Музыку і прадпрымальніка Юрыя Грыгера адпусцілі ў зале суда — з яго знялі абвінавачванні. Палітвязень Дзяніс Івашын перанёс інфекцыю ў СІЗА. Яго пачнуць судзіць 15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе. Мікалай Аўтуховіч спыніў галадоўку, але ў яго арганізме пачаліся змены. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці ў першы тыдзень жніўня.
Начальніка аддзела кадастравага агенцтва Сяргея Петрушэнку асудзілі за размяшчэнне асабістых дадзеных смаргонскіх міліцыянтаў
Мінскі гарадзкі суд пакараў палітвязня і былога начальніка аддзела Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры 6,5 гадамі калоніі. Таксама яго пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў на 5 гадоў.
Палітвязня затрымалі ў чэрвені 2021 года. Яго абвінавацілі ў дапамаганні ў садзейнічанні наўмысным дзеянням, накіраваным на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці і іншых злачынстваў. Справу разглядала судовая калегія пад старшынствам суддзі Дзіны Кучук, паведамляе «Вясна».
Затрыманні
Айцішніка з Гродна затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 года. Хлопца затрымалі прама на працы. Ён прызнаў віну. Па словах сілавікоў, яго заключылі пад варту.
Жыхара Слоніма Дзяніса Ваўчка затрымалі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў і абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК). Таксама ў жніўні-верасні 2020 года ён удзельнічаў у пратэстах у Мінску. Мужчына прызнаў віну.
Гродзенца паўторна затрымалі за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі. Ён заявіў, што не прытрымліваецца неанацысцкай ідэалогіі. Ён зноў абавязаўся звесці татуіроўкі ў бліжэйшы час. Мужчыну затрымлівалі 1 чэрвеня.
Палітвязня Уладзіміра Гундара на 6 сутак змясцілі ў карцэр
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Уладзімір Гундар адмаўляецца гаварыць пра сябе, што «схільны да экстрэмізму» падчас праверак у турме № 1 Гродна, за што яго і пакаралі карцэрам.
Васіля Дземідовіча з Нясвіжа судзяць у Гродне па шэрагу артыкулаў КК
Мяркуючы па дадзеных сайта dissident by, гэта Васіль Іванавіч Дземідовіч, 15 красавіка 1952 года нараджэння. Яму 70 гадоў. Раней ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях пратэсту. Яго ўключылі ў «спіс тэрарыстаў».
Васіля абвінавацілі па:
- 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады»;
- 391 КК «Абраза суддзі або народнага засядацеля»;
- 293 ч. 1 КК «Масавыя беспарадкі»;
- 368 ч. 1 КК «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Суддзя — Юрый Казакевіч з суда Ленінскага раёна Гродна.
Па дадзеных следства, 70-гадовы жыхар Мінскай вобласці Васіль Дземідовіч з верасня 2021 года па студзень 2022 года размяшчаў ў дэструктыўных Telegram-каналах паведамленні з абразамі прадстаўнікоў улады, у тым ліку вышэйшых службовых асоб Беларусі. Таксама ён выказваў пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўнай і судовай сістэм, пры гэтым публічна зневажаючы іх гонар і годнасць, паведамляе «Вясна».
Пенсіянер нібыта здзейсніў каля 60 фактаў злачыннай дзейнасці.
Акрамя таго, ён нібыта заклікаў грамадзян да масавых беспарадкаў. У «экстрэмісцкіх» Telegram-каналах ён нібыта шукаў людзей, гатовых здзяйсняць злачынствы, аднак не давёў свой намер да канца, паколькі быў затрыманы.
Падчас допыту абвінавачаны распавёў, што раскайваецца і шкадуе аб зробленым. Таксама дадаў, што ўсяму віной лічыць эмоцыі, якім ён паддаўся, паверыўшы інфармацыі, размешчанай на «дэструктыўных» рэсурсах.
Аляксандра Копаця з Навагрудка прызналі палітвязнем
24-гадовага хлопца накіравалі ў ПУАТ-9 Віцебска для адбыцця пакарання. Яго асудзілі на тры гады абмежавання волі за ўдзел у счэпцы падчас акцый пратэсту.
У Ваўкавыску арыштавалі шматдзетную маці
Спачатку супрацоўнікі мясцовага РАУС ламіліся да Людмілы Шрубок у кватэру каля паўночы. У гэты момант па адрасе, куды яны прыйшлі, знаходзілася толькі старэйшая дачка (Людміла разам з малодшымі дзецьмі былі па адрасе прапіскі), паведамляе Б**сат.
На наступны дзень ДАІшнікі канфіскавалі аўтамабіль Людмілы для праверкі. Пазней жанчыну выклікалі ў РАУС.
