.
Афіцыйнай інфармацыі няма
У карпаратыўным выданні прадпрыемства «Гродзенскі хімік» сітуацыю пакуль не пракаментавалі.
UPD 22.58. Кіраўніцтва «Гродна Азот» пракаментавала здарэнне. Адзін з пацярпелых — у рэанімацыі.
Пацярпелі работнікі падраднай арганізацыі «Будмантажхімаабарона». Гэта прамысловыя альпіністы Андрэй Марцінчык (1982 г. н.) і Сяргей Марцінчык (1983 г. н.).
Кіраўніцтва цэха аміяк-3 зрабіла вусныя заўвагі галоўнаму інжынеру «Будмантажхімаабарона» Сяргей Камека з нагоды якасці выкананых работ футроўкі. Дэфекты ў цэху павінны былі выправіць па гарантыі.
Па словах кіраўніцтва, супрацоўнікі прыступілі да працы без узгаднення з начальнікам цэха аміяк-3 і афармлення дакументаў. Каля 11: 20 2 верасня пры правядзенні агляду факельнай устаноўкі цэха аміяк-3 альпіністам стала дрэнна. Выклікалі лекара і медаўтамабіль, каб адвезці іх у БХМД. Андрэй Марцінчык знаходзіцца ў рэанімацыі, Сяргей Марцінчык — пад наглядам лекараў.
UPD 4 верасня. Некаторыя Telegram-каналы паведамілі пра смерць атручанага на «Гродна Азот» Андрэя Марцінчыка. Крыніцы Hrodna.life абвяргаюць гэта — супрацоўнік «Будмантажхімаабарона» ў штучнай коме. Ён прабудзе ў ёй да панядзелка. Яго стан — без змяненняў.
Таксама канал, звязаны з прадпрыемствам, паведаміў, што ўначы 4 верасня ў цэху карбамід-3 на калоне сінтэзу зноў адбылося надзвычайнае здарэнне — сарваўся і разбіўся яшчэ адзін працаўнік. Мы не можам пацвердзіць гэтую інфармацыю.