На вуліцы Савецкіх пагранічнікаў побач з універсамам “Кастрычніцкі”, на месцы знесенага прыватнага сектара, пачалі будаваць жылы комплекс на 312 кватэр, паведаміў “Вечерний Гродно”.

Будоўля адбываецца на ўчастку паміж “Кастрычніцкім” і вуліцай Гогаля. Там плануюць узвесці васьмісекцыйны жылы дом вышынёй 8-10 паверхаў. Таксама ў будынку хочуць размясціць офісы і кропкі абслугоўвання насельніцтва. Уваход да іх будзе з боку вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, а ўваход у пад’езы – з вуліцы і з двара.
Акрамя будынка запланаваны дзіцячыя пляцоўкі для гульняў і заняткаў спортам, паркоўкі і падземны гараж на 181 месца.
Што плануюць у будучыні
Прыватны сектар далей уздоўж вуліцы Савецкіх пагранічнікаў таксама плануюць зносіць. На ўчастку плошчай 1,63 га паміж вуліцамі Сыракомлі, Манюшкі і Нямцэвіча хочуць пабудаваць яшчэ адзін дом вышынёй не больш за 41 метр. Участак плануюць выставіць на аўкцыён.
Хто будуе новы дом
Зямлю на Савецкіх пагранічнікаў у красавіку 2020 года выкупіла мінская кампанія “АйронІнвестПраект”. Папярэдняя кампанія-забудоўшчык “Сучасныя бетонныя канструкцыі” адмовілася ад планаў і скасавала дамову арэнды.





