У Гродне загарэўся будынак шклозавода. Паводле папярэдніх дадзеных, гарэў цеплаізаляцыйны матэрыял. Пажар тушылі пяць цыстэрнаў МНС, паведаміла «Гродна Плюс».
Вялікія клубы дыму над заводам былі бачныя з розных частак Гродна. Магчыма, прычынай моцнага задымлення стала ўзгаранне полістыролу. Цяпер на месцы працуюць спецыялісты, высвятляюцца ўсе абставіны.
Яшчэ адзін шклозавод у Гродне пачалі будаваць вясной 2021 года ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест» у Аульсе. Генпадрадчык будаўніцтва — ААТ «Гроднапрамбуд». Працы планавалі завяршыць да кастрычніка 2022 года.
Завод вырашылі будаваць для задавальнення попыту на шкляную тару і ўпакоўку як альтэрнатыву пластыку. Цяперашняе прадпрыемства ААТ «Гродзенскі шклозавод» знаходзіцца ў цэнтры горада і не можа нарошчваць вытворчыя магутнасці. Новы завод запланаваны як інавацыйная вытворчасць. Паводле планаў у ім павінна быць печ, якая зможа вырабляць 220 тонаў шкла за суткі. На новым заводзе збіраюцца вырабляць больш за 240 мільёнаў бутэлек у год. У Гродне збіраюцца вытворчасць карычневай піўной бутэлькі аб’ёмам 0,5 літра, стандартнай і палегчанай вагі.