На Грандзіцкім рынку ў Гродне па вул. Максіма Горкага, 55 прадаюць краму, не менш за шэсць гандлёвых павільёнаў і шэраг іншых збудаванняў. Аб’екты на аўкцыёне прадаюцца без умоў. Ён адбудзецца 20 ліпеня.

Прадае аб’екты Гродзенскае абласное спажывецкае таварыства філіял «Цэнтральны рынак». Аб’екты займаюць плошчу 0,8688 га і прызначаны для абслугоўвання рынку.

Умоў куплі для новага ўласніка не прадугледжана. Аднак у аб’яве падкрэслілі, што ёсць абцяжаранні ў выглядзе арэнды павільёнаў і месцаў для гандлю.

Арганізатар аўкцыёну – Гродзенскі філіял РУП “Інстытут нерухомасці і ацэнкі”. Упершыню рынак паспрабавалі прадаць яшчэ ў красавіку 2021 года. Заяўкі прымаюцца да 15.00 18 ліпеня. Пачатковы кошт складае 1 397 844 рублёў. Сума задатку – амаль 140 000 рублёў.

Водгукі розныя

Водгукі аб рынку ёсць як станоўчыя, так і негатыўныя. “Стары рынак, але вельмі неабходны ў гэтай частцы горада. На рынку можна набыць некаторыя тавары, якія больш не купіць нідзе ў горадзе, добры час працы і зручнае размяшчэнне”, – пісала карыстальніца сайта firmi.by.

“Кошты завышаныя ледзь ці не ў двое. Асабліва на абутак. Аналагічныя тавары на Скідзельскім рынку нашмат танней. На крытым рынку мяса не вельмі прыемнага выгляду. Поўны адстой. Не рэкамендую. Лепш выдаткаваць на праезд у грамадскім транспарце і з’ездзіць на Скідзельскі”, – лічыць іншая гараджанка.

Рынак раней

У Грандзіцкага рынку ў 60-я была свая спецыялізацыя – гандаль рэчамі, у асноўным паношанымі. “Але паступова асноўным відам прадаваных і набываных там тавараў сталі новыя рэчы, як правіла, легальна альбо часцей нелегальна прывезенымі з Польскай Народнай Рэспублікі.

Было ў рынку і другая назва – “таўкучка”. Гэта ад таго што, ладна ня патаўкаўшыся, нічога там не купіш. Гандаль вёўся ў выходныя дні, і было такое адчуванне, што ўвесь горад збіраўся на гэтым невялікім пятачку папіхацца”, – узгадваў краязнаўца Віктар Саяпін