5 жніўня Людмілу змясцілі ў ІЧУ Ваўкавыска. Прычыну яе затрымання не назвалі. Усе дзеці жанчыны (19, 16 і 5 гадоў) знаходзяцца дома адны, так як муж Людмілы працуе ў Польшчы.
Раней сілавікі затрымлівалі яе за пратэсты ў дзень рэферэндуму.
Асуджаным на «хімію» сёстрам з Гродна ўзмацнілі прысуд
Гродзенскі абласны суд прызначыў новае пакаранне сёстрам, якіх раней за счэпку ў верасні 2020 года асудзілі на 3 і 3,5 года «хіміі». Цяпер іх хочуць пакараць 2 і 2,5 гадамі калоніі.
Справу разгледзелі пасля таго, як яе накіраваў Прэзідыум Вярхоўнага Суда па пратэсту намесніка Генеральнага пракурора. Раней суд нібыта не цалкам улічыў акалічнасці «злачынстваў» і далейшы ўдзел сясцёр у акцыях пратэсту.
У рэлізе не назвалі дадзеныя жанчын, але абставіны справы супадаюць са справай Надзеі Сцепанцовай і Жанны Захаркевіч. Іх абвінавачвалі ў тым, што 6 верасня 2020 года каля 13.20 на вул. Гарнавых, 10 яны прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пазней, паводле версіі пракурора, яны ўсталі ў счэпку і «сваім целам сталі выштурхоўваць супрацоўнікаў са свайго шляху», што прычыніла 11 супрацоўнікам фізічны боль і пабоі (арт. 364 КК). Сёстры збеглі ад прысуду за мяжу.
Затрыманы 17 ліпеня лідчанін Валерый Тумілевіч не выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту
Ён павінен быў выйсці на волю 27 ліпеня пасля 10 сутак арышту, аднак не выйшаў. Яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Верагодна, яго заключылі пад варту.
Валерый Алаізавіч Тумілевіч,
Палітвязень Дзяніс Івашын перанёс інфекцыю ў СІЗА. Яго пачнуць судзіць 15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе
Дзяніс Івашын падхапіў інфекцыю ў СІЗА турмы № 1 Гродна. Ён адчуў моцны боль у горле і выклікаў медыка. Той адразу прызначыў антыбіётык «Даксіцыклін». Івашын прыняў яго — і ў яго пачалася алергічная рэакцыя. Ён выклікаў мэдыка другі раз. «На шчасьце, доктар прыйшоў вельмі хутка, даў супроцьалергенны сродак, чым рэакцыю спыніў», — напісала жонка Івашына Вольга.
Цяпер Дзяніс адчувае сябе нармальна. Вольга мяркуе, што інфекцыя «ходзіць» па турме з-за антысанітарыі.
Таксама ён перастаў атрымліваць прэсу. Дзяніс Івашын з 13 ліпеня не атрымаў ніводнага выдання, на якія быў падпісаны. Адміністрацыя ў адказ на зварот паведаміла, што вырашыла «прывесці справу ў адпаведнасці з прынятымі нарматыўна-прававымі актамі», згодна з якімі зняволеныя павінны самі выпісваць сабе перыёдыку.
Адпаведныя змены ўступілі ў сілу ў снежні 2021 года. Тады адміністрацыя паведаміла вязьню, што зменаў ва ўнутраным распарадку не будзе і выпісваць выданні могуць блізкія. Але праз паўгода перадумала, паведаміла Вольга Івашына.
Дзяніс у зняволенні больш за 500 дзён.
З Юрыя Грыгера знялі абвінавачванні
Музыканта і прадпрымальніка Юрыя Грыгера адпусцілі ў зале суда. Абвінавачванні з Юрыя 3 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Гродна знялі, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Юрыя затрымалі за абразу міліцыянта, якую ён напісаў у Facebook у 2020 годзе (арт. 369 КК). Да суда ён знаходзіўся ў СІЗА. Яго прызналі палітвязнем.
Абвінавачаная па «справе Аўтуховіча» Галіна Дзербыш паскардзілася на меры спагнання ў турме № 1 Гродна
Грамадзянскую справу па заяве Галіны Дзербыш да турмы № 1 Гродна разглядалі 4 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Гродна. 26 ліпеня яе ў чарговы раз накіравалі ў карцар.
На адным з пасяджэнняў Галіна Дзербыш заявіла, што падчас следства ёй пастаянна пагражалі і прымушалі агаворваць сябе. Яна неаднаразова пісала скаргі ў пракуратуру, але не атрымала ніводнага адказу. Акрамя гэтага, яе змяшчалі ў карцэр тэрмінам на 10 сутак, там не давалі неабходных лекаў, таму яна некалькі разоў губляла прытомнасць.
