На наступных выхадных, 13 жніўня, гродзенцы змогуць выбраць мерапрыемства для невялікага падарожжа. У аграгарадку Капцёўка пройдзе “Свята вяндліны”. Там гасцей абяцаюць накарміць і навучыць вэнджанню рыбы і мяса. У той жа дзень на Аўгустоўскім канале чакаюць заплывы на чым заўгодна, балотны футбол і пенная вечарынка на “Свяце мора”.

“Свята вяндліны” ў Капцёўцы

У Капцёўцы “Свята вяндліны” зладзяць на падворку прыдуманага персанажа свята – Копціча. Там будуць вучыць майстэрству вэнджання рыбы і мяса, раскажуць пра гісторыю і культуру аграгарадка і пачастуюць традыцыйнымі прысмакамі. У час урачыстага адкрыцця адбудзецца ўшанаванне заслужаных жыхароў Капцёўскага сельсавета.

У праграме свята запланаваны канцэрт калектываў аматарскай творчасці з клубаў Гродзенскага раёна, майстар-класы, анімацыйныя і гульнявыя праграмы для дзяцей і дарослых, выстава-продаж харчовых тавараў і сувеніраў. Свята ў Капцёўцы ладзяць ужо шмат гадоў.

свята вяндліны коптевка праздник
“Свята вяндліны” ў 2017 годзе. Фота: “Перспектыва”

Аграгарадок знаходзіцца ў 14 км ад Гродна ў бок Індуры. Дабрацца можна аўтобусам з гродзенскага аўтавакзала ці ўласным аўто. Акрамя свята, там можна паглядзець Успенскую царкву 1865 года пабудовы, касцёл Узнясення Дзевы Марыі 1936-39 гг. і капліцу пры ім.

“Свята мора” на Аўгустоўскім канале

“Свята мора” 13 жніўня зладзяць на шлюзе Дамброўка, піша “Перспектыва”. Там абяцаюць мноства лакацый з конкурсамі, квэст-гульнямі, гульнявымі і інтэрактыўнымі праграмамі.

Усе ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у чэмпіянаце па балотным футболе і «Плаванні на чым заўгодна». Апошняе называюць абласным спартыўным святам.

На галоўнай сцэне выступяць артысты Гродзенскага раёна, а ўвечары чакае танцавальна-забаўляльная праграма і пенная вечарынка.

Падчас свята будзе працаваць зона фудкорта. Таксама можна будзе наведаць музей гісторыі Аўгустоўскага канала або пакатацца на цеплаходзе.

Абедзьве імпрэзы ўваходзяць у спіс брэндавых імпрэзаў Гродзенскага раёна.

Чытайце таксама: