Навіны

Прысуд чэмпіёну Еўропы, арышт назіральніка, чарговыя суткі Банцэра. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Музыка Ігар Банцэр атрымаў новыя 15 сутак арышту. Галоўнага інжынера і незалежнага назіральніка на выбарах-2020 арыштавалі на 10 сутак. Чэмпіёна Еўропы і віцэ-чэмпіёна свету ў гандболе асудзілі на пяць гадоў «хатняй хіміі». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 22 па 28 жніўня.

Затрыманні

У Гродне затрымалі айцішніка Яўгена Кісяля за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама ў 2020 годзе ён удзельнічаў у акцыях пратэсту. Ён прызнаў віну. Затрыманага апазнала «Вясна».

У Гродне затрымалі дальнабойніка Андрэя Мацэнка — індывідуальнага прадпрымальніка, які займаецца міжнароднымі перавозкамі. У 2020 годзе ён «паддаўся ўплыву пратэстных Telegram-каналаў» і пачаў распаўсюджваць экстрэмісцкія матэрыялы ў сацсетках і матэрыялы з абразай Аляксандра Лукашэнкі. Ён прызнаў віну і абавязаўся выдаліць гэтыя матэрыялы са сваёй старонкі. Па версіі сілавікоў, яго будуць судзіць па арт. 368 і 203−1 КК. Затрыманага апазнала «Вясна».

«Газеце Слонімскай» анулявалі пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі

Сваё рашэнне Мінінфарм абгрунтаваў тым, што выпуск грамадска-палітычнага выдання «Газеты Слонімскай» і рэкламнай газеты «Аддушына» не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Ні гродзенская, ні брэсцкая, ні пінская друкарні не ўзялі ў друк „Газету Слонімскую“ і газету „Аддушына“, спасылаючыся на высокую ступень загружанасці і шчыльны графік друку», — тлумачаць сітуацыю ў рэдакцыі.

Галоўнага інжынера і незалежнага назіральніка на выбарах-2020 арыштавалі на 10 сутак

Паводле версіі сілавікоў, гродзенец удзельнічаў у пратэстах-2020, абражаў супрацоўнікаў міліцыі і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога».

Затрыманыя ў Гродзенскай вобласці. Скрыншот Hrodna.life

Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся на ўмовы зняволення

Суд па скаргах змешчаных пад варту на прымяненне да іх мер спагнання адбыўся 25 жніўня. Вынікі пакуль невядомыя.

Чэмпіёна Еўропы і віцэ-чэмпіёна свету па гандболе асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі»

22 жніўня суд Зэльвенскага раёна вынес рашэнне па справе аднаго з самых паспяховых гандбольных трэнераў краіны Міхаіла Міхуты. Яго абвінавачвалі па ч.1 і ч. 2 арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», а таксама па ч. 2 арт. 367 КК «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Справу спартсмена разглядала старшыня суду Зэльвенскага раёна Люцыя Жук. Паводле версіі абвінавачвання, у чэрвені 2020 года, гэта значыць яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, у сацсетцы «ВКонтакте» Міхаіл зрабіў некалькі рэпостаў матэрыялаў з супольнасці «Стоп Лука», якія «абразілі гонар і годнасць Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй Беларусі, а таксама нанеслі шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады».

Міхаілу Міхуце 40 гадоў. У Зэльве, з насельніцтвам менш за 7 тысяч чалавек, яго ведаюць амаль усе. Міхаіл — гандбаліст і трэнер па гандболе з вядомай спартыўнай дынастыі. Падчас сваёй спартыўнай кар’еры ён стаў чэмпіёнам Еўропы і віцэ-чэмпіёнам свету ў складзе студэнцкай каманды. Пасля заканчэння кар’еры вярнуўся на малую радзіму і пачаў трэніраваць дзяцей у мясцовай спартыўнай школе. СМІ называюць яго лепшым дзіцячым гандбольным трэнерам Зэльвеншчыны і адным з лепшых у краіне, паведамляе «Вясна».

