На канец чэрвеня колькасць беларусаў, якія працуюць легальна і звярнуліся ў Польшчы ў Фонд сацыяльнага страхавання, склала 87 тыс. чалавек.

Беларусы — другая па колькасці група замежнікаў, якія прыязджаюць у Польшчу і легальна ўладкаваныя на працу, піша рэсурс Prawo.pl, спасылаючыся на дадзеныя Міністэрства сям'і і сацыяльнай палітыкі Польшчы. Асноўную частку працуючых там замежнікаў складаюць грамадзяне Украіны. На канец ліпеня іх было 736 тыс. чалавек. З пачаткам вайны ва Украіне масавага адтоку ўкраінцаў з уліку ў Фондзе сацыяльнага страхавання не было. За апошнія тры месяцы іх колькасць вырасла на 62 тыс. чалавек. Другая па колькасці група — грузіны. Агулам на афіцыйную працу ў Польшчы прынялі 28 тыс. грамадзян Грузіі.

Усяго ў Польшчы легальна працуюць больш за мільён замежных грамадзян. Толькі за месяц у краіну прыбылі 13 тыс. легальна аформленых на працу замежнікаў, паведаміла Міністэрства сям'і і сацыяльнай палітыкі Польшчы 9 жніўня. На канец ліпеня на пенсійнае страхаванне было заяўлена амаль 1 млн 25 тыс. замежнікаў. З канца сакавіка гэты лік вырас на 80 тыс. чалавек, з канцы чэрвеня — яшчэ на 14 тыс.

Прыязджаюць у асноўным людзі да 39 гадоў

Замежнікі, якія працуюць у Польшчы — людзі ад 25 да 49 гадоў. Большасць з іх — ва ўзросце 30−39 гадоў. Амаль 60% прыезджых — мужчыны.

Большасць замежнікаў (58,3%), якія падлягаюць сацыяльнаму страхаванню, — людзі, нанятыя па працоўнай дамове. Астатнія або заснавалі сваю кампанію, або працуюць па кантрактах ці іншых дамовах, ад якіх ёсць абавязак плаціць унёскі ў сацзабеспячэнне.

«Гэтыя людзі займаюць вельмі важнае месца на нашым рынку працы, бо яны дапамагаюць запоўніць кадравыя прабелы ў многіх галінах і тым самым спрыяюць развіццю эканомікі», — падзялілася Марлена Малонг, міністарка сям'і і сацыяльнай палітыкі. Колькасць замежнікаў у пенсійным страхаванні Польшчы перавысіла гістарычны рубеж у мільён чалавек.

Айцішнікі на старце

Сярод беларусаў-айцішнікаў больш за 44 тыс. атрымалі візы для рэлакацыі кваліфікаваных спецыялістаў з сем’ямі ад Polish business harbour (PBH). Такія звесткі мела польскае Міністэрства замежных справаў на сярэдзіну ліпеня, пісала выданне Rzeczpospolita. Пры гэтым на 10 ліпеня паводле звестак польскіх памежнікаў па іх заехала ў краіну толькі 9,5 тыс. грамадзян Беларусі.

Чытайце таксама: