Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко сышоў у адстаўку. Прычынай стала дасягненне гранічна дапушчальнага для працы на дзяржслужбе ўзросту, паведаміў Telegram-канал «Пул Первого». Тым не менш Дзяшко застанецца працаваць у будаўнічай галіне. Ён 13 гадоў кіраваў «Гроднапрамбудам», 9 гадоў - «Гроднаграмадзянпраектам», два гады быў намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва, а апошнія 11 гадоў адказваў за ўсё будаўніцтва ў Гродзенскай вобласці.

Уладзімір Дзяшко працягне ўдзельнічаць у рэалізацыі найбольш значных будаўнічых праектаў у Гродзенскім рэгіёне. Яго новую пасаду пакуль не называюць. Таксама пакуль невядома, хто зойме яго месца ў Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце.

Старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік уручыў Дзяшко ганаровую грамату за яго працу ў органах дзяржаўнага кіравання і высокі прафесіяналізм.

Уладзімір Дзяшко кіраваў будаўнічым комплексам Гродзенскай вобласці, у тым ліку вытворчасцю будматэрыялаў. Таксама ён адказваў за будаўніцтва і рэканструкцыю дарог, пытанні сувязі і інфарматызацыі, транспарту і камунікацыі, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі, за перапрацоўку другаснай сыравіны і нават за надзвычайныя сітуацыі. Дзяшко каардынаваў дзейнасць арганізацый адпаведных міністэрстваў і ведамстваў.

Уладзімір Дзяшко лічыў Польшчу другім па значнасці знешнегандлёвым партнёрам Гродзенскай вобласці.

Кіраваў «Гроднапрамбудам» і Грамадзянпраектам, быў намеснікам міністра архітэктуры

Уладзімір Дзяшко нарадзіўся 2 ліпеня 1957 года ў вёсцы Наваселле Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». З 1979 года працаваў майстрам будаўнічага ўпраўлення, прарабам, а пасля галоўным інжынерам «Гроднапрамбуда».

З 1987 па 2000 год Дзяшко быў дырэктарам ААТ «Гроднапрамбуд». З 2000 па 2002 год — намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі.

У 2002−2011 гадах Уладзімір Дзяшко працаваў дырэктарам Інстытута «Гроднаграмадзянпраект». Пад яго кіраўніцтвам арганізацыя атрымлівала дыпломы і прызы на міжнародных конкурсах, рэалізавала многія значныя праекты. Сярод іх — рэканструкцыя Старога моста ў Гродне, будаўніцтва энергазберагальнага «разумнага дома», аб’язной магістралі, новага корпуса кардыялагічнага дыспансера, рэканструкцыі кінатэатра «Гродна» і былога Дома культуры будаўнікоў, будынка дзіцячай абласной бальніцы, рэканструкцыя спартыўнага комплексу «Нёман». Жылы комплекс для вайскоўцаў у Росі атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі, сярэбраны медаль Сусветнага трыенале архітэктуры ў Балгарыі і трапіў у энцыклапедыю архітэктурных твораў сусветнага дойлідства ХХ стагоддзя.

Са снежня 2011 года Дзяшко стаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

караник дешко мост
Уладзімір Дзяшко (справа) на рэканструкцыі Усходняга моста ў Гродне. Фота: sb.by

Уладзімір Дзяшко — ганаровы будаўнік Рэспублікі Беларусь і ганаровы грамадзянін Гродна. Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2015), медалём «За працоўныя заслугі» (2015).

Чытайце таксама: Объездная магистраль вокруг Гродно определит развитие города на 50 лет