Гродзенскаму актывісту Аляксандру Лаўрэнцьеву прысудзілі 3 гады і 4 месяцы калоніі за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады.
Прысуд палітвязню вынеслі ў судзе Ленінскага раёна Гродна 2 жніўня, паведаміў канал «Право им**т» са спасылкай на праваабаронцаў «Вясны». Лаўрэнцьева абвінавачвалі паводле арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яму прысудзілі 3 гады і 4 месяцы зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Аляксандра Лаўрэнцьева затрымалі 2 траўня 2022 года проста на працоўным месцы ў фудтраке з шаурмой побач з ГЦ «Ветразь» у Альшанцы. Затрымліваў актывіста ГУБАЗ Гродзенскай вобласці. У «прызнальным» відэа актывіст сказаў, што яго затрымалі за распаўсюд у сеціве экстрэмісцкай інфармацыі і абразу прэзідэнта. Ён прызнаў віну.
У 2020 годзе Аляксандр Лаўрэнцьеў адбываў адміністрацыйны арышт за акцыю падчас сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім. Вядомы перформансамі, у якіх удзельнічаў разам з актывістам Мікалаем Салянікам. Прасіў Трампа не даваць грошы Беларусі на барацьбу з каранавірусам. У 2019 годзе паставіў намёт перад адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Гродна, каб вырашыць жыллёвае пытанне. Пасля 2020-га некаторы час жыў за мяжой, пасля вярнуўся ў Беларусь. Лаўрэнцьеў быў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кухар-кандытар, бацька дваіх дзяцей.