У 2020 годзе Уладзімір асудзіў гвалт на выбарах і стаў адным з першых падпісантаў так званага ліста свабодных спартоўцаў.

Міхаіл Міхута. Фота: «Наша Н**а»

У Гродзенскай вобласці - новыя палітвязні

Гэта:

  • Павел Абуховіч. Яго асудзілі да прымусовага псіхіятрычнага лячэння паводле ч. 1 арт.130, 369, ч. 1 арт. 368 КК за каментары ў сацсетцы, якія змяшчаюць крытыку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, абразу былога начальніка ГУБАЗіК, намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова і Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Вясна».
  • Аляксей Багдзей. Яго асудзілі паводле ч. 1 арт.13 і ч. 1 арт. 293 КК да шасці гадоў калоніі за падрыхтоўку да арганізацыі масавых беспарадкаў — публікацыю заклікаў да звяржэння ўлады, супраціву прадстаўнікам улады, блакавання праездаў.
  • Сяргей Кірыковіч. Яго асудзілі на 4,5 гады калоніі за абразу і пагрозы ў дачыненні да Лукашэнкі, каментары ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў і распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.

Футбольнаму заўзятару далі штраф за тое, што ён не ўстаў падчас гімна

Суд Ленінскага раёна Гродна аштрафаваў на 15 базавых велічынь намесніка дырэктара аднаго з беларускіх прадпрыемстваў С. за непавагу да дзяржсімвалаў Беларусі, паведамляе MAYDAY TEAM.

Інцыдэнт здарыўся пару месяцаў таму. 25 чэрвеня ў Гродне ў рамках рэгулярнага чэмпіянату па футболе адбыўся матч паміж «Нёманам» і барысаўскім БАТЭ. Калі перад гульнёй зайграў дзяржаўны гімн, адзін з заўзятараў, як мяркуецца, прыезджай каманды, застаўся сядзець на месцы. За гэта на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.54 КаАП (незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь). Паводле банка судовых пастаноў, заўзятара пакаралі штрафам у 480 рублёў.

Гродзенца асудзілі на год калоніі за пратэстныя надпісы

19 жніўня Максіма Плятнёва ў судзе Ленінскага раёна Гродна асудзілі па арт. 341 КК «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», паведамляе MAYDAY. Дзяржабвінаваўца запытаў пакаранне ў выглядзе аднаго з паловай гадоў калоніі. Суддзя Руслан Гурын даў крыху менш — год калоніі агульнага рэжыму.

Мужчына размаляваў пратэстнымі надпісамі кіёск, тры электрападстанцыі, будынак цепласетак і дзве шматпавярхоўкі ў раёне вуліцы Пушкіна. Раней Максіма прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па так званых «народных» артыкулах. Яго прызналі палітвязнем.

Палітзняволенаму юрысту з Ліды хочуць узмацніць рэжым

25 жніўня адбыўся суд па замене юрысту Ігару Пыж’янаву пакарання на больш жорсткае. Яго збіраліся пераводзіць на турэмны рэжым. Пастанову прымаў суддзя суда Полацка і Полацкага раёна Віталь Лапко, паведамляе «Вясна». Рашэнне пакуль невядома.

Ігар Пыж’янаў - юрыст з Ліды. Да затрымання працаваў намеснікам дырэктара ў прававых пытаннях у кампаніі «Белтэкс Оптык». Раней працаваў у Лідскім РАУС, адкуль сышоў у запас капітанам. Быў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 366 КК «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі» і асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Падставай для крымінальнай справы стаў інцыдэнт падчас затрымання Пыж’янава. Юрыст адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі.

Ігар Пыж’янаў. Фота: Telegram-канал «Суды, задержания в Лиде»

Праз суд ліквідуюць грамадскае аб’яднанне «Таварыства абароны правоў спажыўцоў»

Працэс «Аб ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў» пачаўся 22 жніўня. Пазоўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Арганізацыя прапрацавала больш за 20 гадоў.