Вынікі разгляду скаргі пакуль невядомыя.
Фігуранты «справы Аўтуховіча» заявілі пра пагрозу іх жыццю і здароўю
З турмы яны перадалі адпаведны зварот. Яго падпісалі Уладзімір Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер, паведамляе BPN.
«Мы заяўляем аб рэзкім узмацненні фізічнага і псіхалагічнага ціску на большасць абвінавачаных па крымінальнай справе № 20 125 030 489 (т.зв. „справа групы Аўтуховіча“). Відавочны поўны развал абвінавачвання, і сістэме не застаецца нічога іншага, як узмацніць рэпрэсіі», — гаворыцца ў дакуменце.
Падсудныя прынялі рашэнне назваць імёны людзей, якіх яны лічаць вінаватымі ў гэтым:
- палкоўнік КДБ Варанецкі А. І.,
- следчыя Церашонак П. Д., Галавач А. Е., Лаўранчук, Герасімовіч,
- суддзя Філатаў,
- пракуроры Рабаў В., Герасіменка Л.
- начальнік турмы № 1 Казакоў П. І., намеснік начальніка турмы Станеўскі С. М.,
- начальнік рэжымнага аддзела Коршунаў В. В.
У Беларусі заблакавалі доступ да партала Польскага радыё
Матэрыялы Беларускай службы Радыё застаюцца даступнымі ў Беларусі праз VPN, а таксама ў радыёэфіры. Раней яго прадукцыю прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Былую загадчыцу кавярні «Хотфікс» і маці пецярых дзяцей з Гродна асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту
26 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Іну Шырокую вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», прысудзіўшы да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Іну затрымалі ў красавіку і пратрымалі ў СІЗА-1 да суда 145 дзён, паведамляе «Вясна». Дома ў яе засталося трое непаўналетніх дзяцей.
На выбарах-2020 яна прагаласавала за Лукашэнку. Але ўвечары пасля абвяшчэння вынікаў АМАП затрымаў і збіў яе 18-гадовага сына Мікіту. Пасля заявы ў міліцыю з нагоды нападу на сына, якое не дало ніякіх вынікаў, Іна пачала хадзіць на акцыі пратэсту.
Аўтуховіч спыніў сухую галадоўку
Мікалай Аўтуховіч, які з 11 ліпеня трымаў сухую галадоўку, 2 жніўня папіў гарбаты. Пра гэта сваякам вязня паведаміла адміністрацыя СІЗА гродзенскай турмы.
Праўладныя каналы сцвярджаюць, што Мікалай Аўтуховіч піў сок і падчас «сухой галадоўкі». На думку Telegram-канала «ЖС Premium», Мікалай скарыстаўся для гэтага сляпой зонай відэакамеры, якая ў яго камеры. Дата на відэа — 28 ліпеня. Па паведамленнях сваякоў, Мікалай папіў гарбату 2 жніўня, галадоўку ён абвясьціў 11 ліпеня.
Мікалая вярнулі на судовы працэс 8 жніўня пасля таго, як выдалілі за «сістэмныя парушэнні». Медыкі адзначылі, што нібыта Мікалай прымаў за гэты перыяд «нейкую колькасць вады і вугляводаў» — пра гэта сведчаць даследаванні аналізаў. Сам жа Мікалай заявіў, што не згодны з заявай медыкаў.
«27 ліпеня быў узяты аналіз, які праз чатыры дні паказаў, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканіны нырак. Маё здароўе цалкам падарвана», — паведамляе «Вясна» словы палітвязня.
Затрымалі гродзенскага музыку Ігара Банцэра
Гродзенскага музыку і актывіста Ігара Банцэра затрымалі 4 жніўня. Затрымліваў музыку ГУБАЗіК ці КДБ, удакладнілі яго сваякі. Жалезныя дзверы ў кватэры Банцэра выламалі, музыканта завезлі ў Мінск. Падчас затрымання музыкант знаходзіўся ў кватэры адзін.
Праўладныя Telegram-каналы паказалі відэа затрымання Ігара Банцэра. Са слоў сілавікоў, у дачыненні да яго могуць узбудзіць крымінальную справу па арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».
«З жанчынамі ў нас не ваююць?» Яўгенія Доўгая аб тым, як і навошта рабіць бачным жаночы ўклад у пратэсты
«З 2020 года я ўчытвалася ў гісторыі жанчын і думала, як бы гэта ўсё аформіць. Разумееце, у нармальных краінах ёсць свае жаночыя нейкія фонды, якія фіксуюць і робяць бачнымі жанчын, якія пацярпелі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. Я упэўненая, што нас гэта таксама чакае. Але пакуль вырашыла збіраць гісторыі, думаю пра кнігу», — распавяла для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» Яўгенія Доўгая.