“Свята мора” адбылося на шлюзе Дамброўка 13 жніўня. У яго межах прайшоў турнір па балотным футболе і шэсце міфічных персанажаў падводнага ўладарства, а вось спаборніцтвы па “Плаванні на абы чым” не адбыліся. Замест іх былі гонкі на катамаранах, паведаміла “Гродзенская праўда”.

На сцэне выступілі артысты Гродзенскага раёна. Вечарам адбылася танцавальна-забаўляльная праграма, а таксама пенная вечарынка. Падчас свята можна было наведаць музей гісторыі Аўгустоўскага канала, а таксама пакатацца на цеплаходзе.
Акрамя гэтага на свяце арганізавалі інтэрактыўную пляцоўку “Пабудуем Аўгустоўскі канал разам”, на якой можна было фарбаваць і усталёўваць шлюзы, будаваць лодкі і байдаркі. Таксама пляцоўку з паказам тэхнікі і сродкаў пажаратушэння арганізаваў Гродзенскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.