Музыкант Ігар Банцэр атрымаў новыя 15 сутак арышту

22 жніўня ў Цэнтральным судзе Мінска прайшоў другі судовы працэс над Ігарам Банцэрам паводле артыкула 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць», паведамляе Канал анархічнага Чорнага Крыжа Беларусі.

Ігар Банцэр павінен быў вызваліцца 19 жніўня пасля пятнаццаці сутак арышту. Але на волю ён так і не выйшаў. Стала вядома, што яго перазатрымалі ў дзень вызвалення па новай адміністрацыйнай справе. Выходныя ён правёў у следчым ізалятары ў чаканні чарговага суду.

Ігар Банцэр. Фота: архіў героя

Жыхара Лідскага раёна асудзілі за абразу Лукашэнкі і распаўсюд парнаграфіі

У судзе Лідскага раёна мясцовага жыхара асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжым па ч. 1 арт. 368 ч. 2 арт. 343−1 КК. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і распаўсюдзе парнаграфіі з непаўналетнімі.

Мужчына зарэгістраваў у Telegram-старонцы імя карыстальніка са словам, абражаючым Аляксандра Лукашэнку. Доступ да яго не абмежаваў - яго бачылі карыстальнікі і ўспрымалі «негатыўную ацэнку, якая прыніжае гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы».

Ён жа з мая 2020 года па красавік 2022 года стварыў у Telegram некалькі акаўнтаў. На іх ён захоўваў і распаўсюджваў нявызначанаму колу асоб больш за 300 парнаграфічных матэрыялаў з выявай заведама непаўналетніх.

У Гродне пенсіянерку асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за лайк у «Одноклассниках»

Пенсіянерку Таццяну Мацяеўскую суд Кастрычніцкага раёна Гродна асудзіў да двух гадоў «хатняй хіміі». Жанчыну прыцягнулі да адказнасці паводле ч.1 арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта).

Прычынай стаў лайк, які пенсіянерка паставіла ў «Аднакласніках» пад карыкатурай на Лукашэнку 12 жніўня 2020 года і 21 кастрычніка 2021 года. Сваю віну жанчына не адмаўляла. Але бок абвінавачання настаяў на тым, што гэта «працяглае злачынства». Маўляў, пасля таго, як жанчына паставіла лайк, карыкатура з’явілася на яе старонцы. Але пракурор выключыў гэтую характарыстыку.

Затрымалі супрацоўніка «Гроднажылбуд». Ён заклікаў калег страйкаваць

Пра затрыманне супрацоўніка «Гроднажылбуд» стала вядома 25 жніўня. У чым яго абвінавачваюць, пакуль не паведамляецца. У мужчыны ёсць сям’я — жонка і дзеці. Вядома, што яго брат падчас пратэстаў адбыў адміністрацыйны арышт — пра гэта мужчына пісаў у сацсетцы. На старонцы мужчына выступае супраць вайны ва Украіне. Там жа ў яго — фатаграфіі з страйку «Гроднажылбуд» і падтрымка пратэсту.

Мікалай Мардовіч. Скрыншот Hrodna.life

Руйнаванні працягваюцца. У Суркантах невядомыя разбурылі буйныя могілкі польскіх жаўнераў Арміі Краёвай

Раніцай 25 жніўня каля вёскі Сурканты Гродзенскай вобласці невядомыя разбурылі і зраўнялі з зямлёй могілкі жаўнераў Арміі Краёвай. Па словах відавочцаў, разбурэнне могілак нагадвае спецаперацыю — усе пад’езды да месца заблакаваны невядомымі. Мясцовых жыхароў, якія абураюцца і спрабуюць фатаграфаваць тое, што адбываецца, палохаюць зняволеннем.

Фота: glosznadniemna.pl

Расследаванне справы «Рабочага руху» скончана. Што пагражае былым стачкамаўцам «Гродна Азот»

Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі (КДБ) скончыў раследванне справы «Рабочага руху». Справу перадалі ў пракуратуру для напраўлення ў суд. Сярод фігурантаў справы ёсць гродзенцы, якія працавалі на «Гродна Азот».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024